Валянцін Валянцінавіч Байко (нар. 30 лістапада 1969, Гродна) — беларускі прадпрымальнік, прамысловец. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання ад Гродзенскай вобласці. Старшыня філіяла Беларускай федэрацыі веславання па Гродзенскай вобласці.
Біяграфія Нарадзіўся 30 лістапада 1969 года ў горадзе Гродна. Скончыў у 1987 годзе сярэднюю школу № 20 у Гродне, дзе тым часам працаваў Аляксандр Фядута.
Скончыў у 1991 годзе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Паводле адукацыі — настаўнік пачатковых класаў і музыкі.
У 1991—1992 працаваў агентам па забеспячэнні Гродзенскага гарадскога моладзевага цэнтра, у 1992—1993 гадах настаўнікам пачатковых класаў, у 1993—1997 гадах дырэктарам гродзенскага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Плюс» (г. Гродна).
У 1997 годзе разам з братам Дзмітрыем Байко і бізнес-партнёрам Рычардам Шэрэлем заснаваў сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ». Быў яго дырэктарам да 2010 года. З 2010 года — старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа». Станам на 2024 год — намеснік дырэктара па развіцці, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў.
На пачатку гэта была невялікая сямейная кампанія, дзе першы час фізічнай працай на станках па вытворчасці панчох і калготак працавалі самі заснавальнікі. Неўзабаве фірма выйшла на пазіцыю лідара ў вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе.
Развіццё і дыверсіфікацыя бізнесу У 2011—2021 гадах рэгулярна трапляў у рэйтынг самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі паводле выдання «Ежедневник» і ў топ-25 выдатных бізнесменаў сучаснай Беларусі за 1992—2017 гады таго ж выдання.
У 2014 годзе разам з партнёрамі выкупіў кантрольны пакет Брэсцкага панчошнага камбіната. У 2016 годзе набыў кантрольны пакет Тураўскага малочнага камбіната (праз які пазней узяў пад кантроль некалькі сельскагаспадарных кааператываў). У 2018 годзе Байко ўвайшоў у капітал шчучынскага «Праймілк» і ваўкавыскага «Беллакт». Мае таксама будаўнічы бізнес, валодае буйнымі гандлёвымі цэнтрамі OldCity і Triniti, клубамі «Метро» і «База» ў Гродне. Валодаў рытэйл-сеткай Optima, аднак адмовіўся ад гэтага бізнесу і закрыў крамы.
У 2017 годзе, да 20-годдзя галоўнага бізнесу Валянціна Байко, яго занеслі ў Кнігу славы Гродна.
Палітычная кар'ера і грамадская дзейнасць У 2013 годзе стаў ганаровым консулам Украіны ў Гродне.
Дэлегат V і VII Усебеларускіх народных сходаў.
Член Савета Рэспублікі 7-га склікання. Выбраны ў 2024 годзе членам Савета Рэспублікі 8-га склікання ад Гродзенскай вобласці (вылучаны ад Ваўкавыскага, Мастоўскага, Шчучынскага раёнаў). З’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
Член Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, Савета па развіцці прадпрымальніцтва, праўлення Беларускага фонду міру. Старшыня і старшыня Прэзідыума Беларускай асацыяцыі каноэ.
Санкцыі У красавіку 2022 года разам з іншымі прадстаўнікамі беларускага бізнесу і Міністэрства абароны трапіў пад санкцыі Канады за «садзейнічанне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны». У траўні 2023 года трапіў пад санкцыі Польшчы за тое, што ў складзе Савета Рэспублікі ўдзельнічаў ва ўхваленні законаў, накіраваных на рэпрэсіі супраць беларусаў.
Узнагароды Мае Падзяку Старшыні Савета Рэспублікі. Узнагароджаны медалямі «За працоўныя заслугі», «Заслужаны міратворца», «Каложскі крыж» III ступені, ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, Беларускага фонду міру і інш.
Асабістае жыццё Жанаты, мае двух сыноў і дачку. Вегетарыянец, прыхільнік здаровага ладу жыцця і ёгі, мае ўласную арганічную ферму.
Крыніцы
Спасылкі Профіль Валянціна Байко на сайце Савета Рэспублікі
Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі Катэгорыя:Ганаровыя консулы Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 7-га склікання Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 5-га склікання