Дзмітрый Міхайлавіч Грозныя Вочы (1298—1326) — князь цвярскі (1318—1326) і вялікі князь уладзімірскі (1322—1326).
Біяграфія Сын цвярскога князя Міхаіла Яраславіча і растоўскай княжны Ганны Дзмітрыеўны.
Удзельнічаў у барацьбе бацькі супраць вялікага князя маскоўскага Юрыя Данілавіча. Калі ў 1311 годзе памёр бяздзетным гарадзецкі князь Міхаіл Андрэевіч, Арда санкцыянавала заняцце стальца маскоўскімі Данілавічамі і ў Ніжнім Ноўгарадзе пачаў княжыць Барыс, 12-гадовы Дзмітрый пайшоў на Ніжні Ноўгарад, але быў спынены ва Уладзіміры мітрапалітам Пятром. У 1314 годзе падчас ад’езду бацькі ў Арду Дзмітрый камандаваў цвярскім войскам, якое выйшла на бераг Волгі супраць наўгародцаў, прыхільнікаў Юрыя.
У 1321 годзе Дзмітрый Міхайлавіч прызнаў Юрыя вялікім князем і аддаў яму цвярскую даніну (2000 рублёў), але той не перадаў яе хану, а пусціў у абарот у Ноўгарадзе. Тады Дзмітрый паехаў у Арду да Узбек-хана і абвінаваціў Юрыя ва ўтойванні часткі прызначанай татарам даніны. Раззлаваны Узбек-хан выдаў Дзмітрыю ярлык на вялікае княжанне.
Юрый застаўся ў Ноўгарадзе. У 1324 годзе да яго прыехаў пасол хана Ахмыл і пераканаў паехаць у Арду. Праз некаторы час туды ж прыехаў і Дзмітрый. Сустрэўшы там вінаватага ў смерці свайго бацькі, 21 лістапада 1325 года, напярэдадні гадавіны гібелі Міхала Яраславіча, ён засек Юрыя і стаў чакаць ханскага суда, але меў усё ж надзею на ханскую міласць.
Але хан Узбек моцна раззлаваўся на самаўпраўства. Юрый быў яго зяцем, і прыхільнікі Масквы казалі, што трэба адпомсціць за смерць сваяка. Яны казалі, што прабачэнне забойцы можа быць расцэнена як мяккасць з боку хана. Урэшце хан прыняў рашэнне пакараць смерцю маладога князя.
Сям’я У 1320 годзе Дзмітрый Міхайлавіч ажаніўся з Марыяй (1305—1349), дачкой вялікага князя літоўскага Гедзіміна. Пасля гібелі Дзмітрыя ў Ардзе жонка яго, паводле некаторых крыніц, не здолела перанесці гора і неўзабаве памерла. Аднак, паводле Ліцавога летапіснага зводу яна памерла ў 1348 годзе. Паводле іншых крыніц, у 1326 годзе Марыя Гедзімінаўна пастрыглася ў манахіні.
У шлюбе было двое сыноў: Канстанцін, памёр у дзяцінстве каля 1325 сын, памёр у маленстве
Літаратура
Кулюгин А. И. Правители России. Изд. 2-е. — Чебоксары: Чувашия, 2000. — ISBN 5-86765-132-0 Лурье Ф. Российская история и культура в таблицах. — СПб: Геликон Плюс, 1998. — ISBN 5-7559-0002-7 Нечволодов А. Сказание о Русской Земле. Кн. 1. — СПб: Царское дело, 2003. — ISBN 5-7624-0096-6 Конявская Е. Л. Дмитрий Михайлович Тверской в оценке современников и потомков // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2005. № 1 (19). С. 16-22.
Катэгорыя:Пакараныя смерцю манархі Катэгорыя:Князі цвярскія Катэгорыя:Вялікія князі ўладзімірскія