Украі́на ( ) — краіна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Беларуссю на поўначы, Расіяй на ўсходзе, Венгрыяй, Польшчай і Славакіяй на захадзе, Румыніяй і Малдовай на паўднёвым захадзе. Абмываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні. Бесперапынна дзяржаўнасць існуе з 1917 года. Незалежнасць адноўлена ў 1991 годзе. Сталіца — Кіеў ().

Па плошчы Украіна займае 44-е месца ў свеце і першае месца — сярод краін, цалкам размешчаных у Еўропе (Расія, еўрапейская плошча якой значна большая, размешчана ў Еўропе толькі часткова).

З 20 лютага 2014 года Украіна абараняецца ад узброенага ўварвання Расійскай Федэрацыі, складнікамі якога з’яўляюцца анексія Крыму і акупацыя часткі Данецкай і Луганскай абласцей. Новы этап расійска-украінскай вайны пачаўся 24 лютага 2022 года з маштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Геаграфія

Украіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніны, на яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія (часткова) і Крымскія горы. Найвышэйшы пункт Украіны — гара Гаверла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора. Найвышэйшая гара Крыму — Раман-Кош (1545 м).

Найважнейшымі мінеральнымі багаццямі Украіны з’яўляюцца вугаль (Данбас), жалезныя (Крывы Рог, Крамянчуг, Запарожжа, Керчанскі паўвостраў) і марганцавыя (Нікапаль) руды, а таксама руды каляровых металаў (Запарожская вобл.). На паўночным усходзе і ў Перадкарпацці ёсць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных соляў. Хімічная сыравіна прадстаўлена солямі рознага паходжання (заліў Сіваш у Азоўскім моры) і прыроднай серай (Роздал у Львоўскай вобласці). На поўдні краіны ёсць вялікія радовішчы крэйды і кааліну.

Клімат Украіны — умерана кантынентальны, толькі на паўднёвай ускраіне — чарнаморскім узбярэжжы Крыма, агароджаным з поўначы гарамі, — субтрапічны. Лета ўсюды цёплае — ад +19 °C на поўначы да +24 °C на поўдні. Больш халодныя зімы (да −8 °C) на паўночным усходзе; паўднёва-заходняе ўзбярэжжа Крыма перасякае ізатэрма 0 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з паўночнага захаду на поўдзень і паўднёвы ўсход ад 700 мм у Карпатах і 550 мм на Палессі да 450 мм на нізінах Прычарнамор’я. Для ўсёй тэрыторыі, акрамя субтропікаў, характэрны летні максімум; дажджы выпадаюць у выглядзе ліўняў. Снегавое покрыва бывае паўсюдна, але ў Крыме выпаўшы снег звычайна адразу растае. Лета і зіма ва Украіне наступаюць хутчэй, чым на захадзе Еўропы. Ранняй вясной снег хутка растае, і расталыя воды размываюць складзеныя рыхлымі пародамі схілы ўзвышшаў; бурныя летнія ліўні паглыбляюць яры.

У кліматычных адносінах раўнінную тэрыторыю Украіны падзяляецца на тры зоны. На поўначы, у Палессі, дзе размяшчаецца зона змяшаных лясоў, лета халаднаватае, зіма снежная і мяккая. Шырокая паласа лесастэпу, якая ляжыць у цэнтры краіны, адрозніваецца спрыяльным умерана-кантынентальным кліматам з халаднаватай зімой і цёплым летам, што робіць гэты рэгіён найболей спрыяльным для пражывання людзей і вядзення гаспадаркі. Размешчаная на поўдні зона стэпу адрозніваецца найбольшай кантынентальнасцю, гарачым сухім летам і маласнежнай зімой.

Своеасаблівы клімат у горных раёнаў Украіны. Паўднёвы бераг Крыму мае субтрапічны міжземнаморскі клімат з вільготнай зімой і засушлівым летам. Украінскія Карпаты адрозніваюцца ўмерана кантынентальным кліматам з вільготнай мяккай зімою і негарачым летам. Найбольшая колькасць ападкаў фіксуецца ў Карпатах (да 2000 мм у год), найменшая — Заходнім Крыме (каля 300 мм у год).

Галоўная рака Украіны — Дняпро. Перасякаючы Украіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр і Паўднёвы Буг. Праз дэльту Дунаю праходзіць мяжа Украіны з Румыніяй.

На тэрыторыі Украіны знаходзіцца больш за 3 тысячы азёр, у асноўным дробных, плошчаю да 0,1 км². Большая іх частка размешчана ў Палессі, на поўначы краіны. У Адэскай вобласці, каля Дунаю, знаходзіцца група азёр, якія сфармаваліся як затопленыя вусця прытокаў Дунаю. Найбольшае возера Украіны — Сасык (Кундук) (210 км²) у Адэскай вобласці. Найглыбейшае возера краіны — Свіцязь (58 м), найбольшае з Шацкіх азёраў, што знаходзяцца ў Валынскай вобласці. На Дняпры створаны велізарныя вадасховішчы (Кіеўскае вадасховішча і інш.).

Нягледзячы на сваю шматлікасць, рэкі Украіны пераважна малаводныя, за выняткам Дняпра, таму краіна адчувае недахоп водных рэсурсаў. Асабліва бедныя воднымі рэсурсамі паўднёвы ўсход Украіны і Крымскі паўвостраў. На горных жа рэках у Карпатах часта здараюцца паводкі.

Дзве трэці тэрыторыі Украіны пакрыты ўрадлівымі чарназёмнымі глебамі. На поўначы краіны пераважаюць шэрыя лясныя ды дзярнова-падзолістыя глебы, у сухіх стэпах поўдню — каштанавыя.

