Французскі абсалютызм ці Абсалютная манархія ў Францыі — гэта палітычны рэжым, які ўтварыўся ў Французскім каралеўстве ў XVI стагоддзі і ўмацаваўся ў XVII стагоддзі, пры якім манарх (кароль) валодаў вярхоўнай уладай і гэтая ўлада не абмяжоўвалася ніякімі пісанымі законамі, заканадаўствам або звычаямі.
У Францыі Людовік XIV быў самым вядомым узорам абсалютнага манарха, а яго двор займаў цэнтральнае месца ў палітычным і культурным жыцці Францыі падчас яго панавання. Французскі абсалютызм скончыўся ў маі 1789 года, калі шырокае сацыяльнае ўзрушэнне прывяло да склікання Генеральных штатаў, якія ў чэрвені таго ж года былі пераўтвораны ў Нацыянальную асамблею, якая ппрыняла шэраг радыкальных мер, у тым ліку ліквідацыю феадалізму, дзяржаўны кантроль над каталіцкай царквой і пашырэнне права голасу.
Перадумовы У Францыі XVI стагодзьдзе прайшло пад моцным уплывам рэлігійных канфліктаў, якія развіліся з Рэфармацыі. Хісткае становішча Францыі стварала ідэальныя ўмовы для станаўлення і апраўдання абсалютнай манархіі. Спрэчкі паміж манархіяй і грамадствам, а таксама фатальная страта аўтарытэту апошніх манархаў з дынастыі Валуа у другой палове XVI стагоддзя выклікалі шырокія тэарэтычныя разважанні, якія прывялі да ўмацавання ўлады манархаў з дынастыі Бурбонаў.
Да пачатку ІХ стагоддзя эфектыўнае кіраванне імперыяй Карла Вялікага забяспечвалася высокапастаўленымі дзяржаўнымі служачымі, якія насілі тытулы графаў (узначальваў графства), маркіза (узначальваў марку), герцагаў (ваенныя камандзіры) і г.д. На працягу ІХ і Х стагоддзяў пад пастаяннай пагрозай уварванняў вікінгаў Францыя стала вельмі дэцэнтралізаванай дзяржавай: тытулы і землі сталі спадчыннымі, а ўлада караля стала больш рэлігійнай, чым свецкай і такім чынам, стала менш эфектыўнай і пастаянна аспрэчвалася ўплывовымі магнатамі. Так усталяваўся феадалізм у Францыі. З цягам часу некаторыя васалы караля сталі настолькі магутнымі, што часта ўяўлялі яму пагрозу.
З тых часоў французскія каралі пастаянна спрабавалі ўмацаваць і пашырыць каралеўскія паўнамоцтвы, размеркаваныя сярод іх дваран. Філіп Прыгожы, Карл Мудры і Людовік Асцярожны адыгралі важную ролю ў пераўтварэнні Францыі з феадальнай дзяржавы ў сучасную краіну. Да часоў Францыска I Францыя была вельмі цэнтралізаванай дзяржавай, але французскія рэлігійныя войны стваралі новую пагрозу каралеўскаму абсалютызму з квазінезалежнымі пратэстанцкімі бастыёнамі, якія развіваліся ў розных месцах краіны.
Усталяванне З умелым прэм'ер-міністрам Рышэльё, які паабяцаў «зрабіць каралеўскую ўладу вышэйшай у Францыі, а Францыю — у Еўропе», Людовік XIII усталяваў абсалютную манархію ў Францыі. Калі яго сын і спадчыннік кароны Людовік XIV прыйшоў да ўлады, у Францыі пачаўся перыяд праблем, вядомы як Фронда, якая выкарыстала малалецтва Людовіка XIV. Гэта было абумоўлена буйнымі феадаламі і суверэннымі дварамі як рэакцыя на ўзмацненне каралеўскай улады ў Францыі.
Фронда была разгромлена, аднак шмат перашкод стаяла на шляху абсалютызму ў Францыі: Шляхта мела сродкі для стварэння прыватных армій і будаўніцтва ўмацаванняў. У караля не было сродкаў, каб самастойна сабраць і ўтрымліваць войска, і яму трэба было разлічваць на гэтых дваран, каб абараніць краіну. Дробная шляхта, якая ўмела чытаць і пісаць, таксама выступала ў якасці агентаў караля. Па сутнасці, яны былі яго прадстаўнікамі ўлады перад народам. Яны збіралі падаткі, вывешвалі ўказы, ажыццяўлялі правасуддзе. Гугеноты, якія пасля Нанцкага эдыкта Генрыха IV 1598 года валодалі правам насіць зброю і будаваць умацаванні ў пэўных месцах.
