Арыядна Іванаўна Казе́й (, Станькава, Койданаўскі раён, Менская акруга — , Мінск) — беларуская партызанка і заслужаная работніца, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаная настаўніца БССР. Родная сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея.

Біяграфія Нарадзілася 25 снежня 1925 года ў Станькаве ў сялянскай сям’і.

Бацька, Іван Георгіевіч Казей — камуніст, актывіст, праслужыў 10 гадоў на Балтыйскім флоце, затым працаваў на машына-трактарнай станцыі, узначальваў курсы падрыхтоўкі трактарыстаў, быў старшынёй таварыскага суда, у 1936 годзе арыштаваны за «шкодніцтва», памёр у высылцы ў Бірабіджане, пасмяротна рэабілітаваны ў 1959 годзе.

Маці, Ганна Аляксандраўна Казей — таксама была актывісткай, уваходзіла ў выбарчую камісію па выбарах у Вярхоўны Савет СССР 1937 года. Таксама падвяргалася рэпрэсіям: была арыштаваная двойчы паводле абвінавачання ў «трацкізме», але пазней вызваленая. Нягледзячы на арышты, працягвала актыўна падтрымліваць савецкую ўладу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны хавала ў сябе параненых партызан і лячыла іх, за што 7 лістапада 1942 года была павешана немцамі ў Мінску. Пасля смерці маці ў лістападзе 1942 года Арыядна з малодшым братам Маратам пайшлі ў партызанскі атрад імя 25-годдзя Кастрычніка.

Узімку 1943 года беларускім партызанам было асабліва цяжка, акупанты бачылі ў іх рэальную пагрозу і адклікалі з фронту некалькі дывізій, каб «раз і назаўжды пакончыць» з партызанскім рухам. У гэты час партызанскія атрады часта змянялі месцы размяшчэння, траплялі ў акружэнні і засады, з баямі прарываліся і ўцякалі ад ворага. У такіх партызанскіх паходах Арыядна Казей адмарозіла ногі, было прынята рашэнне адправіць яе на «вялікую зямлю», але стан пагаршаўся, і ў канцы студзеня 1943 года ступні аднялі пілою ў палявых умовах без наркозу. На «вялікую зямлю», у падмаскоўнае Моніна, Арыядна Казей трапіла на самалёце толькі 14 чэрвеня 1943 года.

Яе брат — Марат Казей, загінуў 11 мая 1944 года ў 14-гадовым узросце пад Уздой, быў пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза.

У далейшым яна скончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працавала ў школе № 28 г. Мінска настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, дзе яе намаганнямі ў 1969 годзе быў адкрыты музей імя Марата Казея.

Стала заслужанай настаўніцай БССР, Героем Сацыялістычнай Працы, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам рэвізійнай камісіі ЦК Кампартыі БеларусіКазей Ариадна Ивановна.

Памерла 15 красавіка 2008 года. Пахаваная ў Мінску на Паўночных могілках.

Узнагароды Медаль «За адвагу» (10.05.1965), Герой Сацыялістычнай Працы (01.07.1968), ордэн Леніна (01.07.1968), заслужаны настаўнік БССР.

Памяць Пра лёс Арыядны Іванаўны Казей і яе брата Марата Казея выдадзены кнігі: Когда протрубили тревогу. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1973. Костюковский Б. А. «Жизнь как она есть». М., «Детская литература», 1973. Костюковский Б. А. «Нить Ариадны». М., «Молодая гвардия», 1975.

Літаратура Л. Восковцова, Мужество // Труд, талант, доблесть.: В 2-х ч. Ч. 1 [Сост. Е. Э. Павлюць, Б. И. Сушкевич, В. В. Шарпило]. — Мн.: Беларусь, 1981. — 414 с., ил., стр. 310—315 А. И. Валаханович, А. Н. Кулагин, Дзержинщина: прошлое и настоящее. Минск, Наука и техника, 1986

Катэгорыя:Дзеці і падлеткі — героі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Жанчыны ў Вялікай Айчыннай вайне Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Інваліды Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Заслужаныя настаўнікі БССР Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання Катэгорыя:Педагогі Беларусі