Банджа́рскі султанат () — дзяржава на поўдні вострава Калімантан у 1526 — 1905 гг.
Гісторыя У сярэднявеччы выхадцы з Явы і Суматры стварылі на поўдні Калімантана шэраг індуісцкіх дзяржаў, залежных ад імперый Шрывіджая і Маджапахіт. У пачатку XVI ст. у дзяржаве Негара-Даха адбыўся раскол з-за спадчыны манарха. Уладу захапіў прынц Пангеран Тумангунг, а яго пляменнік Радэн Самудра быў вымушаны хавацца сярод рыбакоў у вусці ракі Барыта. З дапамогай мусульман з Явы ён здолеў перамагчы Пангерана Тумангунга, прыняў іслам і заснаваў у 1526 г. Банджарскі султанат з цэнтрам у Банджармасіне.
Росквіт Банджарскага султаната адбыўся ў гады кіравання чацьвёртага султана Мустэйна Білаха (1595 — 1638 гг.). Дзякуючы вытворчасці і гандлю чорным перцам Банджармасін ператварыўся ў важны эканамічны цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі. У 1637 г. яго насельніцтва значна павялічылася дзякуючы бежанцам з Явы, што ратаваліся ад дынастычных войн. Сюды актыўна перасяляліся выхадцы з суседняга вострава Сулавесі. Каля 1663 г. быў складзены летапіс «Хікаят Банджар» на банджарскай мове, які адлюстроўваў генеалогію султанскай дынастыі.
У 1757 г. бугі і Галандская Ост-Індская кампанія ўмяшаліся ва ўнутранны канфлікт, што адбыўся паміж спадчыннікамі прастолу. Султан Тахмідула II, стаўленнік галандцаў, у выніку перамог, што дапамагло Ост-Індскай кампаніі абвясціць свой пратэктарат. Але ў 1799 г. кампанія была ліквідавана, і галоўны ўплыў на некаторы час перайшоў да кітайскіх гандляроў. Яны ўсталёўвалі прамыя сувязі з рэгіянальнымі лідарамі, так што цэнтральная ўлада значна саслабла. У 1826 г. адміністрацыя Галандскай Ост-Індыі дамаглася заключыць новы дагавор з султанам Адамам Аль-Ватсікам, згода якому пад кантроль галандцаў трапілі значныя тэрыторыі, дзе раней гаспадарылі кітайскія гандляры, Банджарскі султанат абавязваўся мець вонкавыя сувязі толькі з Галандскай Ост-Індыяй.
У 1852 г. галандцы прызначылі афіцыйным спадчыннікам прастолу прынца Тамджыдулаха, які не меў падтрымкі сярод банджарцаў. Насуперак іх воле Адам Аль-Ватсік завяшчаў уладу прынцу Хідаятулаху. Пасля яго смерці ў 1857 г. паміж спадчыннікамі ўспыхнула вайна. У 1859 г. галандскія ваенныя занялі Банджармасін. У адказ банджарцы пачалі забіваць еўрапейцаў. Важную ролю ў руху супраціўлення адыгралі мусульманскія прапаведнікі. Тамджыдулах быў вымушаны зрачыся прастолу. Галандцы запрасілі на яго пасаду Хідаятулаха, але той не даверыўся ім. У 1860 г. адміністрацыя ў Батавіі абвясціла прамое кіраванне султанатам. У 1862 г. Хідаятулах здаўся ў палон і быў высланы на Яву, аднак паўстанні супраць галандцаў працягваліся да 1905 г.
Спасылкі Sejarah Berdirinya Kesultanan Banjar Oleh SAHRIANSYAH SEJARAH KESULTANAN DAN BUDAYA BANJAR Brief History of the Banjar War Complete Against the Netherlands Banjar Kingdom: History, Founder, Heyday And King
Катэгорыя:Гістарычныя дзяржавы Азіі Катэгорыя:Гісторыя Інданезіі Катэгорыя:Калімантан