Зварот супраць рэпрэсій, поўная назва Адкрыты ліст вучоных супраць рэпрэсій — адкрыты зварот беларускай навуковай супольнасці, які стаў рэакцыяй на шэраг звальненняў супрацоўнікаў з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук пасля падзей жніўня 2020 года. Зварот апублікаваны ў канцы лістапада 2020 года

Тэкст звароту Мы, прадстаўнікі акадэмічнай навукі Рэспублікі Беларусь, выражаем сваю занепакоенасць шэрагам звальненняў з інстытутаў Акадэміі навук супрацоўнікаў, якія актыўна прымаюць удзел у грамадскім жыцці краіны ў цэлым і Акадэміі навук у прыватнасці.

У апошні час стала вядома аб непрацягненні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных вучоных Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія найбольш актыўна прымаюць удзел у рабоце прафсаюза (на самой справе абараняюць правы супрацоўнікаў). У цяперашні час, калі дзейнасць прафсаюзаў прызнана дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўным.

Асаблівую трывогу выклікае тое, што вучоныя, у тым ліку з Інстытута гісторыі і Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі, атрымалі паведамленнні аб непрацягненні кантрактаў у хуткім часе пасля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспертныя заключэнні па пытаннях, што найбольш востра хвалююць сёння беларускае грамадства. Рэпрэсіі ў адносінах да вучоных, якія выконваюць свае прамыя прафесіянальныя і грамадскія абавязкі, недапушчальныя!

Важна адзначыць, што пацярпелыя ад падобных рэпрэсій вучоныя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, добрую рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сферы. Спіс рэпрэсіраваных дадаецца да гэтага ліста і, на жаль, пастаянна папаўняецца.

Агучаныя фармальныя падставы звальнення супрацоўнікаў выклікаюць у нас абгрунтаваныя сумненні. Мы ўпэўненыя, што страта дадзеных навуковых кадраў выкліча заўважнае зніжэнне якасці даследаванняў па напрамках, якія развівалі вучоныя з прыкладзенага спісу. Тым больш што многія тэмы даследаванняў уяўляюць сёння істотны інтарэс для беларускага грамадства і дзяржавы. Апрача гэтага, абставіны падобных звальненняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер вучоных да кіраўніцтва і ствараюць негатыўную працоўную атмасферу.

Мы заклікаем кіраўніцтва Акадэміі навук і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску на вучоных, заклікаем адшукаць магчымасць працягнуць кантракты пералічаным ніжэй супрацоўнікам.

Спіс рэпрэсіраваных

Сяргей Бесараб (Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі) Кацярына Крывічаніна (Інстытут гісторыі) Аляксей Шаланда (Інстытут гісторыі) Мікалай Волкаў (Інстытут гісторыі) Уладзімір Шыпіла (Інстытут гісторыі) Андрэй Радаман (Інстытут гісторыі) Аляксандр (Алесь) Жлутка (Інстытут гісторыі) Таццяна Папоўская (Інстытут гісторыі)

Тэкст звароту быў прадубліраваны на англійскай, рускай, партугальскай і нямецкай мовах. Станам на снежань 2020 года зварот падпісалі 831 чалавек. Ніякай афіцыйнай рэакцыі на Зварот ад кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і дырэктараў навукова-даследчых інстытутаў, дзе працавалі звольненыя супрацоўнікі, не з’явілася.

Гл. таксама

Відэазварот беларускіх навукоўцаў Зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту

Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Адкрытыя звароты Беларусі Катэгорыя:Адкрытыя лісты