Fahd — егіпецкі бронетранспарцёр з колавай формулай 4x4. Створаны на базе шасі грузавіка Mercedes-Benz LAP 1117/32.
Апісанне Корпус суцэльназварны сталёвы. Браня забяспечвае поўную абарону ад снарадаў калібра 7,62 мм і аскепкаў. Аўтамабіль абсталяваны кандыцыянерам. Кіроўца сядзіць у пярэдняй частцы машыны з левага боку, а камандзір — справа. Дэсантнае аддзяленне знаходзіцца ў задняй частцы корпуса. Дэсант сядзіць на індывідуальных коўшападобных сядзеннях па цэнтры машыны тварам вонкі.
Узбраенне мацуецца на даху. Яно звычайна складаецца з трох кулямётаў ПК альбо FN MAG.
БТР Fahd развівае максімальную хуткасць да 100 км/г. Сярэдняя хуткасць складае 65 км/г. Рухавік 4-тактны дызельны Mercedes-Benz Diesel OM 366 LA з вадзяным астуджэннем у 280 к.с. пры 2200 абаротах у хвіліну. Машына здольная пераадольваць схілы да 80%, бакавыя ўхілы да 30%, траншэі шырынёй да 0,8 м, вертыкальныя перашкоды вышынёй 0,5 м. Радыус павароту складае 8 м.
Варыянты Выкарыстоўваецца як камандна-штабная машына, машына хуткай дапамогі, лёгкабраніраваная эвакуацыйная машына. Прымяняецца для барацьбы з масавымі беспарадкамі, мініравання і размініравання.
Таксама маюцца наступныя мадыфікацыі: Fahd 240. Мае больш магутны рухавік і невялікае павелічэнне броні. Важыць 11,6 тоны. Узбраенне складаецца з 20-міліметровай аўтаматычнай гарматы і супрацьтанкавай кіраванай ракеты MILAN. Fahd 240 (рамонтна-тэхнічны). Мае 2,5-тонны паваротны гідраўлічны кран, усталяваны на задняй частцы даху з тэлескапічнай стралой. Вага машыны — 13 тон, вышыня — 2,8 метра. Аўтамабіль абсталёўваецца паветраным кампрэсарам, электрычным блокам, зараднай прыладай для акумулятараў, выпрабавальным блокам, шліфавальнай машынкай, камплектам для рамонту шын, камплектам радыятараў, наборам інструментаў. Fahd 280 w/ BTM-208 Turret. Абсталяваны вежай з падвойным узбраеннем, якая мае 12,7 мм альбо 7,62 мм кулямёт. Даданне вежы патрабуе трэцяга члена экіпажа, наводчыка, але гэта не ўплывае на пасажыраўмяшчальнасць. Вежа — французская BTM-208, вырабленая па ліцэнзіі французскай кампаніі SAMM. Абсталяваны прыцэльным тэлескапічным перыскопам, перыскопам з паваротным люстэркам. Fahd 280-30. Прэзентаваны ў 1990 годзе. Узброены 30-мм аўтаматычнай гарматай з падвойным сілкаваннем, адзін для фугасных снарадаў, другі — для бронебойных снарадаў. Таксама мае спараны 7,62-мм кулямёт ПК і пускавую ўстаноўку СТКР. Fahd 300. Прэзентаваны на выставе EDEX 2018. Пабудаваны на шасі Tatra. Абсталяваны турбадызельным рухавіком Cummins, развіваючы максімальную хуткасць да 105 км/г. Можа змясціць 13 вайскоўцаў, уключаючы кіроўцу, камандзіра і наводчыка. V-вобразная канструкцыя корпуса забяспечвае абарону ад мін і самаробных выбуховых прылад.
Аператары БТР выкарыстоўваецца Алжырам, Бангладэш, Бурундзі, Буркіна-Фасо, ДР Конга, Егіптам, Іракам, Францыяй, Кувейтам, Малі, Аманам, Суданам.
Крыніцы
Спасылкі Тэхнічны пашпарт Fahd APC Старонка аўтамабіля на афіцыйным сайце AOI Старонка аўтамабіля на GlobalSecurity.org
Катэгорыя:Бронетранспарцёры