1 красавіка 2024 года каля 17:00 ВПС Ізраіля атакавалі іранскае консульства ў г. Дамаск (Сірыя). Будынак быў знішчаны. Іранскі пасол Хасейн Акбары сцвярджаў, што дыппрадстаўніцтва абстраляна шасцю ракетамі з самалётаў F-35.
Пры ўдары загінулі 16 чалавек: 7 членаў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), 1 прадстаўнік Хезбалы, 5 праіранскіх апалчэнцаў, іранскі саветнік, 2 грамадзянскія асобы. Як мяркуецца, галоўнай мэтай быў камандуючы спецпадраздзяленнем Кодс брыгадны генерал Махамад Рэза Захедзі, які загінуў пры бамбардзіроўцы.
Міністр замежных спраў Сірыі Фейсал Мекдад рашуча асудзіў авіяўдар, назваўшы яго тэрактам. Прэс-сакратар МЗС Ірана Насер Канаані адзначыў, што ўдар па консульстве з’яўлецца грубым парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года і заклікаў міжнародную супольнасць і ААН прыняць неабходныя меры. Ізраільскі бок першапачаткова адмовіўся ад каментароў, але пазней заявіў, што дадзены аб’ект не быў консульствам.
Рэгіянальнае камандаванне сіл «Кудс» паабяцала беспрэцэдэнтны ўдар у адказ.
Бамбардзіроўку асудзілі ААН, Кітай, Расія, Катар, Аман, Саудаўская Аравія, Пакістан і іншыя.
Інцыдэнт супаў з нацыянальным святам Ірана — Днём Ісламскай Рэспублікі Іран.
13 красавіка Іран і яго саюзнікі нанеслі магутны ўдар балістычнымі ракетамі і дронамі па ізраільскай тэрыторыі.
Заўвагі
Катэгорыя:Ірана-ізраільскі канфлікт Катэгорыя:Грамадзянская вайна ў Сірыі Катэгорыя:Падзеі 1 красавіка Катэгорыя:Красавік 2024 года Катэгорыя:2024 год у Сірыі