Сяргей Лескець () — беларускі этнограф, журналіст і публіцыст.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і трактарыста і супрацоўніцы чыгункі Турэц-Баярах, у дзяцінстве жыў у Заскавічах. Пад уплывам прыгодніцкай літаратуры (у тым ліку «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра) і тэлеперадач «Клуба кінападарожжаў» і каманды Жака-Іва Кусто ў юнацтве захапіўся даследаваннямі і падарожжамі.
Вучыўся на гістарычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка, паралельна наведваў Беларускі Калегіум. Адлічаны з 4 курса ўніверсітэта за шматлікія пропускаў, якія сам тлумачыць захапленнем працай у архівах і Нацыянальнай бібліятэцы. Праходзіў тэрміновую службу ў арміі сувязістам.
Змяніў шмат прафесій, працаваў паркоўшчыкам, ахоўнікам у краме, будаўніком чыгункі каля Беларускай АЭС. Праца на мясакамбінаце з графікам «два праз два» дазваляла сумяшчаць стабільны заробак з творчымі экспедыцыямі. Пасля банкруцтва фірмы ў Мінску, на якой працаваў Лескець, а таксама цяжкасцей з працай у яго дзяўчыны пасля сканчэння ўніверсітэта, пераехаў у Маладзечна.
Кар’еру ў медыя пачаў з вёрсткі часопіса «Куфэрак Віленшчыны» і напісання краязнаўчых эсэ. Супрацоўнічаў з агенцтвам «Інтэрфакс» і рэгіянальным парталам kraj.by. Праца на рэгіянальным сайце давала малы заробак, былі і тэматычныя абмежаванні, напрыклад, тэму знахарак заблакавала рэдактарка праз рэлігійныя перакананні. Быў пазаштатным фотакарэспандэнтам выдання Sputnik Беларусь, што дало акрэдытацыю для бесперашкодных здымак у правінцыі. Таксама меў досвед працы з інфармацыйным агенцтвам France-Presse (AFP).
Творчасць
«Агра» Серыя фотаздымкаў, прысвечаная жыццю ў беларускіх аграгарадках, прынесла Лескецю сусветную вядомасць. Ён разглядаў аграгарадкі як унікальны сацыяльна-палітычны феномен і «партрэт эпохі», які фіксуе стан сучаснай вёскі перад яе непазбежным знікненнем. Дзякуючы праекту BelarusDigest, творы Лескеця апублікаваны ў брытанскім выданні The Guardian, а таксама ў The Calvert Journal.
«Шэпт» Амаль дзесяць гадоў Лескець займаўся этнаграфічным даследаваннем традыцыі лекавання шэптам. У экспедыцыях па ўсёй Беларусі ён фіксаваў гісторыі і партрэты знахарак, траўніц і шаптух. Аўтар адзначае, што выкарыстанне беларускай мовы было ключавым фактарам усталявання даверу з носьбіткамі традыцыі.
У верасні 2019 года Сяргей Лескець выступіў на VIII-м Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Вільні з дакладам «Праца над доўгатэрміновым праектам у беларускіх рэаліях. Праект аб беларускіх знахарах „Шэпт“» у межах панэлі 14.4 «Магчымасці лузерства: беларуская фатаграфія ў сітуацыі 2019 года» з секцыі «Культура і культурныя даследаванні».
Вынік даследаванняў — кніга «Шэпт» (2022)Лескець, С. Шэпт / Сяргей Лескець. — [Беларусь] : Вільма, 2022. — 300+ с. — ISBN 978-985-7247-58-5, дакументальны нон-фікшн, напісаны на аснове палявых запісаў з захаваннем рэгіянальных гаворак.
Таксама матэрыялы даследаванняў у верасні 2022 года прадстаўлены як мультымедыйная экспазіцыя ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, яна спалучала фотапартрэты з відэа-артам, гукамі замоў і сімвалічнымі элементамі, такімі як «чырвоная сакральная стужка».
Творчы метад і філасофія Лескець пазіцыянуе сябе як дакументаліста, які імкнецца да нейтральнага і аб’ектыўнага паказу рэчаіснасці, пазбягаючы прапагандысцкіх штампаў. Яго падыход грунтуецца на глыбокім пагружэнні ў асяроддзе і антрапалагічным даследаванні архаічных пластоў культуры, якія імкліва знікаюць з прычыны ўрбанізацыі. Праз сваю творчасць імкнецца перадаць галасы і лёс людзей, якія захоўваюць міфапаэтычнае ўспрыманне свету.
Прызнанне Шорт-ліст прэміі Гліняны Вялес за 2022 год з кнігай «Шэпт». Трэцяе месца прэміі імя Ежы Гедройця за 2023 год з кнігай «Шэпт». У чэрвені 2023 года ў Вільні адбылася прэм’ера спектакля «Шэпт» тэатральнай трупы «Купалаўцы» ў пастаноўцы Рамана Падалякі, паводле аднайменнай кнігі Сяргея Лескеця. У наступныя гады паказы спектакля адбыліся ў многіх гарадах Польшчы. Спектакль натхніў Макара Валынкіна на напісанне сваёй другой кнігі «Ніці» (2025).
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Фатографы Беларусі