Зводская сядзіба — колішняя сядзіба ў в. Малыя Зводы Брэсцкага раёна.

Гісторыя У 1862 годзе мясцовы маёнтак перайшоў Браніславу Гутоўскаму. Зямельныя ўладанні маёнтка (Вялікія і Малыя Зводы) у 1890 годзе складалі 709 дзесяцін. Гутоўскія валодалі маёнткам да 1939 года. Апошнім уладальнікам быў Уладзіслаў.

Архітэктура Сядзіба плошчай 7 га закладзена ў 1875 годзе на роўнай плоскай мясцовасці. У ансамбль уваходзілі таксама сажалкі, карэтная, свіран, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Пабудовы сядзібнага ансамбля дом, карэтная, свіран — размешчаліся па абодва бакі цэнтральнай уязной алеі. Сядзіба — помнік эклектычнай архітэктуры, якая адлюстроўвае пошук новай вобразнасці на аснове асіметрыі і звароту да стыляў мінулага — готыкі, рэнесансу.

Сядзібны дом

Палац меў арыгінальную архітэктуру, быў збудаваны ў нерэгулярным плане. Асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя двухпавярховага сядзібнага дома грунтуецца на Т-падобнай канфігурацыі плана. Галоўны фасад фланкіраваны рознавялікімі адна- і двухосевым рызалітамі. Паўднёва-ўсходні рызаліт завершаны зубчастым двухгранным шчыпцом (матыў гатычнай архітэктуры); процілеглы аднавосевы — пакатым чатырохсхільным дахам на фігурных кранштэйнах. Прамавугольныя і арачныя вокны дэкараваны плоскімі сандрыкамі. Цэнтральны ўваход аформлены тэрасай на 4 канеліраваных пілонах. Падобная тэраса на 2 слупах вылучае і бакавы службовы ўваход. Планіроўка першага паверху анфіладная. Цэнтральнае месца ў ім займае вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. Паверхі звязвала і вітая лесвіца дваровага пяціграннага эркера. На другім паверсе размяшчаліся парадная зала, гасціныя і кабінеты. Бакавое крыло мае калідорную планіроўку, тут знаходзіліся кухня і службовыя памяшканні.

Рэканструяваны ў 1971 годзе. Руіны будынка (сцены) разабраны ў 1995 г.

Гаспадарчыя пабудовы

Службовыя цагляныя пабудовы вырашаны ў формах архітэктуры сядзібнага дома. Карэтная — аднапавярховы прамавугольны (24×12 м) у плане аб’ём пад двухсхільным дахам з рытмічным чаргаваннем аконных праёмаў. Свіран двухпавярховы, фасады расчлянёныя буйнымі лапаткамі, вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставанай ліштве і ўмацаваны вуглавымі контрфорсамі.

Парк

У 1890 годзе парк быў перапланаваны па праекце архітэктара . Яе пабудова, падобная да некаторых іншых эклектычных сядзіб, своеасаблівая. Сядзіба перасякаецца алеяй. Уздоўж яе з двух бакоў размяшчаецца невялікі пейзажны парк. Парк грунтоўна абследаваў і апісаў А. Т. Федарук. З усходняга боку да парку прылягае сад, акружаны прагулачным маршрутам. Сядзібны дом не з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Будынак быў зрушаны з галоўнай восі і размяшчаўся з усходняга боку алеі, перад вадаёмам.

У парку добра праглядаюцца асноўныя элементы кампазіцыі. Найбольш цікавая маляўнічая паляна, абсаджаная экзатычнымі пародамі. З паляны адкрываецца перспектыва на вялікую сажалку з востравам. У якасці куліс выкарыстоўваюцца веймутавы хвоі з елкамі.

Захавалася цэнтральная ўязная алея, якая праходзіць паміж сажалкамі. За сядзібным домам размешчаны пейзажныя кампазіцыі. Аснову іх складае вялікі (да 50 м у дыяметры) круг з ліпавай абсадкай, які падкрэсліваўся кветкамі ў цэнтры.

Нягледзячы на даўнасць часу, добра захаваўся дрэвастой з клёну, ліпы, белай акацыі, рэдкіх экзотаў, якія растуць купамі альбо ў выглядзе салітэраў (хвоя чорная аўстрыйская, ліпа крымская, бук). Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца два букі вышынёй да 22 м, якія мяняюць афарбоўку ад зялёнай вясной, да цёмна-чырвонай летам і да залаціста-бронзавай восенню. На тэрыторыі парку размешчана школа-інтэрнат.

Адзіночнымі асобінамі прадстаўлены лістоўніцы, хвоя чорная, ліпа крымская, . Разрасліся рабіннік, , . Асабліва каштоўнай раслінай парку з’яўляецца (два дрэвы). Дрэвы вылучаюцца добрымі таксацыйнымі паказчыкамі (вышыня 19—22 м, дыяметр ствала 85—102 см) і высокай дэкаратыўнасцю — у вяснова-летні перыяд лісце мае цёмна-пурпурна-чырвоную афарбоўку.

Частка парку на захад ад цэнтральнай алеі значна зменена ў сувязі з будаўніцтвам школы-інтэрната.

Да пейзажнай часткі далучаны сад з прагулачным маршрутам, які пачынаецца ад партэра ў выглядзе каштанавай алеі шырынёй 4 м. Затым дарога выходзіць на ліпавую алею паміж садам і паркам. Уздоўж каштанавай алеі на адлегласці 7 м цягнецца роў, а перад ім вал. Па вале ідзе засцерагальны рад дрэў. Падобны прыём адзначаўся ў невялікіх рэгулярных парках у Літвінках, Серкаўшчыне і інш. Алея атачае сад з трох бакоў. Агульная даўжыня алей больш за 600 м.

Па краі парку з боку ўезду спланавана невялікая водная сістэма. Два маляўнічыя вадаёмы рознай формы і велічыні размешчаны з двух бакоў алеі, фіксуючы ўезд. Вада ў іх паступала з сядзібы па неглыбокіх дрэнажных каналах. Сістэма разладжана, драўляны масіў, па якім яна праходзіць, здзічэў. У мінулым яго ўпрыгожвалі іншаземныя віды раслін. Адзіночна растуць хвоя веймутава, бук, язмін, снежнаягаднік, ясень з мудрагелістым галінаваннем ствала ў выглядзе сядушкі, старыя аднаметровыя ў дыяметры вербы ломкія.

Парк з якасным дрэвастоем, наборам рэдкіх іншаземных відаў з’яўляецца сядзібай школы-інтэрната.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія сядзібы Беларусі Катэгорыя:Сядзібы Брэсцкага раёна Катэгорыя:Малыя Зводы Катэгорыя:Гутоўскія