Міхаіл Міхайлавіч, свецкае імя не вядома (да 1315 — пасля 1330) — князь друцкі.
Сын друцкага князя Міхаіла Данілавіча. Згаданы ў 1330 годзе як «князь Міхаіл Друцкі» ў запісках кіеўскага мітрапаліта Феагноста, якому падарыў сярэбраны каўкій (царкоўную пасудзіну)Приселков М. Д., Фасмер М. Р. Отрывки В. Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV века // Известия Отделения русского языка и словесности императорской Академии Наук. 1916. Т. 21. Кн. 1. — С. 58.. У канцы XV ст. запісаны ў памяннік Кіева-Пячэрскай лаўры як родзіч кіеўскага ваяводы князя Дзмітрыя Пуцяціча, спіс пачынаецца з «князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна…», у пераліку няма ні братоў бацькі Дзмітрыя Пуцяціча, ні братоў яго дзеда, відавочна, пададзена толькі простая лінія продкаў князя па мячы.
У рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, Аляксандр Белы выказаў думку тоеснасці князя Міхаіла Друцкага з 1330 года і князя Міхаіла Нарымонтавіча. Аднак, Юзаф Вольф у свой час вывеў асобу Міхаіла Нарымонтавіча толькі з імя па бацьку пінскага князя Васіля Нарымонтавіча ў дакуменце 2-й паловы XVI ст. з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы — «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого», — а з крыніц Міхаіл Нарымонтавіч не вядомы. Да «выпісу» шэраг крыніцазнаўчых пытанняў быў яшчэ ў Яна Тэнгоўскага, які лічыў яго фальсіфікатам, а на думку Аляксандра Грушы фундацыйная грамата калі не фальсіфікат, то змешвае звесткі некалькіх ранейшых дакументаў і імёны некалькіх фундатараў у адно. На думку Тэнгоўскага і Грушы, асоба пінскага Міхаіла Нарымонтавіча ўяўная. Да таго ж, як заўважыў Андрэй Кузьмін, імя па бацьку князя Міхаіла Друцкага, згаданага ў 1330 годзе, напэўна, было Міхайлавіч або меней імаверна Данілавіч, тым часам як Нарымонт у хрышчэнні быў Глебам.
Меў прынамсі двух сыноў — Васіля і Дзмітрыя.
Літаратура
Катэгорыя:Друцкія