Янка (Іван Іванавіч) Натусевіч () — беларускі грамадскі дзеяч.

Біяграфія Іван Іванавіч Натусевіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1894 г. (па старым стылі) у вёсцы Малышчына Верцялішскай воласці Гродзенскага павета Гродзенскай губерні ў каталіцкай сялянскай сям’і. Бацькі Іван і Марыяна (народжаная Віткоўская) хрысцілі сына 26 студзеня 1895 г. ў гродзенскім Фарным касцёле. З матэрыялаў справы вядома, што ў жніўні 1912 г. Іван паступіў у Гродзенскую мужчынскую гімназію імя графа Тормасава, якую паспяхова скончыў ў 1914 г. Падчас вучобы ў гімназіі Янка ўваходзіў у склад Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З той гімназічнай пары Янка Натусевіч далучыўся да беларускага адраджэнскага рухуМаксімчык, А. М. Янка Натусевіч: невядомыя старонкі жыцця і дзейнасці / А. М. Максімчык // Пічэтаўскія чытанні — 2019: універсітэцкая навука і гістарычная адукацыя ў Беларусі XX — пачатку XXI ст. Да 85-годдзя стварэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта : Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 23-24 октября 2019 года / Рэдкалегія: А. Г. Каханоўскі (старш.) [і інш.]. — Мінск: Белорусский государственный университет, 2019. — С. 142—151..

Вучоба ў Пецярбургу Пасля атрымання атэстата сталасці, дзевятнаццацігадовы юнак прыняў рашэнне аб далейшым працягу вучобы. 26 чэрвеня 1914 г. ён падаў прашэнне на імя рэктара Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта аб паступленні на юрыдычны факультэт. Час яго паступлення супаў з пачаткам Першай сусветнай вайны, але ў армію яго не мабілізавалі, бо ён з’яўляўся непрыгодным да ваеннай службы. Негледзячы на гэта, 22 красавіка 1916 г. Янка падаў прашэнне на імя рэктара ўніверсітэта, у якім адзначаў: «Имею честь просить Ваше Превосходительство сделать распоряжение о немедленной пересылке моих документов в Михайловское Артиллерийское училище. Год поступления в Университет 1914 № дела 288».

Знаходзячыся ў Петраградзе, ён, як ураджэнец Гродзенскай губерні, якая апынулася пад германскай акупацыяй, не мог быць безуважным да падзеяў, якія адбываліся на яго радзіме. Акрамя гэтага, згодна з законам «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў» ад 15 жніўня 1915 г., ён у пэўнай ступені падлягаў пад катэгорыю бежанца.

У артылерыйскае вучылішча яго не ўзялі, аднак гэта толькі падагравала юнака да пошуку новых шляхоў патрапіць у войска. 3 лютага 1917 г. ён падаў прашэнне ў канцылярыю Петраградскага ўніверсітэта, у якім прасіў выдаць яму пасведчанне аб тым, што з’яўляўся студэнтам універсітэта. Гэты дакумент, як тлумачыў Натусевіч, быў яму патрэбен «для прадстаўлення ў школу прапаршчыкаў інжынерных войскаў». Акрамя гэтага, праз некалькі дзён (7 лютага), ён зноў звярнуўся да рэктара, але ўжо з просьбай дазволу ўступлення яму ў першы законны шлюб з дзяўчынай Вандай Восіпаўнай Калантай, ураджэнкай Гродзенскай губерні і павета, якая, верагодна, была задаволена. Хутчэй за ўсё Янка Натусевіч і Ванда Калантай пазнаёміліся непасрэдна праз Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны.

Дакладна не вядома ці атрымаў вышэйшую адукацыю Я. Натусевіч, з прычыны таго што час для гэтага быў не вельмі спрыяльны. Звестак аб яго дзейнасці з лютага 1917 па красавік 1918 г. не выяўлена.

У Тыфлісе На агульным сходзе Каўказскай Краёвай Беларускай Рады ў Тыфлісе арганізацыі, які адбыўся 8 красавіка 1918 г., Натусевіч быў выбраны сакратаром Рады. Натусевіч актыўна спрычыніўся да арганізацыі эвакуацыі беларускага насельніцтва з Каўказа ў напрамку Беларусі па маршруце: Тыфліс-Батумі-Поці, потым марскім шляхам да Адэсы, а адтуль сухапутным транспартам на поўнач. Каўказская Краёвая Беларуская Рада знаходзілася пад непасрэдным уплывам і цесна супрацоўнічала з Закаўказскім Рускім Нацыянальным Саветам, супраць чаго выступаў Я. Натусевіч. Гэта магло быць прычынай канфлікта, вынікам якога стаў яго ад’езд з Тыфліса, але дакладна калі і як гэта адбылося невядома.

