«Алімпійскі стадыён Іў дзю Мануар» (фр. Stade Olympique Yves-du-Manoir), таксама вядомы як «Каломб» — стадыён, размешчаны ў прыгарадзе Парыжа Каломбе. Пабудаваны ў 1907 годзе і названы ў гонар славутага французскага гульца рэгбі Іва дзю Мануара пасля яго гібелі ў авіякатастрофе ў 1928 годзе.

У 1924 годзе стадыён стаў галоўнай арэнай летніх Алімпійскіх гульняў 1924 года, на момант правядзення гульняў умяшчаў 45 000 гледачоў. Падрыхтоўка стадыёна да Алімпіяды абышлася ўладам Парыжа ў 4 млн франкаў. У 1938 годзе стадыён, умяшчальнасць якога была павялічана да 60 000 гледачоў, стаў галоўным стадыёнам чэмпіянату свету па футболе, 19 чэрвеня 1938 года на ім быў згуляны фінальны матч турніру, у якім зборная Італіі з лікам 4:2 перайграла зборную Венгрыі.

У 1930-х — 1970-х гадах з’яўляўся адным з галоўных у Францыі, на ім праводзілі хатнія матчы зборныя Францыі па футболе і рэгбі, нярэдка ён станавіўся месцам правядзення нацыянальных футбольных кубкаў. Аднак пасля рэстаўрацыі ў 1972 годзе стадыёна «Парк дэ Прэнс» галоўныя футбольныя падзеі перамясціліся туды. Апошні міжнародны матч на стадыёне «Каломб» зборная Францыі згуляла ў 1975 годзе.

У 2023 годзе стадыён умяшчаў 14 000 гледачоў і з’яўляецца хатняй арэнай футбольнага клуба «Расінг Клюб дэ Франс», які выступае ў ніжэйшых французскіх лігах.

Падчас летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года на стадыёне павінны прайсці матчы па хакеі на траве.

Катэгорыя:Стадыёны Францыі