Бібліятэка Будслаўскага кляштара бернардзінцаў — бібліятэка, якая існавала пры Будслаўскім кляштары бернардзінцаў у сярэдзіне 17 — сярэдзіне 19 ст. Найбольш ранні ўладальніцкі запіс на кнізе з бібліятэкі датуецца 1652 годам. У канцы 18 — пачатак 19 стагоддзя складалася з 2 частак: адна прызначалася для набажэнства, другая для студэнтаўпры кляштары ў 1731—97 дзейнічала школа маральнай тэалогіі і рыторыкі, у 1793 адкрыта 2-класная пачатковая школа, працавала музычная школа, быў створаны аркестр для суправаджэння богаслужэння ў касцёле. Кнігазбор уключаў выданні на польскай і лацінскай мовах па маральнай тэалогіі, аскетыцы, біблеістыцы, літургічныя кнігі. У бібліятэцы былі таксама выданні па геаграфіі, гісторыі, юрыспрудэнцыі, медыцыне. Асобна былі вылучаны харальныя кнігі. Літаратура для навучання — творы Цыцэрона, падручнікі па рыторыцы, слоўнікі — камплектавалася ў колькасці 3—9 асобнікаў. Пераважалі выданні 18 ст., меліся і XVI—XVII стст. Значная частка кніг была надрукавана ў беларуск. друкарнях у Нясвіжы, Полацку, Вільні; шмат было польскіх выданняў і выданняў з інш. еўрапейскіх краін — Італіі, Германіі і г.д. Кожны асобнік пазначаўся надпісам, які сведчыў аб яго прыналежнасці да кнігазбору Будслаўскага кляштара: «…Hic liber spectat … Conventus Budensis».
Рукапісны каталог бібліятэкі 1796, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, уключае 596 выданняў. Вядомы акты візітаў кляштара за 1817, 1819, 1822, 1837 і 1841 (захоўваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта), дзе зафіксаваны склад бібліятэкі, які вагаецца ад 786 (у 1819) да 1065 экзэмпляраў (у 1822). Пасля зачынення кляштара ў 1852 годзе кнігазбор захоўваўся ў Будслаўскім касцёле да сярэдзіны XX стагоддзя. У 1961 годзе бібліятэка вывезена ў Мінск і падзелена паміж Дзяржаўным гістарычным музеем (цяпер Нацыянальны гістарычны музей Беларусі) і Дзяржаўнай бібліятэкай БССР (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Кнігі з кляштарнай калекцыі сустракаюцца ў прыватных кнігазборах.
Літаратура
Барабаш Н. Книги из исторических белорусских собраний в фондах Национального музея истории и культуры Беларуси // Музей на мяжы стагоддзяў: традыцыйнае і новае ў канцэптуальных падыходах: матэрыялы навукова-практ. канф. (11 — 12снеж. 1997 г.). Мінск, 1998.
Катэгорыя:Будслаўскі кляштар бернардзінцаў Катэгорыя:Бібліятэкі Беларусі Катэгорыя:Культура Будслава