Міжабшчынныя канфлікты ў Нігерыі — серыя канфліктаў на тэрыторыі Нігерыі паміж этнічнымі, рэлігійнымі і культурнымі групамі насельніцтва.

Агляд У канфесійным плане краіна фактычна расколатая на дзве часткі: на поўначы краіны пераважаюць мусульмане, на поўдні — хрысціяне (падзел выяўляецца ў многіх аспектах жыцця грамадства). Міжабшчынныя адносіны характарызуюцца крайняй ступенню напружанасці, якая асабліва ўзмацнілася з канца 80-х гг. XX стагоддзя, што звязана з ростам уплыву фундаменталісцкіх рэлігійных рухаў ва ўсім свеце. У выніку ўсе значныя пратэстныя рухі ў Нігерыі, выкліканыя нявырашанасцю сацыяльна-эканамічных праблем, прынялі форму рэлігійных канфліктаў — перш за ўсё мусульманска-хрысціянскага проціборства.

Па Канстытуцыі Нігерыі ўрады штатаў не маюць права прымаць якую-небудзь рэлігію ў якасці дзяржаўнай, аднак у ёй адсутнічаюць прамыя ўказанні на свецкі характар нігерыйскай дзяржавы. Тым не менш у лістападзе 1999 г. на вобласць крымінальнага права ў штаце Замфара распаўсюджана шарыяцкае судаводства, а пазней аналагічнае рашэнне прынялі ўлады яшчэ 11 паўночных рэгіёнаў. Рэформы выклікалі вельмі негатыўную рэакцыю хрысціянскай абшчыны, якая баялася паступовага ператварэння краіны ў ісламскую дзяржаву.

Цэнтральнае месца ў міжканфесійнай міжабшчыннай варожасці ў Нігерыі заняла дзейнасць фундаменталісцкай ісламісцкай арганізацыі «Бока Харам», якая актывізавала сваю дзейнасць у 2009 годзе. На фоне гвалту з боку мусульман пачаўся і гвалт з боку хрысціян. Яны сталі групавацца ў банды і праводзіць масавыя забойствы іншаверцаў. Заходнія медыя часта называюць дадзенае супрацьстаянне вызначальным у канфлікце нігерыйскага грамадства. Пры гэтым ахвярамі нападаў «Бока Харам» часцей за ўсё становяцца мусульмане, а на цэрквы баевікі нападаюць усё радзей.

Для поўначы паўночнага ўсходу і сярэдняй паласы актуальная праблема сутычак жывёлагадоўцаў і фермераў з-за праблем карыстання зямлёй і забруджвання вады (першыя праз частыя засухі былі вымушаны перасяліцца ў рэгіёны пражывання другіх). Разам з тым, так як абедзве групы вызнаюць розныя рэлігіі, канфлікт набыў яшчэ міжканфесійны характар. Паралельна тут дзейнічаюць групоўкі з ліку прадстаўнікоў народа фульбэ, якія часта сутыкаюцца з этнасамі хаўса і кануры.

Гл. таксама Бандыцкая вайна ў Нігерыі Вайна супраць Бока Харам Канфлікт у дэльце Нігера

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Войны НігерыіКатэгорыя:Міжэтнічныя канфліктыКатэгорыя:Рэлігійныя канфлікты