Ліда — ваенны аэрадром у Беларусі, размешчаны на ўсход ад аднайменнага горада Ліда Гродзенскай вобласці. Адзін з найстарэйшых аэрадромаў свету.

У царскі перыяд У 1906 годзе ў Ліду з Далёкага Усходу перамешчана 9-я паветраплавальная рота маньчжурскай арміі. У наступным годзе тут была сфарміравана спецыяльная рота, якая мела на ўзбраенні некалькі дырыжабляў («Альбатрос», «Астра», «Голуб» і «Грыф»Виктор Шунков, Анна Спектор, Андрей Мерников. Полная энциклопедия. Русская Армия в Первой мировой войне (1914–1918). — Москва: АСТ, 2014. — С. 148. — 240 с. — ISBN 978-5-17-084897-3.), каля 300 салдат і 9 афіцэраў, а таксама 150 коней і 120 павозак. Аднак лётнае поле і неабходная інфраструктура, уключаючы элінгі для дырыжабляў, былі пабудаваныя толькі ў 1910-м. 18 чэрвеня 1914 года на аэрадроме сфарміраваны 3-ці корпусны авіяцыйны атрад расійскага імператарскага Паветранага флоту, пераемнікам якога ў чэрвені 1938 года стаў 15-ы знішчальны авіяцыйны полкАнохин В. А., Быков М. Ю. Все истребительные авиаполки Сталина. Первая полная энциклопедия. — Научно-популярное издание. — М.: Яуза-пресс, 2014. — С. 315. — 944 с. — 1500 экз. — ISBN 978-5-9955-0707-9..

У канцы ліпеня 1914 года ў Лідзе сфарміравана 4-я авіяцыйная рота на трох бамбардзіроўшчыках «Ілля Мурамец».

У польскі перыяд З вясны 1921 года па восень 1939 года на аэрадроме базаваліся авіяцыйныя падраздзяленні Польшчы: спачатку гэта быў 11-ы полк знішчальнікаў, затым 5-ы бамбардзіровачны полк. У верасні 1939 года частка самалётаў прынялі ўдзел у нямецка-польскай вайне. Перад прыходам Чырвонай Арміі 20 машын змаглі пераляцець у Латвію. Астатнія 23 (у тым ліку 11 непашкоджаных) засталіся на аэрадроме і сталі трафеямі РСЧА.

У савецкі перыяд У лютым 1940 года на аб’ект перабазаваўся 31-ы знішчальны авіяцыйны полк. Станам на 31 мая 1941 года на аэрадроме размяшчаліся: упраўленне 11-й змешанай авіядывізіі; 122-і знішчальны авіяцыйны полк; авіясклад № 899, 213-я стацыянарная авіямайстэрня, штаб 38-й авіябазы, 165-ы батальён аэрадромнага забеспячэння і яго падраздзяленне абслугоўвання, 152-я аэрадромна-тэхнічная рота. Падчас нямецкай акупацыі на аэрадроме базаваліся падраздзяленні Люфтвафэ. Пазней, з 5 верасня 1944 года па 22 снежня 1944 года, у Лідзе знаходзіўся 8-ы авіяцыйны Смаленскі корпус далёкага дзеяння.

У пасляваенны перыяд аб’ект быў базай наступных часцей: 74-ы гвардзейскі штурмавы авіяцыйны Сталінградскі Чырванасцяжны ордэна Суворава полк (з 9 жніўня 1945 года па красавік 1960 года); 136-ы гвардзейскі штурмавы авіяцыйны сталінскі Чырванасцяжны ордэна Суворава полк (з 9 жніўня 1945 года па красавік 1960 года); 1-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная Сталінградская ордэна Леніна двойчы Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава дывізія (з верасня 1952 года па 1993 год); 911-ы знішчальны авіяцыйны полк (з 11 лістапада 1953 года па чэрвень 1989 года).

Сучасная гісторыя Пасля распаду Савецкага Саюза на аб’ект перабазаваўся 206-ы асобны штурмавы авіяцыйны полк, на аснове якога створана 206-я гвардзейская штурмавая Чырванасцяжная Радамская авіяцыйная база. У 2010 годзе на аэрадроме сфарміраваны 206-ы цэнтр падрыхтоўкі лётнага складу ВПС Беларусі, а 206-я гвардзейская штурмавая Чырванасцяжная Радамская авіябаза стала 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай Радамскай Чырванасцяжнай базай.

Падчас уварвання Расіі ва Украіну лідская авіябаза выкарыстоўвалася расійскай авіяцыяй (277-ы бамбардзіровачны авіяцыйны полк на Су-24).

Заўвагі

Спасылкі

Карта аэрадрома Аэродром Лида в годы становления российской военной авиации Аэродром Лида. Газета Беларусь сегодня

Катэгорыя:Аэрадромы Беларусі Катэгорыя:Ліда