На раўніннай частцы краіны выдзяляюць тры прыродныя зоны: лясную (на поўначы), лесастэпавую (у сярэдняй частцы) і стэпавую (на поўдні).

Лясной зоне ўласцівыя мяшаныя і шыракалістыя лясы з белай піхтай, сасной, букам і дубам. У лесастэпах пераважае дуб. У стэпах найбольш пашыраныя злакавыя травы: тыпчак, кавыль, цімафееўка, пырнік. У Карпатах расце бук, дуб, елка, піхта, у Крымскіх гарах — бук, дуб, сасна, ядловец. На паўднёвым беразе Крыма шмат паркаў з рознымі відамі міжземнаморскай флоры: кедры, кіпарысы і інш.

Ва Украіне жывуць каля 28 тысяч розных відаў жывёл, у тым ліку 101 від млекакормячых, 350 відаў птушак, 21 від паўзуноў, 19 відаў земнаводных і больш за 200 відаў рыб. У лясах жывуць мядзведзі, зайцы, дзікі, лісіцы, рысі, цецярукі, арлы, ястрабы, совы. У лесастэпах сустракаюцца алені, дзікі, ваўкі, таксама грызуны. Для стэпаў найбольш характэрныя грызуны і палявыя птушкі.

Ва Украіне існуюць 16 запаведнікаў, у якіх захоўваецца прырода ўкраінскіх лясоў, стэпаў і гор. Найбольш вядомыя Асканія-Нова, Украінскі стэпавы, Крымскі.

Гісторыя

Даславянскі перыяд (да VIII ст.) Тэрыторыя сучаснай Украіны пачала асвойвацца першабытнымі людзьмі яшчэ ў каменным веку — сама старажытнай стаянкай на сённяшні дзень лічыцца Каралёва ў Закарпацці. Адносна шчыльна былі заселены таксама сярэдняе Паднястроўе, раён дняпроўскіх парогаў і прадгор’і Крыму. У часы максімальнага аледзянення каля 100 тыс. гадоў таму паўночна-заходняя частка тэрыторыі Украіны была пакрыта ледавіковым шчытом. Падчас апошняга зледзянення паўднёвая мяжа ледавіка праходзіла па Палессі. Астатняя тэрыторыя была пакрыта тундрай і халоднымі стэпамі. Перыяд неаліту і энеаліту (медны век) прадстаўлены Трыпольскай культурай, помнікі і перыяды якой даследчыкі падзяляюць на тры этапы: ранні (4500-3500), сярэдні (3500-2750) і позні (2750—2000 да н.э.). Гэтая культура Правабярэжнай Украіны лічыцца адной з самых развітых раннеземляробчых археалагічных культур Усходняй Еўропы. Для перыяду бронзавага веку для тэрыторый паўднёва-заходняй часткі характэрна белагрудаўская культура.

Усяго на тэрыторыі Украіны вядома некалькі дзесяткаў дагістарычных археалагічных культур палеаліту, мезаліту, неаліту, бронзавага, меднага і жалезнага вякоў. Знаходкі археолагаў дазваляюць меркаваць, што менавіта на гэтых землях быў упершыню выкарыстаны конь для верхавой язды.

На ўзбярэжжы Крыму з 8 стагоддзя да н.э. ўзнікаюць грэчаскія калоніі, галоўныя з якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Гэтыя землі з 1 стагоддзя да н.э. трапілі пад уплыў Рыму. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н.э.— 7 ст. да н.э.), скіфы (7 — 3 стст. да н.э.), сарматы (3 ст. да н.э.— 3 ст. н.э.).

Перыяд Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі (VIII—XIV стст.) З IV ст. пачынаецца эпоха Вялікага Перасялення народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране, валыняне ды інш. Паступова на гэтых землях фарміруецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне. З 862 года Кіеўскай Руссю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці, а потым і цалкам знішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікнення качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клопатаў. З XII стагоддзя Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны галоўнымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. Антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа пасля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII стагоддзі ў горнай частцы Крыму ўзнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узнікла народнасць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з’яўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII стагоддзя трапляе пад уладу татар.

Польска-літоўскі і турэцкі перыяд (XIV ст.— канец XVIII ст.)

З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Вялікае Княства Літоўскае, якое ўзнікла ў XIII ст., значна ўзмацняцца ад часоў княжання Гедзіміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэнне, бо ВКЛ, як і Масква, прэтэндавала на званне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідарам у «збіранні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Вялікае Княства Маскоўскае, якое ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў ВКЛ частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на ўтварэнне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між ВКЛ і Крымскім ханствам. У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам ВКЛ, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палессе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі ВКЛ. У 1596 годзе Кіеўская мітраполія заключыла з Рымска-каталіцкаю царквой Берасцейскую царкоўную вунію, паводле якой перайшла пад уладу рымскага папы. Палітыка апалячвання ды акаталічвання прывяла да антыпольскіх паўстанняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасля шэрагу паразаў гетман Хмяльніцкі быў вымушаны перайсці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай Радзе. Гэтая падзея выклікала «руска-польскую вайну», у выніку якой да Маскоўскага царства адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасцей, тут утвараецца крымска-татарскі этнас, які складаў большасць на паўвостраве аж да дэпартацыі 1944. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор’я і Прыазоў’я, а таксама вялікую частку сённяшняга Краснадарскага края Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. У 1783 г. Расійская імперыя заваявала Крымскае ханства.

Перыяд Расійскай і Аўстрыйскай імперыяў (канец XVIII ст.— 1917)