«Роднай старонцы» — славутыя вершы беларускага паэта Янкі Лучыны, апублікаваныя ў 1892 годзе. Напісаны чатырохстопным дактылем.
Публікацыя
Упершыню апублікаваны ў 1892 годзе ў «Паўночна-заходнім календары на 1892 год» з подпісам «Н-скій». У 1906 годзе пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» выдала паштоўку, прысвечаную Янку Лучыну, на ёй разам з партрэтам паэта змешчаны радкі яго вершаў. У 1907 годзе верш апублікавала «Наша Ніва» (№ 17). У 1910 годзе быў перакладзены на рускую мову і апублікаваны ў пецярбурскім «Альманахе-календаре для всех». У 1918 годзе вершы цытаваў часопіс «Чырвоны шлях». Верш перадрукоўвалі ўсе паслярэвалюцыйныя хрэстаматыі беларускай літаратуры. У першы зборнік твораў Янкі Лучыны верш трапіў толькі ў 1953 годзе. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў арыгінале Янкі Лучыны было не «сонца навукі», а «сонца свабоды», аднак такі варыянт не прайшоў цэнзурыКалубовіч Аўген. Крокі гісторыі. — Мн., 1993. — С. 146.
Алюзіі Яўхім Карскі паставіў радкі Лучынавага верша эпіграфам да сваёй шматтомнай працы «Беларусы». Кніга апавяданняў Ядвігіна Ш. «Бярозкі» (1912) таксама пачынаецца радкамі гэтых вершаў. У 1919 годзе паводле Лучынавых вершаў мастак Язэп Драздовіч стварыў графічную кампазіцыю. Ёсць думка, што назвы беларускіх газет «Свабода», «Наша Ніва» і «Наша Доля» паходзяць ад чатырохрадкоўя Лучынавых вершаў. Сонца навукі скрозь цёмныя хмары Прагляне ясна над нашаю ніваю, І будуць жыці дзеткі патомныя Добраю доляй — доляй шчасьліваю!…
Ацэнкі У сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі адзначаў: «З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднае старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі»Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры / Уклад. і падрыхт. тэксту Т. С. Голуб. — Мн.: Маст. літ., 1992. — С. 263. — 479 с.. Даследчык беларускай літаратуры Алег Лойка вызначае гэты твор як «найбольш папулярны» і ўважае за «вяршыню лірыкі» паэта: «Янка Лучына як паэт, дэмакрат і патрыёт выказаўся тут найпаўней»Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. — Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 275—276. — 304 с.. Уладзімір Конан адзначае, што Янка Лучына ў гэтых вершах у пэўнай ступені палемізуе з сваім рускамоўным творам «Не ради славы иль расчета» (1886): «рускамоўны верш змяшчае праграму інтэлігента-народніка, які абяцае: „Служить стране, глухой, забитой, / Где мрак невежества царит, / В лачуге, где, соломой крытой, / Мужик печально дни влачит…“. У „Роднай старонцы“ лірычны герой упэўнены, што яго народ будзе жыць „добраю доляй — доляй шчасліваю“».
Крыніцы
Катэгорыя:Вершы 1892 года Катэгорыя:Вершы на беларускай мове Катэгорыя:Творы Янкі Лучыны