Мацей з Манколіна (), пасля Мацей Калецкі (; каля 1498 — 30.12.1576) — палітычны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Біяграфія Паходзіў з сялянскага роду з Мазовіі, яго бацька Станіслаў быў вясковым войтам у Манколіне. Магчыма, атрымаў вышэйшую адукацыю. Мяркуецца, што пачаў кар’еру пры двары апошніх мазавецкіх князёў. Яму спрыяў плоцкі біскуп (з 1527) , які прыняў Мацея ў сваё гербавае брацтва і надаў яму герб «Котвіч»; набілітаваны на сойме 1533 года.

Пасля служыў пры двары вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны, памочнік яе лацінскага сакратара Яна Лявіцкага, потым сакратар Боны (лічыўся яе галоўным сакратаром). Прыкладна з 1547 сакратар вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста, узначальваў лацінска-польскі аддзел канцылярыі ВКЛ.

Атрымаў ад Боны і Жыгімонта Аўгуста шмат бенефіцый у Польшчы і ВКЛ, у т.л. алтарыю Св. Тройцы ў Мейшагале (1533), пасады каноніка віленскага, прэпазіта троцкага (да 1548). Да 1533 набыў з братам Паўлам (доктар абодвух правоў, будучы абат плоцкі) маёнтак Калечыцы, дзе фундавалі касцёл. Ад назвы маёнтка ўтварылася прозвішча Калецкіх. У старасці Мацей Калецкі вярнуўся ў Мазовію, жыў у Пултуску.

Літаратура