Вяртанне ў Гродна Ужо восенню 1918 г. Янка Натусевіч вярнуўся ў Гродна, дзе актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычную дзейнасць. У той час у горадзе з’явілася першая легальная беларуская арганізацыя «Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі», якая пазней змяніла назву на Гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), у склад якой увайшоў і Янка Натусевіч. У канцы лістапада 1918 г. ён таксама быў запрошаны ў склад Часовага гарадскога камітэта, які быў створаны па загадзе кіраўніка нямецкай адміністрацыі Гродна барона фон Экендорфа.

Быў дэлегатам Першага гродзенскага губернскага беларускага з’езда, які адбыўся 1 снежня 1918 г. у будынку Барыса-Глебскага манастыра, як прадстаўнік Гродзенскага БНК. Адзіны на з’ездзе выступаў на беларускай мове. Падчас абмеркавання пытання аб неабходнасці выкладання ў вясковых школах на беларускай мове, ён выступіў з прамовай «Той беларус — хто гаворыць па-беларуску».

Нягледзячы на яго прамову, толькі восем дэлегатаў з’езда прагаласавалі за ўвядзенне мовы ў школах. На другі дзень з’езда ён выказаўся па пытанні аб палітычнай будучыні краю і зазначыў, што «Беларускі нацыянальны камітэт стаіць на платформе незалежнай беларускай дзяржавы і, пры немагчымасці пакуль ажыццявіць гэту праграму, пагаджаецца на федэрацыю з Літвой. Ні польскай, ні расійскай арыентацыі быць не павінна!».

Розныя ідэйна-палітычныя і нацыянальныя сілы, якія рабілі захады для рэалізацыі сваіх мэт на фоне імклівага і зменлівага стану міжнароднай абстаноўкі вакол Беларусі, падштурхоўвалі Я. Натусевіча для паўсядзённай актыўнай працы па абароне беларускіх інтарэсаў у краі. У канцы 1918 г. Янка Натусевіч быў выбраны пісарам Беларускага сялянскага з’езда, які праходзіў у Гродне 15 і 16 снежня. У выніку адбыўшыхся выбараў на з’ездзе Янка Натусевіч быў абраны ў Павятовую раду і Арганізацыйны камітэт па скліканні Краёвага Беларускага з’езду Гродзеншчыны.

19 сакавіка 1919 г. на першым пасяджэнні беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый Гродзеншчыны быў створаны каардынацыйны цэнтр «Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны» (ЦБРГ) з мэтай склікання беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны. ЦБРГ стаў выконваць ролю прадстаўніка беларускага ўрада БНР на Гродзеншчыне, кандыдатам у яго прэзідыум быў выбраны Янка Натусевіч. Я. Натусевіч стаў адным з стваральнікаў і актывістаў Грамады беларускай моладзі.

Праз некалькі дзён пасля пасяджэння 21 сакавіка 1919 г. згодна з пастановай Рады Народных міністраў БНР Натусевіча прызначылі радчым А. Смоліча ў Берлін па справах ваеннапалонных. У Германіі Я. Натусевіч першапачаткова з’яўляўся дыпламатычным кур’ерам, а потым стаў рэдактарам прэс-бюро і начальнікам пашпартнага аддзелу Беларускай місіі ў Берліне. Назапашаны вопыт працы рэдактарам у прэс-бюро даў магчымасць пісаць і друкаваць рэцэнзіі ў газетах на тэатральную тэматыку. Так, у газеце «Беларусь» ён змясціў рэцэнзію на п’есу У. Галубка «Праменьчык шчасця», а у газеце «Незалежная Беларусь» пад ініцыяламі Я. Н. надрукаваў артыкулы пра заснаванне і дзейнасць «Грамады Беларускае Моладзі» і пра пастаноўку 1 лістапада 1919 г. драматычнай секцыяй Гродзенскай беларускай моладзі пад кіраўніцтвам П. Мядзёлкі спектакля «Страхі жыцця» і «Разбітае люстэрка».

Але супрацоўніцтва з газетамі не заўсёды было бяспечным. З канца чэрвеня 1919 года ў Гродне пачала выдавацца грамадска-палітычная і літаратурная газета «Родны край», рэдактарам якой быў Т. Грыб. Газета займала антыпольскую пазіцыю і заклікала да згуртавання ўсіх праціўнікаў польскіх акупацыйных улад. Пасля публікацыі ў шостым нумары антыпольскі скіраванага артыкула Я. Чарапука пад назвай «Правам ці мячом» акупацыйныя ўлады зачынілі газету і пачалі арышты сярод гродзенскага маладзёвага актыву. 20 ліпеня па гэтай справе Я. Натусевіч разам П. Мядзёлкай, А. Фохтам і К. Салошыкам на пэўны час апынуўся за кратамі.

14 жніўня 1919 г. ён быў дэлегаваны з Берліна ў Коўну для перадачы пакетаў прэзідэнту Рады БНР П. А. Крычэўскаму. Пасля выканання місіі ён выехаў у Вільню, а затым у Гродна, дзе 2 верасня 1919 г. пры нявысветленых абставінах быў схоплены і пасаджаны ў турму. Пасля вызвалення ён 2 снежня 1919 г. звярнуўся да міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча з заявай, у якой патлумачыў прычыну нез’яўлення на месца службы. У міністэрстве не ведалі аб тым дзе знаходзіўся Натусевіч і звольнілі яго з займанай пасады.

Пасля гэтага ён вярнуўся ў родны горад, дзе праз некаторы час распачаў працу па арганізацыі Агульнага сходу беларусаў у Гродне. Дзеля гэтага мерапрыемства была загадзя падрыхтаваны і развешаны абвесткі. За дзень да сходу, Янка Натусевіч, як старшыня Гродзенскага БНК у памяшканні клуба «Беларуская хатка» выступіў з прамовай, прысвечанай святкаванню другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. 28 сакавіка 1920 г. у памяшканні № 5 на Замкавай гары адбыўся агульны сход. Згодна з дакументамі старшынёй сходу быў абраны Я. Натусевіч. На ім ён зачытаў справаздачу аб дзейнасці Гродзенскага беларускага камітэту.

Дэлегаты з’езда пастанавілі выразіць падзяку радным Гродненскага БНК за працу на ніве нацыянальнага адраджэння беларускага народу і прынялі просьбу старшыні Камітэта аб злажэнні паўнамоцтваў Гродзенскім Беларускім камітэтам на рукі сходу.

У выніку выбараў сход абраў новы склад «Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў Гродне», але сам Натусевіч, набраўшы 70 галасоў, не змог увайсці ў склад новага Камітэта, але ён быў залічаны кандыдатам выбыўшых з Камітэту радных.

Як адзначалася на сходзе, камітэт з’яўляўся адзіным правамоцным органам Гродзенскага Беларускага жыхарства. Але далейшая праца Гродненскага БНК была прыпынена зменамі на Заходнім фронце ў ліпені-верасні 1920 г., калі спачатку Савецкая Расія пачала наступленне супраць польскіх войскаў, у выніку якіх Гродна быў заняты Чырвонай арміяй, а затым пасля няўдалых баёў пад Варшавай бальшавікі вымушаны былі саступіць горад польскім часцям. Гэта дало магчымасць аднавіць шэраг раней дзеючых беларускіх грамадскіх арганізацый, а з 23 лістапада 1920 г. наладзіць выпуск штодзённай газеты «Беларускае слова», з якой пачаў супрацоўнічаць і Я. Натусевіч.

Знакавай старонкай у біяграфіі Я. Натусевіча ў 1920 г. стала яго дзейнасць ў Варшаве, дзе ён працаваў на пасадзе сакратара місіі БНР і з’яўляўся членам варшаўскага Беларускага камітэта. Заняцце азначаных пасадаў верагодна паспрыяў яго назапашаны вопыт арганізацыйнай працы, ведаў і актыўная грамадзянская пазіцыя.

Аб апошніх гадах жыцця Янкі Натусевіча інфармацыі вельмі мала. 23 чэрвеня 1920 г. ён напісаў распіску аб атрыманні ад Цэнтральнай беларускай касы 2.833 польскія маркі за нацыянальную працу на Гродзеншчыне. У кастрычніку 1920 г. ён часова з’яўляўся старшынёй Гродзенскага БНК, а 24 кастрычніка таго ж года — старшынёй сходу Гродзенскага беларускага кааператыва «Беларусь». Вясной 1921 г. Натусевіч працаваў настаўнікам Гродзенскай беларускай гімназіі, а пазней выехаў у Вільню, дзе паводле даследчыка А. Ліса прыкладна ў 1921 ці 1922 г. невылечна захварэў і памёр.

Спасылкі

Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гродзенскім раёне