Каб пераадолець гэтыя перашкоды, кароль Людовік XIV прыняў некалькі мер, каб аслабіць або ліквідаваць канкуруючыя цэнтры сілы. Эдыкт Фантэнбло ў 1685 годзе адмяніў ранейшую палітыку талерантнасці ў адносінах да французскіх гугенотаў, аформленую Нантскім эдыктам. Больш тонкай тактыкай быў знос шэрагу ўмацаваных замкаў, якія ўсё яшчэ належалі і займаліся прадстаўнікамі магнатаў і шляхты. Гэты эдыкт 1626 года быў апраўданы як бюджэтная рэформа для скарачэння выдаткаў на іх ўтрыманне шляхам выдалення састарэлых умацаванняў у межах Францыі. Хаця гэтая мера сама па сабе з'яўлялася рацыянальным крокам, яна мела дадатковы эфект у выглядзе падрыву незалежнасці арыстакратыі.
Людовік XIV яшчэ больш паменшыў уладу магнатаў і шляхты, патрабуючы ад іх праводзіць хаця б частку года ў якасці прыдворных у каралеўскай рэзідэнцыі ў Версальскім палацы. У Версалі арыстакратыя была выдалена са сваіх правінцыйных цэнтраў улады і перайшла пад нагляд і кантроль каралеўскага ўрада. Замест таго, каб гэта разглядаць як знявагу, дваране лічылі знаходжанне пры каралеўскім двары высокім гонарам. Яны, атрымаўшы рэзідэнцыю ў Версалі, звычайна былі гатовыя адмовіцца ад сваіх ранейшых абавязкаў у якасці каралеўскіх прадстаўнікоў за межамі Парыжа. Людовік XIV з дапамогай свайго міністра фінансаў Жана-Батыста Кальбера замяніў іх на каралеўскіх чыноўнікаў, якія паходзілі ў асноўным з купецкага саслоўя, якія звычайна былі больш адукаванымі і чые пасады не перадаваліся ў спадчыну.
Наступствы Канчатковы вынік гэтых актаў сапраўды цэнтралізаваў уладу караля ў Францыі. Замена ўрадавых міністраў, ліквідацыя замкаў і фінансавая палітыка Кальбера сапраўды значна скарацілі французскі дзяржаўны доўг. Аднак у XVIII стагоддзі перасяленне шляхты і састарэласць Версаля сталі важным фактарам для росту купецкага саслоўя і ініцыятыўнай прэсы.
Бадай, самым актуальным наступствам абсалютызму ў Францыі з'яўляецца эміграцыя гугенотаў. Іх эміграцыя фактычна прывяла да «ўцечкі мазгоў» і страты падатковых паступленняў для Францыі. Больш за тое, з-за забароны на ўезд у Новую Францыю яны імігравалі ў іншыя краіны, у першую чаргу ў Трынаццаць калоній, пераняўшы свае навыкі друку, вытворчасці шкла, сталярства, керамікі, глыбокую веру ў патрэбу свабоды веравызнання (прынамсі, для пратэстантызму) і права на нашэнне зброі.
Іншым наступствам было значнае памяншэнне дамінуючага ўплыву Францыі ў Еўропе і рост магутнасці іншых дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі, Іспаніі і Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэта прывяло да шматлікіх войнаў з імі, у некаторых з іх выйграла Францыя або яе саюзнікі (у прыватнасці, вайну за незалежнасць ЗША), але гэта прывяло да страты большай часткі Новай Францыі (большасці кантынентальнай часткі ў Паўночнай Амерыцы, у тым ліку тых зямель, якія пазней будуць прададзены Злучаным Штатам пасля ліквідацыі манархіі ў Францыі), сур'ёзная дэградацыя эканамічнай перавагі французскай каланіяльнай імперыі, назапашванне даўгоў у каралеўстве (з ростам уплыву купецтва) і значная страта эканамічнага, дыпламатычнага, палітычнага і культурнага ўплыву ў Еўропе, усё гэта было на карысць Брытанскай каланіяльнай імперыі (нават пасля яе страты Новай Англіі) і яе саюзнікаў: Іспаніі (уключаючы Іспанскія Нідэрланды), Аўстрыі (уключаючы Італію), краін Паўночнай Еўропы (а пазней і ЗША).
Яшчэ адным наступствам было таксама тое, што гэта спарадзіла шмат сур'ёзных палітычных і сацыяльных праблем ва ўсім каралеўстве, і гэта адкрыла шлях да Французскай рэвалюцыі і, нарэшце, канца абсалютнай манархіі ў Францыі праз кароткі перыяд канстытуцыйнай манархіі паміж 1789 і 1791 гадамі, а затым да Першай французскай рэспублікі. Гэты страчаны ўплыў Францыі ніколі не быў адноўлены ў наступныя стагоддзі, нават пасля з'яўлення Першай французскай імперыі (якая спыніла дыктатуру, уз'яднала моцна падзеленую Францыю, аднавіла свабоду веравызнання і дазволіла аднавіць стабільны камерцыйны сектар, але таксама ініцыявала новыя войны супраць іншых манархій у Еўропе), або пасля ўтварэння Трэцяй французскай рэспублікі.
Спасылкі
Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Францыі Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Францыі