Беразве́чча — былое мястэчка, у наш час паўночная частка горада Глыбокае ў Віцебскай вобласці Беларусі.
Знаходзіцца паміж азёрамі Вялікае, Падлужнае і Мушкацкае.
Гісторыя Беразвечча ўпершыню згадваецца ў 1519 годзе, як адно з паселішчаў, якое ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім атакавала конніца ваяводы Васіля Шуйскага.
Крыніцы XVI стагоддзя пішуць пра Беразвечча як пра вялікае мястэчка (40 мяшчанскіх двароў у 1552 годзе), дзе былі рынак і карчма. Таксама ў Беразвеччы быў двор Корсакаў і царква святога Міхала.
У далейшым Беразвечча траціць сваё гандлёвае значэнне на карысць суседняга Глыбокага. У 1638 годзе ваявода мсціслаўскі Іосіф Корсак піша тастамент, у якім загадвае перадаць свой маёнтак Беразвечча айцам базыльянам, якія мусяць заснаваць там царкву і кляштар. Базыльяне займаюць Беразвечча ў 1643 годзе пасля смерці Корсака. Першым беразвецкім архімандрытам становіцца айцец Гаўрыіл Календа, пазнейшы полацкі архіепіскап, мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі.
У 1756—1763 гадах базыльяне будуюць у Беразвеччы новую мураваную царкву Нараджэння Маці Божай, якую даследчыкі архітэктуры лічаць найбольш дасканалым творам віленскага барока, а таксама мураваны кляштарны корпус, які захаваўся да нашага часу. Аўтарам праекта быў Ян Тобія Дыдэрштэйн.
У 1773 годзе базыльяне засноўваюць 6-класную школу з высокім, як на той час, узроўнем адукацыі. У школе вывучалі права, фізіку, матэматыку, рыторыку, нямецкую, французскую, царкоўнаславянскую і лацінскую мовы. Вучнямі школы былі пераважна дзеці навакольнай шляхты ды ўніяцкіх святароў.
Пасля роспуску Ордэна базыльян кляштар і касцёл у 1839 годзе перайшлі да праваслаўнай царквы.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе Польшчы, Дзісенскі павет Віленскага ваяводства. У Беразвеччы, у былым кляштары, размяшчаўся вайсковы гарнізон, да якога належала сядзіба палка Корпуса аховы памежжа «Глыбокае».
У гэты перыяд на былых землях кляштара заснаванае доследнае поле ільнаводства, пры якім пабудаваныя два будынкі ў закапанскім стылі.
Другая сусветная вайна Пад час паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь занята 17 верасня 1939 года. З 1939 года ў складзе БССР. У будынку былога кляштара створана следчая турма НКУС.
Пасля ўварвання Трэцяга Рэйху ў СССР НКУС заняўся ліквідацыяй турмы (гл. Турэмныя расстрэлы НКУС, 1941). Некалькі сотняў чалавек ліквідавалі ў манастыры, а астатніх некалькі тысяч павялі паходнай калонай (па дванаццаць чалавек у шэраг, даўжыня калоны каля 1500 м) у кірунку Полацк — Віцебск. Пасля выхаду Чырвонай Арміі з Беразвечча сяляне дабраліся да турмы, целы забітых ляжалі ў пустых ямах за кляштарам. Калона вязняў (без ежы і пітва) пакідала целы на «дарозе смерці». Вязні былі ліквідаваны за Дзвіной каля калгаса Таклінава (цяпер вёска Мікалаева, каля Улы) 25 або 26 чэрвеня 1941 года. Пасля налёту нямецкага самалёта калона палонных на дарозе была абстраляна з кулямётаў.
З верасня 1941 года кляштар выкарыстоўваўся немцамі як лагер для савецкіх ваеннапалонных.
Непадалёк ад Беразвечча, у паўднёвай частцы ляснога ўрочышча «Барок», на заходнім беразе Вялікага возера, нямецкія акупанты расстрэльвалі цывільнае насельніцтва.
Сярод іх былі расстраляныя 4 сакавіка 1942 г. кс. Мечыслаў Багаткевіч; кс. Уладзіслаў Мацьковяк; кс. Станіслаў Пыртак.
