Юцкоўская крыніца — крыніца, якая знаходзіцца ў Мінскай вобласці за 11 км на поўнач ад в. Дзямідавічы, за 1 км на паўночны ўсход ад в. Юцкі. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Гісторыя Назва крыніцы звязана з побач размешчанай в. Юцкі. Студзянец — распаўсюджаная рэгіянальная назва крыніцы, звязанай са «студзёнай» тэмпературай вады.
Ёсць легенда, паводле якой у студню ад адзіноты кінулася княгіня, папярэдне загадаўшы кінуць у яго ўсе свае багацці, і ўсё ў акрузе правалілася і ўтварыўся яр. Ацалелыя жыхары пераехалі на гару, дзе заснавалі вёску Навасады.
Пра гэта ў 1898 годзе пісаў Карусь Каганец у апавяданні «Навасадскае замчышча»: І загадала сваім служкам прывязаці сябе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўну вады, што ў тым гарадзішчы на дварэ была. Загудзела, зараўла навальніца з неба з громам, з градам, з пярунамі ды маланкамі, а прайшла навальніца, і краснай княжны не стала... Кінулі яе верныя служкі ў студню глыбокую, і апусцела зараз тое гарадзішча, а после і саўсім яго не стала. Толькі гара з валам ды студняй, поўнай камення, тое месца азначае. Скора вораг люты сюды найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёю зраўнаваў, а тое месца, дзе места было, людзі Рэзанамі празвалі.
Каму ж з таго месца бог судзіў жывым астацца, тыя трохі аддаль на гары, над крыніцамі, пабудаваліся насупроціў таго ж гарадзішча і Студзянца і празвалі сваё новае селішча «Навасадамі».
Крыніца абвешчана гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь №23 ад 18 сакавіка 2008 года. Землекарыстальнікам з’яўляецца Дзяржынскі раённы выканаўчы камітэт.
Геаграфія Крыніца размешчана на поўнач ад дарогі Юцкі-Крыштафова, насупраць павароту на Шумшчыну, у яры. Ёсць паркоўка. Да крыніц вядзе драўляная лесвіца. Таксама можна праехаць з в. Навасады, праз брод р. Слаўка.
Зноскі
Спасылкі Старонка на сайце «Крыніцы Беларусі» Словно горная река. Интересное место под Минском
Катэгорыя:Крыніцы Беларусі Катэгорыя:Дзяржынскі раён Катэгорыя:Гідралагічныя помнікі прыроды Беларусі Катэгорыя:Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Мінскай вобласці