Гіём Тама Рафаэль Тараваль (; — красавік 1750, ) — французскі і шведскі мастак.
Нарадзіўся ў Францыі, у сям’і Франсуа Тараваля і Катрын Масон, рана асірацеў і быў выхаваны прыёмным бацькам, Анры Гіймарам (1665—1728), які таксама даў яму першыя ўрокі жывапісу і малюнка. Затым Тараваль працягнуў сваё навучанне жывапісу ў мастака Клода Адрана (1658—1734).
У 1727 годзе малады мастак ажаніўся з дачкой свайго прыёмнага бацькі, Марыяй-Ганнай Франсуазай Гіймар (нар. каля 1705). У 1729 годзе ў пары нарадзіўся старэйшы сын, які ў будучыні стаў вядомым мастаком, Юг Тараваль (1729—1785).
У 1732 годзе Гіём Тараваль прыняў запрашэнне разам са сваёй сям’ёй адправіцца ў Швецыю, дзе мастак атрымаў вялікую замову, звязаную з упрыгожаннем новага Каралеўскага палаца ў Стакгольме. У палацы шведскіх каралёў Тараваль стварыў цэлую серыю элегантных столевых роспісаў, адным з першых пазнаёміўшы Швецыю з дэкаратыўным стылем ракако. Таксама Тараваль пісаў партрэты, нацюрморты, алтарныя выявы для некалькіх цэркваў Швецыі.
У Стакгольме Тараваль меў сваю майстэрню і вучняў, сярод якіх вылучаўся Юхан Паш. Калі ў 1735 годзе была створана Шведская акадэмія мастацтваў, то яе першым прэзідэнтам стаў Тараваль.
У 1738 годзе ў Швецыі ў яго нарадзіўся малодшы сын, Луі Гюстаў Тараваль (1738—1794), які пазней стаў архітэктарам і гравёрам. 1739 Гіём Тараваль ненадоўга наведаў Парыж, але ўжо ў 1740 вярнуўся ў Швецыю, дзе працягваў працаваць да канца жыцця.
Гіём Тараваль памёр у Стакгольме ў 1750 годзе. Пасля гэтага яго сын, 21-гадовы Юг Тараваль, вярнуўся назад у Францыю.
Катэгорыя:Мастакі Францыі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі ракако Катэгорыя:Мастакі Швецыі XVIII стагоддзя