Партызанская брыгада імя В. І. Чапаева — партызанская брыгада, створаная ў чэрвені 1942 года. Да восені 1943 года называлася партызанская брыгада «Смерць фашызму». Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Ушацкага, Полацкага, Лепельскага, Ветрынскага, Бешанковіцкага, Сіроцінскага раёнаў. 29 чэрвеня і 1 ліпеня 1944 года брыгада (1295 партызан, 10 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй.
Склад Брыгада была створана на базе асобнага партызанскага атрада «Смерць фашызму», арганізаванага ў маі 1942 года. У жніўні 1942 года з брыгады быў вылучаны 9-ы атрад (Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава»). У ліпені 1943 года атрады імя Чапаева, імя Кірава, імя Свярдлова, імя Грызадубавай, імя Даватара былі вылучаны з брыгады і на іх базе створана 2-я Ушацкая партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі. У жніўні 1943 года ў Вілейскую вобласць вылучаны атрад пад камандаваннем К. З. Карабкова (пазней 2-і атрад партызанскай брыгады імя М. І. Калініна). У красавіку 1944 года атрад імя Жалязняка быў расфарміраваны. Дзеянні атрада імя Матросава з сакавіка 1944 года не прасочваюцца. На момант злучэння партызанскай брыгады з Чырвонай Арміяй у яе склад уваходзілі: атрад імя Фрунзе; атрад імя Суворава; атрад імя Лазо; атрад імя Шчорса; атрад імя Аляксандра Неўскага; атрад імя Сільніцкага; атрад імя Кутузава; атрад імя Катоўскага; атрад імя Чкалава; атрад імя Багдана Хмяльніцкага.
Камандаванне Камандзір У. В. Мельнікаў
Камісары М. І. Ястрабаў; І. Ф. Каранеўскі (загінуў)
Начальнікі штаба М. В. Уткін; М. М. Пучкоў; В. М. Нікалаеў (выконваў абавязкі, загінуў)
Гісторыя Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Маладзечна, Полацк — Віцебск і шашэйных дарогах. У жніўні — верасні 1942 года разграмілі нямецкі гарнізон у вёсцы Варонічы Ветрынскага раёна, знішчылі льнозавод, падарвалі масты цераз рэкі Ушача, Шоша; у ліпені 1943 года разграмілі гарнізон у вёсцы Фролкавічы, падарвалі мост цераз раку Ула. Удзельнічалі ў Пышнянскіх баях, у Лепельскай аперацыі і яе састаўной частцы Лепельскім баі. На чыгуначным участку Полацк — Зябкі падарвалі больш за 3 тысячы рэек. У лістападзе 1942 і маі 1943 гадоў вялі баі супраць карнікаў каля вёсак Заскаркі, Далецкія, Шчаты, Заазер’е Ветрынскага раёна, разграмілі гарнізоны ў вёсках Шалкова, Шэлегаўка Полацкага раёна, у кастрычніку 1943 года напалі на гарнізон у Ушачах. У красавіку — маі 1944 года, у час нямецкай блакады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны вялі баі за ўтрыманне лініі абароны каля возера Чырвонае вёсак Канашы, Гаравыя, Саламір’е, Зыкова, Старынкі Ветрынскага раёна. У маі 1944 года прарвалі нямецкую абарону ў раёне вёсак Паперына — Двор Пліна — Новае Сяло Ушацкага раёна.
Памяць Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад. У 1964 годзе ў гарадскім пасёлку Ушачы ў гонар брыгады ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1974 годзе каля вёскі Антунова Ушацкага раёна пастаўлена стэла.
Гл. таксама Шалкова-Шэлегаўскі бой Полацка-Лепельская бітва Шошынская аперацыя
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе