Тунку Абдул Рахман Путра аль-Хадж (, Алур-Сетар — , ) — палітычны і дзяржаўны дзеяч Малайзіі.

Першы прэм’ер-міністр незалежнай Малайскай Федэрацыі.

Біяграфія Сёмы сын султана Кедаха (Брытанская Малая) Абдул Хаміда Шаха і яго чацвёртай жонкі, Чэ Манжалары, дачкі тайскага правінцыйнага чыноўніка. Адзінакроўны брат султана Бадлішаха.

Скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт у 1925 годзе. Пасля вяртання на радзіму знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Падчас японскай акупацыі Малаі (снежань 1941—1945 гг.) — у адміністрацыі султанату ў Кедаху. Пасля вайны атрымаў допуск да юрыдычнай практыкі і працаваў у пракуратуры Куала-Лумпура.

У 1951 годзе ўзначаліў Аб’яднаную малайскую нацыянальную арганізацыю (АМНА) — палітычную сілу, якая прадстаўляла малайскую абшчыну краіны. У 1955 годзе, пасля аб’яднання трох нацыянальных партый (ОМНО, Кітайскай асацыяцыі Малаі і Індыйскага кангрэса Малаі) у Саюзную партыю Малаі, стаў яе старшынёй. Пасля перамогі Саюзнай партыі на парламенцкіх выбарах 1955 года — галоўны міністр і міністр унутраных спраў Малайскай Федэрацыі.

У студзені 1956 года ўзначальваў дэлегацыю на перамовах з брытанскім урадам у Лондане пра неадкладнае прадастаўленне Малаі ўнутранага самакіравання, а ў далейшым — незалежнасці. Пасля абвяшчэння незалежнасці 31 жніўня 1957 года застаўся на чале ўрада, як прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Малайскай Федэрацыі (з 1963 — Малайзіі).

У 1961 годзе вылучыў план аб’яднання Малайскай федэрацыі і калоній Вялікабрытаніі Сінгапура, Сабаха, Саравака і Брунея ў Федэрацыю Малайзія. 16 верасня 1963 года аб’яднанне адбылося (без Брунея; Сінгапур выйшаў са складу 9 жніўня 1965 года).

Пасля міжнацыянальных сутыкненняў (май 1969 года) сышоў у адстаўку (у 1970 годзе) і адышоў ад палітычнай дзейнасці.

У 1969—1973 гадах займаў пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі «Ісламская канферэнцыя».

У 1983 годзе Абдул Рахман быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй караля Фейсала.

Крыніцы