Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла — колішні каталіцкі храм у вёсцы Камень Валожынскага раёна. Стаяў каля дарогі з Івянца на Налібакі, на беразе ракі Каменка.

Гісторыя

Першы касцёл у пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1451 г. як фундацыя кашталяна віленскага С. Гедыголдавіча. На яго месцы ў 1522 годзе ўладальнікі мястэчка Замбжэзінскія фундавалі фарны касцёл. Наступныя ўладальнікі Белазёры на яго рэштках у 1679 г. пабудавалі драўляны касцёл. Аднаўляўся ў 1848 і 1897 гг. Спалены ў 1944 г. Захавалася агароджа.

У 1991 годзе пабудаваны новы касцёл пад тым жа тытулам.

Архітэктура

Твор народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Быў вырашаны прамавугольным у плане 3-нефавым аб’ёмам пад высокім двухсхільным дахам з вальмай над апсідай. Па баках выступалі ніжэйшыя крылы трансепта. Галоўны фасад фланкіравалі чатырохгранныя вежы, завершаныя двух’яруснымі шатрамі з выцягнутымі цыбулепадобнымі купалкамі; такі ж купалок завяршаў цэнтральны трохвугольны франтон. Вертыкальна ашаляваныя бакавыя фасады чляніліся здвоенымі арачнымі вокнамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Інтэр’ер упрыгожвалі 5 барочных алтароў з гіпсавымі скульптурамі.

Перад храмам стаяла драўляная двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца: ніжні ярус зрубны з арачным уваходным праёмам, другі — адкрыты каркасны.

Святары 1897—1902 — Пётр Янавіч Януковіч; 1903—21? — Ян Міхайлавіч Зарака-Заракоўскі; 1906 — Пётр Грыб; 1907 — Люцыян Шчэрба; 1922—25? — Баляслаў Цехановіч; 1926—34? — Юльян Лаўрыновіч; 1936—41? — Казімір Рыбалтоўскі; 1941?—43? — Леапольд Аўліх; 1947—48? — Вацлаў Янавіч Пянткоўскі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Камень (Валожынскі раён) Катэгорыя:Згарэлыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе Катэгорыя:1679 год у Еўропе Катэгорыя:З’явіліся ў 1679 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі