Па́вел Ко́рчык, сапраўднае імя Іосіф (Язэп) Каэтанавіч Лагіновіч (14 (26) лютага 1891, в. Заўшыцы, Слуцкі павет, Мінская губерня — , Мінская турма) — беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Пасля Рыжскага міру 1921 года адзін з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, ад якой пазней кааптаваны ў склад Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Падпольшчык у Заходняй Беларусі.

Біяграфія У 1907 годзе скончыў Слуцкае гарадское вучылішча. Да 1912 года настаўнічаў на Капыльшчыне. У 1910 годзе ўваходзіў у групу прыхільнікаў Капыльскай філіі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У 1912 годзе мабілізаваны ў расійскае войска, удзельнік Першай cусветнай вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актывіст беларускага вайсковага руху, абраны старшынёй беларускага камітэта жаўнераў артылерыйскай батарэі 12-й арміі. Удзельнік З’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску ў снежні 1917 года. У 1918—1919 гадах камісар мястэчка Круговічы. Улетку 1920 года, з вяртаннем бальшавікоў, узначаліў «народны маёнтак» у вёсцы Старыца.

Удзельнік Слуцкага збройнага чыну, пісар 2-й роты 1-га Слуцкага палка.

У траўні 1921 года, пасля вяртання з Дарагускага лагера для інтэрнаваных — у Вільні. Працаваў карэктарам у беларускіх выданнях (напрыклад, у тыднёвіку «Еднасць»). Падчас парламенцкіх выбараў 1922 года працаваў сакратаром Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і неўзабаве стаў яго фактычным кіраўніком. Пазней працаваў памочнікам сакратара ў сакратарыяце Беларускага пасольскага клуба, дзе выконваў асноўную працу замест афіцыйнага кіраўніка Б. Друцкага-Падбярэскага. У 1923 годзе пераняў рэдактарскія абавязкі Л. Родзевіча і з сакавіка па май 1923 года пад псеўданімам «Кумельган» адрэдагаваў 13 нумароў газеты «Наша жыццё».

Адзін з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА) у 1922 годзе. У гэты ж час быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Рэдактар газеты «Наш Сцяг», а пасля яе забароны газеты «Вольны сцяг». Паводле ацэнак польскай паліцыі, у гэты перыяд на Лагіновіча, які да таго вёў сціплае халасцяцкае жыццё, вялікі ўплыў аказала Ксенія Красінская (сястра віленскага настаўніка Мікалая Красінскага), з якой ён меў рамантычныя адносіны. Пад уплывам яе прасавецкіх поглядаў ён пачаў адкрыта падтрымліваць савецкую палітыку ў БССР і разглядаў Заходнюю Беларусь як акупаваную палякамі тэрыторыю, лічачы найлепшым метадам барацьбы не ўзброенае паўстанне, а культурна-асветніцкую дзейнасць. Як сябра БРА ў 1923 годзе кааптаваны ў склад Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Першы сакратар КПЗБ.

Улетку 1924 года, пасля ўдзелу ў ў Маскве, арыштаваны польскай дэфензівай у Стоўпцах. З дапамогай партызанаў вызвалены, збег у БССР, дзе працаваў у Бюро дапамогі КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у апараце КПЗБ. Пэўны час выкладаў у Менскай школе КПЗБ.

З жніўня 1925 года зноў у Заходняй Беларусі, на падпольнай рабоце па лініі КПЗБ. Арганізатар нелегальнай нарады ў Сопаце ў жніўні 1925 года. З восені 1925 года да лютага 1936 года палітычны сакратар ЦК КПЗБ; са снежня 1925 года да 1929 года член Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП. У траўні 1928 года на пасяджэнні ЦК КПП арыштаваны ў Берліне нямецкай паліцыяй як савецкі агент ды высланы ў СССР. У снежні 1933 года зноў на пэўны час вяртаецца ў Заходнюю Беларусь, дзе працуе на нелегальным становішчы як савецкі рэзідэнт у структурах Камуністычнай партыі Польшчы і КПЗБ. Публікаваўся ў часопісе «Бальшавік» (орган ЦК КПЗБ), «Nowy Przegląd» (орган ЦК КПП), «Бальшавік Беларусі» (орган ЦК КП(б)Б), газетах «Еднасць», «Родная страха», «Наша будучыня».

19 лютага 1935 года Арыштаваны НКУС БССР у Менску як «агент агент польскай палітычнай паліцыі» і 25 чэрвеня асуджаны на 5 гадоў лагераў. Адбываў пакаранне ва (Комі АССР). 15 сакавіка 1938 года «тройкай» УНКВД па Архангельскай вобласці прыгавораны да расстрэлу «за контррэвалюцыйную агітацыю сярод зняволеных». Па невядомых прычынах прысуд не выканалі. У 1938 годзе адмысловым канвоем вернуты ў Менск. 26 кастрычніка 1939 года Ваенным трыбуналам прыгавораны да расстрэлу за «шпіянаж на карысць польскай і германскай разведслужбаў». Памёр у турме. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 31 жніўня 1955 года. Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Удзельнікі Слуцкага паўстання Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР