Валянцін Сцяпанавіч Рамановіч () — беларуска-польскі графік і мастак, педагог.
Бацька, Сцяпан Канстанцінавіч, быў настаўнікам-інспектарам Карэліцкага гарадскога вучылішча. Дзед па маці, Аляксандры, Георгій Зотаў, быў родам з Масквы, з сям’і іканапісцаў, у канцы ХІХ ст. асеў на Палессі.
Бацьку час ад часу пераводзілі на іншае месца работы, сям’я пераязджала за ім. Так, у чатырохгадовым узросце Валянцін апынуўся на Палессі, а ў 1921-м разам з бацькамі вярнуўся на Навагрудчыну. Вучыўся ў школе вёскі Падкасоўе, на радзіме бацькі, затым — у Карэлічах.
У 1924 годзе пачаў вучыцца ў дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Навагрудку, у 1929 г. на выставе ў вучэльні былі прадэманстраваны яго эцюды з натуры. У студзені 1931 г. паступіў вучыцца на мастацкі факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Вучыўся малюнку ў Бенедыкта Кубіцкага, потым быў вучнем Людаміра Сляндзінскага, настаўнікам графікі ў яго быў Ежы Хопен.
У 1934 скончыў вучобу і здаў экзамен, дзякуючы якому атрымаў права працаваць настаўнікам малявання ў сярэдніх школах. У той жа час ён пачаў вучыцца на медыцынскім факультэце сваёй альма-матэр, а падчас вучобы на трэцім курсе, у кастрычніку 1936 г., пачаў працаваць дэманстратарам на кафедры апісальнай анатоміі, якой кіравалі Міхал Райхер і Вітольд Сільвановіч. Пазней стаў там асістэнтам. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ён атрымаў пасаду выкладчыка і з 1 кастрычніка 1939 года да закрыцця ўніверсітэта чытаў лекцыі па мастацкай анатоміі на мастацкім факультэце.
Пісаў пейзажы тэхнікай алею, але быў вядомы пераважна як графік, ствараў ксілаграфіі і гравюры на медзі, некаторы час выкарыстоўваў і акватынту.
Яго творы змяшчаліся ў графічнай падпісцы на віленскі часопіс «Słowo» (1934, 1935, 1937 (двойчы), 1939) і «Kurier Wileński» (1940).
У 1936 годзе ўдзельнічаў у 2-й Міжнароднай выставе дрэварытаў у Варшаве, дзе выставіў дзве работы. Двойчы Міжнародны інстытут мастацтва ў Чыкага запрашаў яго ўзяць удзел у Міжнароднай выставе літаграфіі і дрэварыту (у сезонах 1937/38 і 1939/40).
У 1937 стаў адным з заснавальнікаў "Віленскай групы", з якой выстаўляў свае творы на выставе ў красавіку-траўні 1939 года.
З 1935 па 1940 год удзельнічаў у археалагічных і кансервацыйных работах на руінах замка ў Троках, якімі кіравалі Ян Бароўскі і Ежы Хопен.
У 1940 г. удзельнічаў у археалагічных і кансервацыйных работах у Ковенскім замку. Акрамя кансервацыйных работ, ён ствараў эскізы і малюнкі архітэктуры і яе наваколля.
На падставе сабраных у Троках матэрыялаў, пачынаючы з 1941 г., стварыў т.зв «Троцкі цыкл» першапачаткова павінен быў уключаць шэсць графічных пано, а ў выніку мастак стварыў комплекс з трыццаці дзвюх гравюр, скончыўшы працу над імі ў 1944 годзе.
У снежні 1944 года арыштаваны савецкімі ўладамі і ўтрымліваўся ў Лукішскай турме, дзе, хутчэй за ўсё, і загінуў 2 лютага 1945 года. Пра яго смерць не было афіцыйна павядомлена, яшчэ ў маі 1945 года рэктар Ягелонскага ўніверсітэта выслаў на імя мастака запрашэнне працаваць у кракаўскім універсітэце.
Жонка мастака — Альдона Рамановіч, у дзявоцтве Нябельская (1909-2009), жывапісец і рэстаўратар.
Калекцыя твораў Валянціна Рамановіча знаходзіцца ў Бібліятэцы Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, яе перадала туды ўдава мастака. Вёў асабісты дзённік на расійскай мове.
Бібліяграфія Святлана Кошур. Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 35 с. Сяргей Гваздзёў. Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі: нарысы. — Мінск, 2013. — С. 202—215. Jan Kotłowski. Grafika Walentego Romanowicza: 1911—1945. Toruń, 1987.
Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Графікі Польшчы Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Зняволеныя Лукішскай турмы Катэгорыя:Памерлі ў месцах пазбаўлення волі