Эсхіл (, 525 да н.э., Элеўсін, Грэцыя — 456 да н.э., Геле, Сіцылія) — старажытнагрэчаскі драматург, бацька еўрапейскай трагедыі, які стварыў новыя сцэнічныя магчымасці праз увядзенне другога акцёра (даэсхілаўская трагедыя ўяўляла сабою харавую кантату з удзелам аднаго акцёра-дэкламатара).

Біяграфічныя звесткі Прымаў удзел у войнах супраць персаў: у Марафонскай бітве (490 да н.э.), бітве пры Саламіне (480 да н.э.) і, магчыма, у бітве пры Платэях (479 да н.э.).

Творчасць Аўтар трагедый «Прасіцелькі», «Персы», «Сямёра супраць Фіваў», «Прыкуты Праметэй» і трылогіі «Арэстэя». Вядомыя назвы яшчэ каля 80-ці твораў Эсхіла (трагедыі, сатыраўскія драмы), частка якіх дайшла да нас у фрагментах. Творы Эсхіла заснаваныя на міфах, у якія грэкі яшчэ верылі абсалютна. Эсхіл не выпраўляе міфы, не інтэрпрэтуе іх, але ж міфы ў народзе перадаюцца ў безлічы варыянтаў, і Эсхіл выбірае адпаведны яго задуме варыянт-сюжэт.

Найбольш вядомая трагедыя Эсхіла — «Прыкуты Праметэй». Сюжэт яе шырока вядомы. Зеўс карае, прыкоўваючы да гары Каўказа, тытана Праметэя за выкрадзены тым на Алімпе і падараваны людзям свяшчэнны агонь. Аўтар у п’есе як быццам сумняваецца ў справядлівасці Зеўса. На самай справе гэта літаратурны інтрыгуючы прыём, бо ў Эсхіла была яшчэ адна п’еса — «Вызвалены Праметэй», дзе драматург вяртае веру ў справядлівы касмічны парадак: абодва персанажы — Зеўс і Праметэй — прыйшлі да кампрамісу, адмовіліся ад сваіх пераваг дзеля вышэйшай мэты — гармоніі свету. А ўвогуле дзве трагедыі — часткі трылогіі; тады пісалі п’есы і выконвалі на працягу трох дзён каляндарнага свята.

Беларускія пераклады

Трагедыі «Персы» і «Прыкуты Праметэй» на беларускую мову пераклаў Л. Баршчэўскі (зб. «Старагрэцкая драматургія», 2020).

Літаратура

Лебядзевіч, Дз. М. Трагедыя Эсхіла «Прыкуты Праметэй» // Беларуская мова і літаратура. — 1996. — Вып.2. Ратабыльская, Т. А. Гісторыя сусветнага тэатра: Эсхіл // Народная асвета. — 1996. — № 3. Эсхіл. Прыкуты Праметэй; Сафокл. Антыгона. — Мн., 1993. Ярхо, В. Н. Эсхил. — М., 1958.

Спасылкі

Грэчаскія тэксты і англійскія пераклады 7 трагедый

Катэгорыя:Драматургі Старажытнай Грэцыі