Вераценнік вялікі ці Грыцук вялікі (Limosa limosa) — буйны кулік з сямейства бакасавых. Народныя назвы: крыцук, грута, грыта, не́цяг. Гняздуе ў вільготных нізінах і забалочаных ландшафтах ад Ісландыі да Далёкага Усходу. Раён зімовак вельмі шырокі — Заходняя і Паўднёвая Еўропа, Афрыка, Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія, Аўстралія.
Знешні выгляд
Буйны элегантны кулік з адносна маленькай галавой, доўгай дзюбай і доўгімі нагамі. Памерамі параўнальны з сярэднім кулонам (Numenius phaeopus), аднак мае больш ладны целасклад. Даўжыня 36—44 см, размах крылаў 70—82 см, маса 160—500 г., самцы ў сярэднім крыху драбнейшыя самак (у сярэднім 280 і 340 г адпаведна) і маюць больш кароткую дзюбу.
Апярэнне спіны рыжавата-бурае, стракатае, галавы і грудзей — ржава-рыжае. Бакі белыя з папярочнымі бурымі і рыжымі палосамі. Бруха белае, хвост чорны з белай асновай. На крылах белая палоса. Ногі чорныя.
Пашырэнне Арэал: Ісландыя, лакальна Заходняя Еўропа і ад Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паласой праз Азію да Сахаліна і Камчаткі. Насяляе вільготныя лугі і балоты з купінамі асакі, вільготныя тарфянікі, травяністыя берагі азёр, прыгнечаныя стэпы. Пранікае на сельгастэрыторыі (асабліва на пашы, лугі, вільготныя палі).
Пералёты від. Месцы зімовак: у Еўропе — міжземнаморскія краіны, Малая Азія, Месапатамія, Паўднёва-Усходняя Азія, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, Аўстралія, Паўночная і Экватарыяльная Афрыка.
На Беларусі нешматлікі, але яшчэ месцамі звычайны пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Асаблівасці біялогіі Гняздо ў неглыбокай ямцы на выступаючай з вады купіне траў і асок або на культурных лугах на сухіх месцах, часта пад кустом, з бакоў пад прыкрыццем раслін. Чашападобнае, з невялікай колькасці лістоў асок, сцёблаў хвашчу, лісця або іншай расліннасці. У выключных выпадках гнёзды размяшчае на плыткай вадзе (глыбінёй 10 — 20 см), і яны ў выглядзе стажка са шчыльна ўкладзенага матэрыялу.
Яйкі (3-4, часам 5), авальныя або грушападобныя, аліўкава-зеленаватыя, аліўкава-бурыя альбо аліўкава-жоўтыя, часам цёмна-карычневыя. Глыбокія плямкі шэравата-карычневыя, паверхневыя – (даволі вялікія) карычневыя альбо аліўкава-карычневыя, звычайна іх крыху больш на шырокім канцы.
Падвіды Мае 3 падвіды: L. l. islandica – Ісландыя, Шатландыя, паўночная Нарвегія L. l. limosa – большая частка Еўропы L. l. melanuroides – ізаляваныя папуляцыі ва Усходняй Сібіры, Манголіі, на Паўночна-Усходнім Кітаі і на Далёкім Усходзе Расіі.
Ахова
У Міжнароднай Чырвонай кнізе, у сувязі з памяншэннем прыдатных для размнажэння тэрыторый, мае статус віду, блізкага да пераходу ў групу пагражальных (катэгорыя NT).
Літаратура
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X Веретенники // Вялікая савецкая энцыклапедыя
Спасылкі Сайт ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Катэгорыя:Бакасавыя