29—30 студзеня 2024 года байцамі Нацыянальных сіл абароны Эфіопіі здзейснена масавае забойства ў горадзе Мераві ў рэгіёне Амхара, Эфіопія. Загінула ад 50 да 100 жыхароў.

Ход падзей Напярэдані трагедыі баевікі Фано напалі на ваенны лагер у Мераві. Бой працягваўся шэсць гадзін, пасля чаго паўстанцы адступілі. Па словах выжылых, апытаных The Globe and Mail, байцы ўрадавых войск былі «рашуча настроены адпомсціць» за напад.

Адлюстраваўшы атаку праціўніка, вайскоўцы пачалі праводзіць ператрусы дамоў мясцовага насельніцтва і дапытвалі жыхароў. Некаторых падазравалі ў кантактах з Фано. Па падазрэнні ў сувязях з баевікамі яны пакаралі смерцю вялікую колькасць мужчын (паводле Камісіі па правах чалавека Эфіопіі, менавіта яны сталі асноўнай мэтай салдат), жанчын і дзяцей ва ўзросце ад 14 да 96 гадоў, пераважна з раёна 02 Кебеле. Перад расстрэламі ахвяр прымусілі стаць на калені.

Забойствы працягваліся ўсю ноч і раніцу 30 студзеня.

Вайскоўцы, завяршыўшы забойствы, забаранілі жыхарам пахаваць ахвяр. Тым не менш, каля 50 чалавек былі пахаваныя на могілках царквы Святой Марыі. Чацвёра былі пахаваны на могілках царквы Медханіалем; 20 пахаваны на мусульманскіх могілках; іншыя былі пахаваны ў сельскай мясцовасці.

Рэакцыя Следчы камітэт па надзвычайным становішчы вайны ў Амхары заявіў, што будзе расследаваць інцыдэнт.

Як паведаміў пэс-сакратар урада Эфіопіі Легес Тулу, бойня адбылася ў мэтах самаабароны. Паводле яго, мірныя жыхары не былі мішэнню вайскоўцаў.

Пасол ЗША ў Эфіопіі Эрвін Хасэ Масінга заявіў, што амерыканскі ўрад «глыбока заклапочаны мэтанакіраванымі забойствамі грамадзянскага насельніцтва» і заклікаў да «бесперашкоднага доступу незалежных назіральнікаў за правамі чалавека, а таксама да бесстаронняга расследавання».

Крыніцы

Катэгорыя:Масавыя забойствы ў Эфіопіі Катэгорыя:Студзень 2024 года Катэгорыя:Грамадзянскі канфлікт у Эфіопіі