«Байра́м» — штоквартальны часопіс, які выходзіў з 1991 па 2002 гады ў Мінску на беларускай і рускай мовах дзякуючы Беларускаму грамадскаму згуртаванню татараў «Зікр уль-Кітаб» і Мусульманскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнымі рэдактарамі выдання былі Якуб Якубоўскі і Ібрагім Канапацкі. На 2002 год выйшла 42 нумары.
Асноўная тэма выпускаў — гісторыя і культура беларускіх татар, мусульманскія абшчыны на тэрыторыі Беларусі, Паволжа, Крыма, іншых краін свету, асновы ісламу. Публікаваліся артыкулы, якія тычацца татарскай мінуўшчыны, палітычных рэпрэсій у 1930—1940-я гады ў адносінах да татараў, іх удзелу ў барацьбе супраць гітлераўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У выпусках змешчаны матэрыялы пра татарскую шляхту, дзеячаў беларускай навукі, культуры, мастацтва сярод татараў, паэтычныя творы Я. Гучка, Ф. Фаіза, Д. Мазітавай і іншая інфармацыя. Акрамя гэтага ў выданні з’яўляліся артыкулы, прысвечаныя татарскай кухні, нацыянальным песням і танцам, найбольш ужываным казанскататарскім і крымскататарскім словам і выразам. У перакладзе на беларускую мову апублікаваны тэксты Карана і хадзісаў прарока Мухамада. Выданне мела рубрыку, прысвечаную слоўніку энцыклапедычнага даведніка «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы», што, на думку беларускага навукоўца Леаніда Лыча, з’яўляецца сведчаннем сур’ёзнага падыходу да адраджэння духоўных традыцый татарскага народа. Сярод аўтараў часопіса былі навукоўцы, пісьменнікі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:1991 год у Беларусі