Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — руінаваны рымска-каталіцкі храм у вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Размешчаны ў паўночнай частцы вёскі, на ўзгорку. Помнік архітэктуры класіцызму.
Гісторыя
Паводле падання першы касцёл у Дубрава быў пабудаваны ў 1453 годзе па фундацыі Глябовічаў. Па іншых крыніцах касцёл паўстаў у пачатку 16 стагоддзя па фундацыі троцкага кашталяна Яна Радзівіла (памёр у 1522), таксама існуе версія аб яго будове ў 1553 годзе. Чарговы касцёл на месцы папярэдняга збудаваў у 1576 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Пасля пашкоджанняў падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. быў адрэстаўраваны Марцыбялінай Глябовіч. Састарэлы храм аднавіў у 1770 годзе Матэвуш Марцінкевіч. Уяўляў сабой крыжова-купальны будынак з 2-вежавым фасадам. Інтэр’ер упрыгожвалі 7 алтароў. Згарэў у 1787 годзе.
Цяперашні цагляны касцёл быў пабудаваны ў 1796—1805 гадах, верагодна, паводле праекта К. Спампані, па фундацыі мінскага ваяводы Адама Хмары на месцы драўлянага касцёла 1770 года.НГАБ, ф. 242, воп. 1, спр. 2256; ф. 299, воп. 5, спр. 1330, арк. 1—3. У ім жа Адам Хмара быў пахаваны ў 1805 годзе адразу пасля асвячэння.
3 1868 годзе касцёл перайшоў да праваслаўных, у 1871 годзе архітэктарам Ваўковічам, а ў 1884 годзе інжынерам Нектар’еўскім перабудаваны пад царкву. У 1919 годзе вернута парафіянам, набыў выгляд рымска-каталіцкага храма ў выніку рэканструкцыі 1926—1929 гадоў.
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны парафія налічвала звыш 2 тыс. прыхаджан. Згарэў у 1960-я гады, у паўзруйнаваным стане.
У маі 2024 рэшткам касцёла прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Архітэктура
Помнік архітэктуры класіцызму. Прамавугольны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам на фасадзе фланкіраваўся 2 вежамі. Атынкаваныя і пабеленыя фасады былі расшыты гарызантальным рустам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках. Унутры прастора 3 парамі калон падзялялася на 3 нефы, перакрытыя агульнай плоскай столлю; вылучаная прасценкамі апсіда з бакавымі рызніцамі перакрывалася скляпеннем. Бакавыя фасады рытмічна чляніліся арачнымі вокнамі-біфорыумамі, аб’яднанымі вялікімі прамавугольнымі нішамі. У крыпце былі пахаваны ўладальнікі вёскі Хмары (3 пакаленні).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Касцёлы Маладзечанскага раёна Катэгорыя:Дубрава (Маладзечанскі раён) Катэгорыя:Згарэлыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Карла Спампані Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:З’явіліся ў 1805 годзе