Гвіда ван Росум (; ) — нідэрландскі праграміст. Стваральнік мовы праграмавання Python, для якой да 12 ліпеня 2018 года ён з’яўляўся «велікадушным пажыццёвым дыктатарам». Да 2019 года чалец кіруючага савета Python. У 2020 годзе адмовіўся зноў вылучацца на гэтую пасаду.

Жыццё і адукацыя Ван Росум нарадзіўся і вырас у Нідэрландах, дзе ў 1982 годзе атрымаў ступень магістра матэматыкі і інфарматыкі ў Амстэрдамскім універсітэце. Атрымаў бронзавы медаль у 1974 годзе на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе. Мае брата Юста ван Росума, які з’яўляецца дызайнерам, праграмістам і распрацоўшчыкам шрыфта лагатыпа «Python Powered».

Жыве ў Белмонте (Каліфорнія) са сваёй жонкай Кім Кнап і сынам.

Кар’ера

Цэнтр матэматыкі і інфарматыкі Працаваў у цэнтры матэматыкі і інфарматыкі (CWI), дзе ў 1986 годзе напісаў і ўнёс у BSD Unix функцыю glob(), а таксама дапамог у распрацоўцы мовы праграмавання ABC .

Ён аднойчы сказаў: «Я імкнуся адзначаць уплыў ABC на мяне, бо я ўдзячны за ўсё, што вывучыў падчас таго праекта, і за людзей, якія над ім працавалі».

Гвіда таксама стварыў першы на мове Python вэб-браўзер Grail. Удзельнічаў у дыскусіях стандарта HTML.

Працаваў у розных даследчых інстытутах, у тым ліку ў Цэнтры матэматыкі і інфарматыкі (CWI) ў Нідэрландах, Нацыянальным інстытуце стандартаў і тэхналогій ЗША (NIST) і Карпарацыі нацыянальных даследчых ініцыятыў (CNRI). У маі 2000 года пакінуў CNRI разам з трыма іншымі распрацоўшчыкамі ядра Python, каб працаваць у тэх-стартапе BeOpen.com, які, аднак, разваліўся ў кастрычніку таго ж года. З канца 2000 па 2003 год працаваў у карпарацыі Zope . У 2003 годзе Гвіда ван Росум пакінуў Zope і пачаў працаваць у Elemental Security. У ёй распрацоўваў спецыяльную карпаратыўную мову праграмавання.

Google З 2005 па снежань 2012 года працаваў у Google, дзе палову свайго часу займаўся распрацоўкай мовы Python. У Google ён распрацаваў вэб-сістэму агляду кода Mondrian, якую напісаў на Python і якая пазней выкарыстоўвалася ў кампаніі. Праграму ён назваў у гонар галандскага мастака Піта Мандрыяна. Яшчэ адзін свой праект Rietveld Ван Росум назваў у гонар галандскага дызайнера Герыта Рытвельда. 7 снежня 2012 года Ван Росум пакінуў Google.

Dropbox У студзені 2013 года Ван Росум пачаў працаваць у кампаніі воблачнага захоўвання файлаў Dropbox. У кастрычніку 2019 года пакінуў Dropbox і афіцыйна выйшаў на пенсію.

Microsoft 12 лістапада 2020 года Ван Росум аб’явіў, што вяртаецца з пенсіі, каб далучыцца да аддзела распрацоўшчыкаў Microsoft. На дадзены момант мае званне заслужанага інжынера Microsoft.

Python У снежні 1989 года Ван Росум шукаў хобі-праект, які заняў бы яго на працягу каляднага тыдня, пакуль яго офіс быў зачынены. Менавіта тады ён вырашыў напісаць інтэрпрэтатар для «новай скрыптавай мовы, пра якую ён нядаўна думаў: нашчадка ABC, які спадабаўся б Unix/C-хакерам». Ён прыпісвае выбар імя «Python» таму, што «меў крыху непаважлівы настрой, а таксама таму, што быў вялікім прыхільнікам лятаючага цырка Монці Пайтана».

12 ліпеня 2018 года Ван Росум аб’явіў, што сыдзе з пасады велікадушнага пажыццёвага дыктатара Python.

«Праграмаванне для ўсіх» У 1999 годзе Ван Росум падаў прапанову аб фінансаванні ў Агенцтва перадавых абаронных даследаванняў (DARPA) пад назвай «Камп’ютарнае праграмаванне для ўсіх», у якой ён далей акрэсліў свае мэты для Python:

У 1999 годзе Ван Росум прадставіў Агенцтву перспектыўных абаронных даследчых праектаў (DARPA) прапанову фінансавання «Камп’ютарнага праграмавання для ўсіх», у якім ён больш выразна вызначыў свае мэты для Python:

Простая і інтуітыўна зразумелая мова, якая не саступае па магутнасці асноўным канкурэнтам Адкрыты зыходны код, таму кожны можа ўнесці свой уклад у яе распрацоўку Код, зразумелы як звычайная ангельская мова Прыдатнасць для вырашэння паўсядзённых задач, якая дазваляе скараціць час распрацоўкі

У 2019 годзе Python стаў другой па папулярнасці мовай, пасля JavaScript, на GitHub. У 2024 годзе Python абагнаў JavaScript і стаў самай папулярнай мовай на GitHub. Па дадзеных даследавання папулярнасці моў праграмавання, яна ўвесь час уваходзіць у дзясятку самых згадваных моў у аб’явах аб працы. Больш за тое, з 2004 года Python штогод уваходзіць у дзясятку самых папулярных моў праграмавання згодна з індэксам супольнасці праграмістаў TIOBE, а ў кастрычніку 2021 года заняў першае месца ў гэтым рэйтынгу.

Узнагароды

У 2002 годзе на канферэнцыі FOSDEM у Бруселі Ван Росум атрымаў прэмію за развіццё свабоднага праграмнага забеспячэння ад Фонду свабоднага праграмнага забеспячэння (FSF) за сваю працу над Python. У маі 2003 года атрымаў прэмію NLUUG. У 2006 годзе Асацыяцыя вылічальнай тэхнікі прызнала яго заслужаным інжынерам. У 2018 годзе стаў стыпендыятам музея камп’ютарнай гісторыі. У 2019 годзе атрымаў ганаровае званне Dijkstra Fellow ад CWI. У 2023 годзе ўзнагароджаны прэміяй C&C карпарацыі NEC за распрацоўку Python.

Крыніцы

Спасылкі

Guido van Rossum. The History of Python Guido van Rossum. Neopythonic: Ramblings Computer Programming for Everybody Guido van Rossum Interview on FLOSS Weekly Guido van Rossum interview — Workspiration.org Guido van Rossum on Python Interview — Computerworld Guido van Rossum Run your web applications on Google’s infrastructure — Google App Engine technical talk at Stanford University. (video archive) Computer History Museum Computer History Museum

Катэгорыя:Выпускнікі Амстэрдамскага ўніверсітэта Катэгорыя:Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў Катэгорыя:Супрацоўнікі Google Катэгорыя:Распрацоўшчыкі свабоднага праграмнага забеспячэння Катэгорыя:Праграмісты Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1956 годзе Катэгорыя:Python