Нацыяна́льны маста́цкі музе́й Рэспу́блікі Белару́сь — найбуйнейшы музей мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
Размешчаны ў Мінску на вул. Леніна 20-22.
Гісторыя
Даваенны перыяд Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 — згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, былой Мінскай жаночай гімназіі. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.
Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі звезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI-XIХ стст.
Напачатку 1941 фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі.
Страты ў час вайны З пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезці не паспелі. Акупаваны Мінск наведвалі Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, упаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх землях. Наведалі Мінск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Каля 170 найлешпшых твораў рускага і заходнееўрапейскага мастацтваА. А. Гужалоўскі. Музеі Беларусі ў час нямецкай акупацыі (1941—1944) былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо «каштоўныя палотны, мэблю XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту».
Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасць вопісаў. У «Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў» 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 — заходнееўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімнім палацы, 60 ікон XVI—XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расійскага фарфору, 800 — заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 «посцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
Пасляваенны перыяд Пасля вайны ў Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у РСФСР (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа). Некаторыя працы былі знойдзены ў Мінску («Шахцёр з лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).
Другі этап гісторыі музея звязаны з самаахвярнай дзейнасцю заслужанай дзеячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 Алены Аладавай.
Пасля вызвалення Мінска Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музей імя А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расійскі музей — тры пейзажы А. Куінджы, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Мінску былі знойдзены цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Узнясенне» XVI стагоддзя.
У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазіцый не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаванне было даручана Міхаілу Бакланаву.
Будаўніцтва Мастацкай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленнем новай экспазіцыі і Усебеларускай выстаўкі ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 года). Калекцыя музея тады ўжо дасягала трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.
З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР змяніўся статус музея — з 1993 года музей называецца Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
У 1957 годзе было завершана будаўніцтва будынка Дзяржаўнай карціннай галерэі па праекце архітэктара М. І. Бакланава. Адначасова ў 1956—1958 гг. быў распрацаваны праект абсталявання мастацкага музея.
У працэсе эксплуатацыі будынка стала відавочна, што прадугледжаных экспазіцыйных плошчаў, сховішчаў, службовых кабінетаў не хапае. У 1989 г. на баланс музея перададзены дом № 25 па вул. Кірава, у 1999 г. — 5-павярховы будынак № 22 па вул. Леніна. У 2007 г. уведзены ў эксплуатацыю новы музейны комплекс, што завяршыла першы этап генеральнай рэканструкцыі музея.
У 2000 годзе ў адкрыты для наведвальнікаў яшчэ адзін філіял музея ў былым доме Ваньковічаў у Мінску з пастаяннай экспазіцыяй «Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя»Гісторыя музея.
Сёння гэта адзін з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах маецца больш 27 тысяч твораў, якія фарміруюць 20 калекцый і складаюць збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
У чэрвені 2020, у час перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі быў вымушаны звольніцца вядомы экскурсавод Мікіта Моніч, які размясціў у сябе на старонцы ў Facebook антылукашэнкаўскі верш і адмовіўся яго выдаляць па просьбе кіраўніцтва музеяЭкскурсавода Нацыянальнага мастацкага музею Мікіту Моніча вымусілі звольніцца за верш пра Лукашэнку. Пасля масавых фальсіфікацый на выбарах, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў выходзіў на акцыі пратэсту на прыступкі музея 13 жніўняХудожественный музей прямо сейчас, а пасля 17 жніўня з плакатамі з надпісамі «Мы супраць гвалту», «Нам таксама балюча»Сотрудники Национального художественного музея вышли протестовать против насилия. 18 жніўня супрацоўнікі мастацкага музея выйшлі на акцыю для таго, каб прыцягнуць увагу да знікнення Канстанціна Шышмакова, дырэктара Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. БаграціёнаПропавшего директора музея из Волковыска, который отказался подписывать протокол голосования на выборах, нашли мертвым.
Архітэктура
Будынак сучаснага Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекта М. І. Бакланаў).
У тлумачальнай запісцы да праектнага задання аўтарам адзначалася: «Пры праектаванні было знойдзена такое архітэктурна-кампазіцыйнае вырашэнне, якое дало магчымасць горадабудаўніча вырашыць задачу забудовы гэтага адрэзка і дасягнуць цэльнага архітэктурнага вырашэння ў аб’ёмнай кампазіцыі ўсёй забудовы, у адзіным комплексе. Будынак галоўным фасадам арыентаваны ў бок вуліцы Леніна. Уваход у будынак займае самае выгаднае месца і падкрэслены лоджыяй. Сцяна ў глыбіні лоджыі ўзбагачаецца ляпным тэматычным гарэльефам, выява якога будзе выканана на фоне плоскасці сцяны, апрацаванай смальтай».