Расстраляны 4 ліпеня 1942 г.:
байцы Арміі Краёвай; кс. Баляслаў Маціеўскі (1897—1942), пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах; кс. Рамуальд Дроніч (1897—1942), пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце; кс. Адам Масюляніс (1911—1942), пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Лужках; кс. доктар Антоній Скорка (1888—1942), пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Варапаеве; а. Уладзіслаў Вячорак (1903—1942), салезіянін з парафіі Імя Марыі ў Параф’янаве. Таксама ва ўрочышчы «Барок» расстрэльвалі габрэяў з Глыбоцкага гета.
Памерлых ваеннапалонных хавалі ў паўночнай частцы ўрочышча «Барок», каля возера Падлужнага.
Пасляваенны час У 1949—1955 гадах святыня ў Беразвеччы была разабраная на цэглу па рашэнні мясцовых уладаў.
Пасля Другой сусветнай вайны польскія вайсковыя могілкі жаўнераў 19-га Валынскага кавалерыйскага палка, загінулых у польска-савецкай вайне, зруйнаваны, на іх месцы пабудаваны жылыя дамы для супрацоўнікаў турмы. Ацалелыя фрагменты надмагільных пліт выкарыстаны для стварэння лапідарыя, размешчанага побач з магіламі польскіх жаўнераў на Копцеўскіх могілках.
У 1960 годзе Беразвечча было далучана да Глыбокага.
Будынак кляштара да цяперашняга часу выкарыстоўваецца як папраўчая калонія №13.
З верасня 2004 года дзейнічае жаночы праваслаўны манастыр св. Архангела Міхаіла, які працягвае традыцыю беразвецкага манастыра, што існаваў у пачатку ХХ стагоддзя.
Насельніцтва
1921 год — 84 чалавекі, 19 дамоў (перапіс); у тым ліку 38 каталікоў, 37 праваслаўных, 9 іўдзеяў; з іх запісаны як палякі — 74, яўрэі — 9, рускія — 1. 1931 год — 369 чалавек, 11 дамоў.
Вернікі належалі да рымска-каталіцкай Глыбоцкай парафіі і праваслаўнага Галубіцкага прыходу.
Ушанаванне памяці
На месцы пахавання савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных у паўночнай частцы ўрочышча Барок у савецкі час быў пастаўлены помнік. У 1990-я гады на яго месцы пры падтрымцы Італіі быў збудаваны мемарыяльны комплекс.
Злева ад увахода, на каменнай пліце, — надпіс на беларускай мове: «Пахаваны целы больш за 27 тысяч ваеннапалонных Беразвецкага лагера смерці і каля 200 італьянскіх салдат, расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1941—1944 гг. тут». На галоўнай алеі 27 камянёў — кожны з іх сімвалізуе тысячу забітых.
На месцы расстрэлаў цывільнага насельніцтва і каталіцкіх святароў у паўднёвай частцы ўрочышча Барок у 2002 годзе намаганнямі Рады аховы памяці змагання і пакутніцтва быў усталяваны помнік у гонар расстраляных тут палякаў.
13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў траіх каталіцкіх святароў, расстраляных ва ўрочышчы Барок: Мечыслава Багаткевіча, Уладзіслава Мацьковяка і Станіслава Пыртака.
Ва ўрочышчы «Барок» ёсць два помнікі на масавых магілах габрэйскага насельніцтва.
На месцы масавага расстрэлу вязняў беразвецкай турмы НКУС у Мікалаёве ў 1990-я гады пастаўлены помнік.
Згадка пра Беразвечча ёсць на помніку палеглым і забітым на Усходзе на вуліцы Муранаўскай у Варшаве.
У 1990-я гады ў Беластоку быў збудаваны касцёл Уваскрасення Пана, узорам для якога была страчаная святыня ў Беразвеччы. Пры ўваходзе ў святыню знаходзяцца барэльефы з выявамі благаслаўлёных святароў Мечыслава Багаткевіча, Уладзіслава Мацьковяка і Станіслава Пыртака.
Вітражы з выявамі гэтых святароў ёсць таксама ў архікатэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Былыя населеныя пункты Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Халакост у Беларусі Катэгорыя:Старонкі з недагледжанымі перакладамі Катэгорыя:Глыбокае