Май-Май Ката Катанга, таксама Май-Май Баката Катанга («Ката Катанга» на суахілі азначае «адрэзаць, аддзяліць Катангу») — паўстанцкая групоўка май-май у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая выступае за незалежнасць правінцыі Катанга. Створана неўзабаве пасля таго, як лідар сепаратыстаў Гедэон К’юнгу Мутанга збег з турмы ў верасні 2011 года.
Групоўка вяла ўзброеную барацьбу супраць урада ДР Конга. Самая буйная аперацыя баевікоў праведзена 23 сакавіка 2013 года, калі 200 паўстанцаў увайшлі ў Лубумбашы, сталіцу правінцыі Катанга і другі па велічыні горад краіны. У раён былі ўведзены міратворцы ААН, якія разграмілі паўстанцаў і захапілі частку з іх у палон. У ходзе гэтых падзей прынамсі 35 чалавек загінулі.
У жніўні 2013 года місія ААН у ДР Конга (МААНСДРК) выратавала 82 дзіцяці, некаторым з якіх было ўсяго восем гадоў, якія былі гвалтоўна завербаваны апалчэннем у якасці дзяцей-салдат. Міратворцы заявілі, што з пачатку года было вызвалена агулам 163 чалавекі, уключаючы 22 дзяўчынкі.
З 2013 года актыўнасць Ката-Катангі пачала зніжацца. У кастрычніку 2016 года лідар паўстанцаў і некалькі сотняў яго байцоў здалі зброю. Групоўка была перафармавана ў палітычную партыю — Рух афрыканскіх рэвалюцыянераў-незалежнікаў (Mouvement des Indépendantistes Révolutionnaires Africains, MIRA).
Аднак частка Ката Катанга працягнула барацьбу. У 2019—2020 гадах яны правялі некалькі нападаў.
29 студзеня 2022 года каля 100 паўстанцаў пад камандаваннем Гедэона захапілі Мітвабу; баевікі скарысталіся выпадкам, каб яшчэ раз заявіць пра намер аднавіць незалежнасць Катангі.
Гл. таксама Паўстанцкі рух у Катанзе
Заўвагі
Літаратура
Катэгорыя:Сепаратызм Катэгорыя:Узброеныя групоўкі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга