Абраз Маці Божай Фашчаўскай — абраз Багародзіцы, вядомы з першай паловый XVII ст., які каталікамі з усходу сучаснай Беларусі лічыўся цудадзейным. Ікона знаходзілася ў галоўным алтары касцёла Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты ў вёсцы Фашчаўка сучаснага Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Прыкладна да сярэдзіны XVII ст. Фашчаўка называлася Чарніца, таму абраз быў вядомы як Чарніцкі. Адносіцца да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя. Ёсць звесткі, што абраз шанаваўся таксама праваслаўнымі вернікамі. Арыгінал страчаны, як мяркуецца, у 1937 годзе.

Гісторыя 5 лістапада 1611 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза для заснавання калегіюма езуітаў і школ у Оршы дараваў пляц у горадзе і 200 валок зямлі з падданымі ў Магілёўскай эканоміі. У наступным, 1612 годзе, прадстаўнікі караля і віленскага біскупа разам з адміністрацыяй Магілёўскай эканоміі вылучылі з каралеўскіх уладанняў і перадалі ва ўласнасць аршанскіх езуітаў вёскі Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Крывель, Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Чална (цяпер Саськаўка).

Першая вядомыя згадка ў літаратуры пра прысутнасць каталікоў у Чарніцы звязаная з шанаваннем абраза Маці Божай, які лічыўся цудадзейным. Вядомы ў свой час пісьменнік, палеміст і гісторык кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677) сабраў у 1650 годзе ў адной са сваіх прац па гісторыі хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім звесткі пра шэраг цудадзейных абразоў, сярод якіх аўтар называе ікону Багародзіцы з Чарніцы — вёскі Аршанскага калегіюма езуітаў:

Ласкі, якія Божая Веліч даруе тым, хто звяртаецца па абарону да Найсвяцейшай Панны перад яе абразам, які знаходзіцца ў капліцы гэтай вёскі, зрабілі гэта месца знакамітым: так што сюды сыходзяцца ў вялікай колькасці не толькі прававерныя (каталікі), але і схізматыкі (праваслаўныя) з бліжэйшых месцаў і адчуваюць асаблівыя звышнатуральныя ласкі

У «Марыйным атласе» баварскага езуіта кс. Вільгельма Гумпенберга SJ (, 1609—1675), надрукаваным у 1672 годзе, таксама ёсць звесткі пра цудадзейны абраз Багародзіцы, які знаходзіўся ў вёсцы, што належала Аршанскаму калегіюму езуітаў, хаця назва вёскі не падаецца:

Да заснавання Аршанскага калегіюма Таварыства Ісуса, у год Хрыстовы 1612, наш служка касцёла намаляваў гэты абраз Багародзіцы для галоўнага алтара храма. Але калі ў наступныя гады ў алтары былі размешчаныя больш каштоўныя абразы, гэты абраз у суседнюю вёску, у маёнтак, што належыць калегіюму, быў перанесены. Ён стаў цудадзейным у 1630 годзе, калі шляхецкі хлопчык, які меў скалечаныя ногі з самага ўлоння мацеры, паклікаўшы каля гэтага абраза Панну, адужэў і ўстаў на ногі. Найбольш павялічыліся гэтыя ласкі з 1638 года і прыбыццё сюды нават схізматыкаў (праваслаўных) зрабіла месца знакамітым. Так мне паведаміў ксёндз Альберт Каяловіч, рэктар Віленскага калегіюма Таварыства Ісуса, які дадаў, што цуды настолькі вялікія і шматлікія, што ён сам, калі з прычыны вайны будзе магчыма, хутка і ход усёй гэтай гісторыі, і самі цуды, ужо правераныя, а не паводле чутак, абвесціць. Гэтых звестак, аднак, я не атрымаў.

Хаця гэтае выданне пабачыла свет у 1672 годзе, але звесткі кс. Гумпенберг пачаў збіраць значна раней. У 1652 годзе ён прасіў усіх еўрапейскіх правінцыялаў ордэна езуітаў, каб у кожнай правінцыі быў прызначаны чалавек, які падрыхтуе і вышле яму матэрыялы пра цудадзейныя абразы. Просьбы пра дастаўленне інфармацыі былі накіраваныя таксама ўсім рэктарам езуіцкіх калегіюмаў у Еўропе. Як вынікае з самой цытаты, інфарматарам кс. Гумпенберга ў гэтым выпадку быў кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677). Даследчык гісторыі фашчаўскага касцёла А. В. Красоўскі звяртае ўвагу на тое, што кс. Віюк-Каяловіч у прыведзеным урыўку названы рэктарам Віленскага калегіюма езутаў, а гэтую пасаду ён займаў у 1653—1655 гадах, а таксама на тую акалічнасць, што ў тэксце гаворыцца пра звязаныя з вайной перашкоды, у той час як у чэрвені 1654 года акурат пачалася вайна Расійскага Царства з Рэччу Паспалітай (1654—1667). На гэтай падставе даследчык адносіць перапіску паміж кс. Віюком-Каяловічам і кс. Гумпенбергам, як і апублікаваныя ў выніку гэтай перапіскі звесткі, прыкладна да перыяду паміж 1654 і 1655 гадамі. Таксама А. В. Красоўскі адзначае, што паколькі кс. Віюк-Каяловіч ва ўласнай кнізе падобнай тэматыкі, якая выйшла з друку ўсяго на некалькі гадоў раней за пачатак перапіскі з кс. Гумпенбергам, не ўзгадвае іншыя цудадзейныя абразы ва ўласнасці Аршанскага калегіюма езуітаў, акрамя Багародзіцы з Чарніцы, то і ў тэксце кс. Гумпенберга ідзецца пра тую ж ікону.

У 1768 годзе была надрукаваная праца па гісторыі Літоўскай правінцыі езуітаў, дзе аўтар кс. Станіслаў Растоўскі SJ (1711—1784) са спасылкаю на рукапісную «Гісторыю аршанскага калегіюма» () расказвае пра містычны эпізод у 1643 годзе, звязаны з абразам Багародзіцы ў Чарніцы: У Аршанскім павеце Белай Русі ў ліпені гэтага года быў каменны град. На абшары ў дваццаць міль з неба сышла такая жахлівая навальніца, што паўсюль пазносіла стрэхі і пастухоў на пашах са статкамі пабіла. Вялікае спусташэнне адбылося ў гарадах, лясах і вёсках. Калі навальніца адступіла, то там, дзе хмары разышліся і заззяла яркае сонца, убачылі дзіўную і поўную жаху рэч: у асобных снежных зацвярдзелых на марозе камяках, памерам з лімон, знаходзіліся вострыя камяні, у многіх — касцяныя выявы нейкіх галоў, нібыта нябёсамі зробленыя. Калі пра гэта даведаліся, большасць людзей ахапіў жах, такім жудасным быў гэты камнепад. Кожны баяўся за сябе: звяртаўся ў святыні па сродкі ратунку. Акрамя таго, адбыўся яшчэ адзін цуд: вёска аршанскага калегіума Чарніца — месца, вядомае праз абраз Бласлаўлёнай Панны Марыі і ласкі — нягледзячы на згубу, што панавала навокал, засталося зусім некранутым, калі там маліўся народ. Расказваюць, што камяні, якія былі ў [снежных] камяках, пабіўшы некаторых, прынеслі ім смерць. Кажуць, некалькі камянёў доўга захоўваліся ў архіве нашага аршанскага дома (калегіюма). Услед за каменным градам пачаліся хваробы, але памерлі ўсяго некалькі каталікоў, хоць у горадзе гінулі юдэі і схізматыкі (праваслаўныя). Сам аўтар у зносцы да гэтага фрагмента адзначыў, што пра каменны град напісаў нехта недасведчаны ().

У выдадзеным у 1702 годзе атласе нямецкага географа-езуіта Генрыха Шэрара SJ (, 1628—1704), адзін з тамоў якога аўтар цалкам прысвяціў цудадзейным абразам і статуям Маці Божай, Фашчаўка пазначана сярод тых месцаў Вялікага княства Літоўскага, дзе знаходзіліся цудадзейныя выявы Панны Марыі. На гэтай жа старонцы ў скарочаным варыянце Шэрар перадрукаваў звесткі пра цудадзейны абраз Аршанскага калегіюма езуітаў з «Марыйнана атласа» кс. Гумпенберга 1672 года. А. В. Красоўскі лічыць, што аўтар проста не ведаў, што аршанскім езуітам належаў толькі адзін цудадзейны абраз Багародзіцы, а за Чарніцай да таго часу ўжо замацавлася іншая назва — Фашчаўка.

У XVIII ст. абраз знаходзіўся ў фашчаўскім касцёле і лічыўся цудадзейным, пра што сведчаць згадкі ў архіўных крыніцах. Так у 1713 годзе Рэгіна Кулакоўская — удава настаяцеля царквы св. Мікалая ў мястэчку Дуброўна Аршанскага павета пратапопа Кандрата Палікарповіча — у сваім тастаменце загадвала дзецям зрабіць ахвяру на хвалу Панны Марыі Фашчаўскай:Гарантую тым жа тастамэнтам маім, што з тых уладанняў маіх Кулакоўшчыны і Кавалеўшчыны на касцёл фарны 250 злотых, паводле рашэння яшчэ нябожчыка бацькі дабрадзея майго, павінны дзеці мае выплаціць, каб лямпа праз век жыцця чалавечага не згасаючы [гарэла] перад абразам Найсвяцейшай Панны Маці Божай Фашчаўскай, цудамі слыннай, за што Веліч Сына Свайго за душы нашыя прасіць будзе

Апісанне Апісанні ці выявы Багародзіцы Фашчаўскай раней XIX ст. на бягучы момант невядомыя.

Самае даўняе і найбольш падрабязнае з апісанняў абраза было знойдзена ў пратаколе генеральнай візітацыі фашчаўскага касцёла пад датаю 6 верасня 1805 года: У падаўчым інвентары фашчаўскага касцёла пад датаю 15 чэрвеня 1828 года абраз Панны Марыі таксама называецца цудадзейным, але яго апісанне не адрозніваецца ад папярэдняга — новыя звесткі толькі пра шату на абразе:

Тут маецца на ўвазе лотавая проба, а гэта значыць, што матэрыял шаты меў толькі ¼ частку срэбра.

Змены ў размяшчэнні абраза ў касцёле і яго аздабленні на працягу XIX ст. не зафіксаваныя. У інвентары касцёла пад датаю 13 мая 1903 года апісанне адрозніваецца ад папярэдніх толькі дэталямі:

У падаўчым інвентары пад датаю 10 ліпеня 1899 года яшчэ не адзначалася, што шанаваны абраз засланяўся іншай іконай Панны Марыі. А. В. Красоўскі мяркуе, што канструкцыя, якая дазваляла хаваць абраз, была зроблена паміж 1899 і 1903 гадамі, калі адміністратарам касцёла быў кс. Павел Карповіч (1900–1902) ці кс. Тамаш Чайкоўскі (1902–1903). Адзіная вядомая выява Багародзіцы Фашчаўскай захавалася дзякуючы фатаздымку пачатку ХХ ст. У 1990-х гадах у фашчаўскай парафіі быў знойдзены невялікі аркушык памерам 8х12,5 см, на адным баку якога — фатаграфічная выява Панны Марыі Фашчаўскай (арыгінальны подпіс ), а на адваротным — ананімны польскамоўны гімн «Песня пра Найсвяцейшую Панну Марыю Фашчаўскую» (). Год на аркушыку не пазначаны, але ідэнтычную выяву апублікаваў у 1911 годзе ў манаграфіі пра цудадзейныя марыйныя абразы езуіт кс. Алаізі Фрыдрых SJ (, 1850–1927), што дае падставы датаваць здымак пачаткам ХХ ст. Аўтар адзначаў, што частку звестак ён атрымаў ад фашчаўскага плябана кс. Антонія Мацулевіча, які ўзначальваў парафію ў 1909—1911 гадах, а таксама ад прыватных асоб.

А. В. Красоўскі выказвае меркаванне, што такія аркушыкі з Багародзіцай Фашчаўскай маглі друкавацца для прафіян ці пілігрымаў, і адзін экзэмпляр кс. Мацулевіч даслаў кс. Фрыдрыху. Трэба заўважыць, што сам кс. Фрыдрых не меў магчымасці наведаць Фашчаўку, бо ў той час езуітам было забаронена законам прыязджаць у Расійскую імперыю.

У той жа публікацыі кс. Фрыдрых падае апісанне абраза:

Як даўней, так і цяпер ласкамі слаўны абраз Марыі месціцца ў галоўным алтары. Найсвяцейшая Маці, паказаная больш як у палову роста, трымае на левай руцэ Боскае сваё Дзіця, а ў правай — жазло. Абраз аздоблены срэбным адзеннем і такімі ж каронамі. Акрамя таго, над абразом месціцца вялікая срэбная карона. На шыі Найсвяцейшай Панны знаходзіцца багата ўпрыгожаны срэбны крыж з часцінкамі Святой Зямлі.

Іншыя фотаздымкі ці выявы Фашчаўскай Багародзіцы на сённяшні дзень невядомыя, але нават у тым выглядзе, у якім паказаны абраз на маленькім аркушыку, ніхто з нашых сучаснікаў Багародзіцу Фашчаўскую не бачыў, бо ў 1912 годзе касцёл абрабавалі і сярод іншай маёмасці скралі аздобу з абраза.

Іканаграфічны тып Арыгінал іконы страчаны ў 1937 годзе і захаваўся ўсяго адзін фатаздымак пасрэднай якасці пачатку ХХ стагоддзя, на якім большая частка абраза схаваная пад шатаю, што робіць немагчымым дэталёвы мастацтвазнаўчы аналіз твора. Выява Багародзіцы на гэтым здымку належыць да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя: Панна Марыя трымае Хрыста на левай руцэ, у правай — жазло, пальцы правай рукі Ісуса складзены ў бласлаўляльным жэсце, а ў левай ён трымае Евангелле.

Беларуская спецыялістка па іканаграфіі, гісторык мастацтва Г. А. Флікоп-Світа адзначае, што прадстаўленая на адзіным вядомым фотаздымку іконы пакаленная выява Багародзіцы сустракаецца даволі рэдка, акрамя таго на большасці абразоў падобнай іканаграфіі Хрыстос трымае ў руках сферу, а не кнігу, але ўвесь твор вельмі характэрны для іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, ніякіх нечаканых рыс няма, ракурсы персанажаў традыцыйныя — маці павернутая да дзіцяціці (а яно — да яе) у тры чвэрці. Спецыялістка адзначае, што сярод тых выяў, якія захаваліся да цяперашняга часу, абразы такой іканаграфіі невядомыя, адшукаць іншыя прыклады гэтага іканаграфічнага зводу не ўдалося.