Марсель Грыёль (; — ) — французскі археолаг і этнограф-афрыканіст, мовазнавец, пісьменнік.
Біяграфія Нарадзіўся ў дэпартаменце Ёна ў Бургундыі. Яго мару стаць інжынерам перарвала I сусветная вайна, падчас якой у якасці добраахвотніка служыў у артылерыі і ВПС Францыі. Падчас службы напісаў 2 кнігі, прысвечаныя ваеннай авіяцыі.
У 1922—1927 гг. вывучаў мову амхара ў Нацыянальнай школе жывых усходніх моў, пасля чаго наведаў з навуковай місіяй Эфіопію.
У 1931—1933 гг. арганізаваў і ўзначаліў трансафрыканскую навуковую місію з Дакара ў Джыбуці.
У 1935 г. падтрымаў барацьбу Эфіопіі за незалежнасць супраць Італіі. Сустракаўся з Хайле Селасіе I падчас яго наведвання Парыжа, склаў для яго прамову ў Лізе Нацый. У 1936 г. апублікаваў маніфест «Мядзведжая скура», накіраваны супраць спроб некаторых французскіх інтэлектуалаў апраўдаць акупацыю Эфіопіі.
У 1935—1939 гг. здзейсніў 5 экспедыцый у Заходнюю Афрыку агульнай працягласцю больш за 85 000 км. У гэты перыяд яго асноўны навуковы інтарэс засяродзіўся на дагонах. У 1938 г. абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную гульням і маскам дагонаў.
У пачатку II сусветнай вайны быў афіцэрам авіяцыі, у 1940 г. быў узнагароджаны ваенным крыжом, але пасля капітуляцыі Францыі ў чэрвені 1940 г. быў дэмабілізаваны. У снежні 1940 г. стаў галоўным сакратаром у Інстытуце этналогіі Парыжскага ўніверсітэта. За сваю грамадскую і навуковую працу крытыкаваўся калабарацыянісцкімі сродкамі масавай інфармацыі. У 1944 г. быў рэмабілізаваны Ш. дэ Голем. Тым не меней, пасля заканчэння вайны быў адхілены на некалькі месяцаў ад пасады, яго дзейнасць падчас акупацыі расследавала спецыяльная камісія, якая ў выніку цалкам яго апраўдала.
Пасля II сусветнай вайны быў дарадцам Французскага Саюза, выкладаў у Парыжскім універсітэце, удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі ўстойлівага развіцця.
Навуковыя погляды Навуковая дзейнасць Марселя Грыёля спрыяла пашырэнню ведаў аб афрыканскай гісторыі і культуры не толькі сярод спецыялістаў, але і шырокай публікі Францыі. Ён вылучыў старажытную культуру Су, садзейнічаў знаёмству суайчыннікаў з эфіопскім кулінарным і прыкладным мастацтвам і культурай дагонаў. Крытыкаваў еўропацэнтрычны падыход да вывучэння культур афрыканскіх народаў.
У канцы XX ст. шэраг вучоных выступіў з крытыкай прац самога Марселя Грыёля. Яна пераважна канцэнтравалася вакол апісання міфалогіі дагонаў, якая быццам бы ўтрымоўвала старажытныя веды пра астранамічныя з’явы, што сталі вядомы еўрапейцам толькі ў XX ст., паколькі пазнейшыя даследчыкі не выявілі адпаведных міфаў.
Спасылкі GRIAULE, MARCEL Éric Jolly Le Fonds Marcel-Griaule : un objet de recherche à partager ou un patrimoine à restituer?
Катэгорыя:Археолагі Францыі Катэгорыя:Этнографы Францыі Катэгорыя:Пісьменнікі Францыі XX стагоддзя