Люцыян Хмялёвец (12 мая 1914, Мінск, Расійская імперыя — 3 чэрвеня 2004) — святар рымска-каталіцкай царквы, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, намеснік кардынала, прэлат, капелан Яго Святасці Папы Рымскага.

Біяграфія Бацькі былі жыхарамі г. Кельцы. У сям’і было 7 дзяцей. Пачатковую адукацыю Хмялёвец атрымаў у Мацеевічах, дзе сястра працавала настаўніцай. Затым паехаў да сваёй маці Валерыі ў Беласток. У 1933 годзе скончыў Беластоцкую гімназію.

У 1933—1939 гадах вучыўся ў Віленскай вышэйшай духоўнай семінарыі і на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. У 1939 годзе накіраваны біскупам Рамуальдам Ябжыкоўскім у якасці пробашча парафіі ў Ваўкалату.

З 1 красавіка 1940 года — пробашч парафіі касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў в. Канстанцінава Свірскага сельсавета Вілейскай вобласці (зараз — Мядзельскі раён, Мінская вобласць).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ксёндз Люцыян Хмялёвец выратаваў ад расстрэлу 16 савецкіх актывістаў, арыштаваных па даносе. Гэта былі былыя дэпутаты, кіраўнікі ўстаноў, работнікі Свірскага райвыканкама, падпольшчыкі і яўрэі. 4 ліпеня 1941 года святар падпісаў з нямецкім камендантам у Свіры дагавор аб сваёй персанальнай адказнасці за названых асоб. Акрамя таго, ён выкупіў у гітлераўцаў 70 дзяцей і вярнуў іх бацькам.

3 лютага 1960 года прыязджаў у Свір раз у месяц для здзяйснення службы. 18 лютага 1961 года ён правёў у Свіры апошнюю памінальную імшу, пасля чаго яму было забаронена наведваць свірскі Касцёл Святога Мікалая. 4 сакавіка каталіцкі храм у Свіры быў зачынены па рашэнні савецкіх уладаў. Сам Хмялёвец трапіў пад ганенні і вымушаны быў пераехаць на новае месца службы.

З 23 кастрычніка 1963 года з’яўляўся пробашчам касцёла ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна.

З 1979 года два разы на тыдзень прыязджаў у Ракаў і праводзіў Святую Імшу для мясцовых жыхароў.

Пахаваны ксёндз Хмялевец, паводле сваёй волі, каля канстанцінаўскага касцёла побач з магілай маці Валерыі.

Узнагароды У 1989 годзе, з нагоды 50-гадовага юбілею прыняцця сану святара, Хмялёвец атрымаў ад Яна Паўла II годнасць Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, намесніка кардынала і права біскупа.

23 лютага 1990 года быў удастоены звання капелана Яго Святасці Папы.

Літаратура Драўніцкі І. Мястэчка пры Полацкім тракце. - Паставы: Сумежжа. — 2005. Драўніцкі І. Касцел у Канстанцінаве. - Паставы: Сумежжа. — 2005. Драўніцкі І. Сьвятар-патрыёт Люцыян Хмялевец / / Наша вера : часопіс / заснавальнік Дабрачынны грамадскі фонд»Маці Божая Фацімская". — 2011. ― № 3. С. 55-58 Пракаповіч І. Па свірскім краі / / Краязнаўчая газета. — № 6 (599). - люты 2016 г.

Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Капеланы