Мінская дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава — дзіцячая чыгунка (ДЧ), размешчаная ў Мінску. Вакзал пабудаваны ў 1956 годзе па праекце архітэктара Г. Заборскага.
Дарога адкрываецца кожны год 1 мая і закрываецца ў апошнюю нядзелю верасня. У маі і верасні дарога працуе па нядзелях і святочных днях, у летнія месяцы — па серадах, чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях.
Пачынаючы з зімы 2008—2009 гадоў рух цягнікоў ажыццяўляецца і ў дні зімовых канікул.
Інтэрвал руху цягнікоў — 35 хвілін.
Гісторыя Чыгунка была адкрыта 9 ліпеня 1955 года. З 1955 года эксплуатаваліся паравоз КП і 6 драўляных вагонаў. З 1967 года пачалі эксплуатаваць цеплавоз ТУ2-113 і 6 суцэльнаметалічных вагонаў «Pafawag». У 1971 годзе чыгунцы было прысвоена імя Канстанціна Сяргеевіча Заслонава — легендарнага беларускага партызана-чыгуначніка, Героя Савецкага Саюза. Галоўная станцыя «Парк Культуры» перайменавана ў «Заслонава». У канцы 1970-х гадоў паступіў цеплавоз ТУ2-010, перададзены з Эстоніі, з закрытай вузкакалейкі.
У сярэдзіне 1980-х гадоў на станцыі «Заслонава» праведзены капітальны рамонт, а ў 1987 годзе праведзена тэхнічная мадэрнізацыя чыгункі — устаноўлена аўтаблакіроўка, пабудаваны новы будынак дыспетчарскай на станцыі «Піянерская», пясчаны баластавы слой заменены на друзавы. Паступіў у эксплуатацыю новы цеплавоз (ТУ7А-2782) і 12 вагонаў ПВ40. Былі спісаны вагоны «Pafawag».
У 1994 годзе цеплавоз ТУ2-010 спісаны на металалом, а 6 вагонаў ПВ40 разбіты мясцовымі вандаламі і адпраўлены ў рамонт, адкуль вярнуліся ў 2005 годзе. У 2005 годзе спісаны цеплавоз ТУ2-113. Цяпер яго стаянка знаходзіцца ў Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі.
У 2005 годзе вагоны вытворчасці 1987 года адпраўлены на рамонт. Да 50-гадовага юбілею чыгункі падораны 6 вагонаў, якія прайшлі капітальны рамонт на Гомельскім вагонарамонтным заводзе.
Летам 2008 года набыты цеплавоз ТУ7А-3350. У маі 2009 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага навучальнага цэнтра з профiльнымі класамі, камп’ютарным кабінетам і залай гісторыі.
Цяпер эксплуатуецца два цеплавозы ТУ7А-2782, ТУ7А-3350 і 12 вагонаў серыі ПВ51, адзін з іх абсталяваны дызель-генератарнай устаноўкай, прызначанай для асвятлення і ацяплення вагонаў. Усе вагоны абсталяваны сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсій.
Галерэя
Гл. таксама Гомельская дзіцячая чыгунка
Спасылкі
Старонка дзіцячай чыгункі на сайце Беларускай чыгункі Гісторыя Мінскай дзіцячай чыгункі на сайце Д. Суцягіна «Дзіцячыя чыгункі СССР» Гісторыя Мінскай ДЧ на сайце minsk-old-new.com Неафіцыйны сайт Мінскай ДЧ
Катэгорыя:Дзіцячыя чыгункі Беларусі Катэгорыя:Славутасці Мінска Катэгорыя:Чыгуначны транспарт Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1955 годзе Катэгорыя:1955 год у Мінску Катэгорыя:Першамайскі раён (Мінск)