Будаўніцтва завершана ў 1957 г. Варта адзначыць, што ў ходзе будаўніцтва былі ўнесены некаторыя карэктывы ў першапачаткова запраектаванае архітэктурнае афармленне. Так, у прыватнасці, на галоўным фасадзе былі выкананы іншага малюнка капітэлі калон і пілястраў, ва ўваходнай частцы адсутнічае тэматычны гарэльеф, зменены скульптурныя кампазіцыі.
У мастацкім вырашэнні музея цесна перапляліся дзве тэмы — трыумф вялікай перамогі (урачыстасць і манументальнасць) і храм-сховішча мастацкіх скарбаў. Галоўны фасад уяўляе сабой сінтэз архітэктуры і скульптурнай пластыкі, перададзеных з высокай эстэтычнай выразнасцю.
Рашэнне фасада музея характарызуецца мадэрнізаванай інтэрпрэтацыяй класіцыстычнай тэмы, актыўным выразным элементам з’яўляецца стылізаваны атык-франтон са скульптурнай кампазіцыяй у завяршэнні (скульпт. А. Бембель). Нішы з алегарычнымі скульптурнымі кампазіцыямі (скульпт. П. Белавусаў, С. Адашкевіч, Л. і М. Раберманы) фланкіруюць уваходную нішу з каланадай кампазітнага ордара. Барэльефы на плоскасці атыка падтрымліваюць чляненне фасада.
У плане фарміруецца дамінантным двухсветлавым вестыбюлем з трохмаршавай лесвіцай, вакол якой на другім паверсе размешчана адкрытая галерэя. Выставачныя залы вырашаны амфіладай на тым жа другім паверсе.
Калекцыя музея
Калекцыя музея налічвае больш за 27 000 твораў, якія складаюць шэсць галоўных музейных збораў Старажытнабеларускае мастацтва Беларускае мастацтва XIX ст. Беларускае мастацтва XX ст. Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст. Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст. Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.
Старажытнабеларускае мастацтва Збор старажытнабеларускага мастацтва (каля 120 работ XII — канца XVIII ст.) Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца самым значным у дзяржаве. Актыўнае фарміраванне калекцыі старажытнабеларускага мастацтва праходзіць у пасляваенныя гады шляхам навуковых экспедыцый 1946—1978 гг., дзякуючы якім для нашчадкаў захаваліся ўнікальныя абразы, узоры разьбярства, ткацтва і мастацкага ліцця.
У экспазыцыі прадстаўлены фрагменты фрэсак, абразы і разьбяная скульптура, свецкія партрэты, кніжная графіка і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XII—XVIII стст.
Рарытэтам збору з’яўляюцца мініяцюры рукапіснага шарашоўскага Евангелля XVI ст. (паходзіць з царквы г.п. Шарашова Брэсцкай вобласці, якая не захавалася). Побач дэманструюцца абразы XV—XVI стст., выкананыя з захаваннем традыцый візантыйскай мастацкай школы — «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская». У абразах «Спас Уседзяржыцель» і «Параскева Пятніца» гарманічна спалучаюцца ўплывы візантыйскай, рускай і заходнеўрапейскай мастацкай традыцыі, якія паўплывалі на фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы.
У экспазіцыі прадстаўлены і шэраг партрэтаў, перададзеных Мастацкай галерэі БССР у 1939 г. з Нясвіжскага замка Радзівілаў. Паводле інвентароў, фамільная партрэтная галерэя аднаго з магутнейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага на 1770-я гады налічвала каля тысячы палотнаў. Партрэты ствараліся як невядомымі мясцовымі майстрамі, так і прыдворнымі замежнымі мастакамі, да кола якіх адносяцца такія майстры, як Барталамей Стробель (1591—1650), Андрэй Стэх (1635—1697) і інш.
Беларускае мастацтва XIX ст. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1797 г. Беларусь увайшла ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Мастацтва гэтага перыяду ў зборы музея прадстаўлена мастакамі, якія навучаліся ў Пецярбургу і Маскве і, такім чынам, прынеслі ў беларускае мастацтва рускую мастацкую традыцыю.