Яўнутавічы або Заслаўскія, пазней Мсціслаўскія, таксама Заслаўскія-Мсціслаўскія — княжацкі род літоўскага паходжання, галіна Гедзімінавічаў.

Яўнутавічы — традыцыйнае імя па дзедзе, потым родапачынальніку. Прозвішча-тытул Заслаўскія — ад Заслаўя пад Менскам, атрыманага ў сярэдзіне XIV ст.. Прозвішча-тытул Мсціслаўскія — ад Мсціслава, атрыманага ў 1499 годзе. Умоўныя найменні роду — Яўнутавічы-Заслаўскія і Заслаўскія-Мсціслаўскія — ужываюць для ўнікання памылковага атаяснення з Астрожскімі-Заслаўскімі на Валыні (галіной Рурыкавічаў) і Лугвенавічамі Мсціслаўскімі (іншай галіной Гедзімінавічаў).

У снежні 1341 года па смерці вялікага князя літоўскага Гедзіміна велікакняжацкі сталец атрымаў яго сын Яўнут. Зімой 1344—1345 гадоў браты Альгерд і Кейстут скінулі Яўнута з вялікага княжання, ён уцёк у Вялікае Княства Маскоўскае. У 1347 годзе Яўнут вярнуўся, прымірыўся з братамі і атрымаў ад іх ва ўдзел Заслаўскае княства.

Паводле Яна Тэнгоўскага, Яўнут меў трох сыноў — Сямёна, Рыгора і Міхаіла Яўнутавічаў. Заслаўе ў спадчыну па бацьку атрымаў Міхаіл, які такім чынам стаў родапачынальнікам роду Заслаўскіх.

У 1499 годзе прапраўнук Яўнута — Міхаіл Іванавіч Заслаўскі ажаніўся з мсціслаўскай княжной Ульянай Іванаўнай і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра частку Мсціслаўскага княства, удзела нябожчыка-цесця Івана Юр’евіча Лугвенавіча, апошняга з мужчынскай лініі мсціслаўскіх князёў Лугвенавічаў.

У 1526 годзе сын Міхаіла Іванавіча Заслаўскага-Мсціслаўскага — Фёдар Міхайлавіч Мсціслаўскі, не паразумеўся з бацькам і ўцёк у Маскву, дзе атрымаў шматлікія маёнткі і ажаніўся з казанскай княжной Анастасіяй. Маскоўская галіна роду Заслаўскіх-Мсціслаўскіх згасла на чацвёртым калене ў першай паловы XVII ст.

Крыніцы

Літаратура Мяцельскi А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў XII—XVIII стст. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — 664 с.

Катэгорыя:Гедзімінавічы