Вера Дзмітрыеўна Астрэйка (нар. 1968, Мінск) — беларуская мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук.

Біяграфія і навуковая дзейнасць У 1985 годзе скончыла сярэднюю школу № 21 у Мінску. У 1990 годзе скончыла руска-беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Падчас навучання працавала лабаранткай кафедры рускай мовы, а пазней — старшай лабаранткай навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору і дыялекталогіі філалагічнага факультэта БДУ.

З 1992 па 1995 год — аспірантка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У 1995 годзе пачала працу ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі таго ж інстытута, дзе прайшла шлях ад малодшай да старшай навуковай супрацоўніцы. У 1997 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Паўночна-заходняя занальная лексіка ў найменнях з’яў жывой прыроды (лінгвагеаграфія і паходжанне)».

У 2005—2008 гадах навучалася ў дактарантуры Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. З 2010 па 2013 год — загадчыца кафедры беларускай мовы ІПНК НАН Беларусі. З 2013 года — загадчыца кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, створанай на базе некалькіх аб’яднаных кафедраў.

У ІПНК чытала курсы беларускай і рускай моў, педагогікі і псіхалогіі вышэйшай школы, рыхтуе аспірантаў да залікаў, вядзе практычную і метадычную працу, удзельнічае ў прыёмных і экзаменацыйных камісіях.

У якасці выкладчыцы працавала таксама ў БДУ і Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій. Выкладала курс «Беларуская мова: прафесійная лексіка» для студэнтаў спецыяльнасцяў «менеджмент», «правазнаўства», «псіхалогія. сацыяльная работа».

У 1990-я гады ўдзельнічала ў фальклорных экспедыцыях і падрыхтавала раздзел «Вясельны абрад і песні» ў зборніку «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (1995).

Член арфаграфічнай секцыі Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Навуковая дзейнасць Навуковыя інтарэсы: беларуская дыялекталогія, лінгвагеаграфія, арэальная лінгвістыка, навуковая тэрміналогія. Даследуе праблемы моўных кантактаў, моўнага ландшафту Беларусі, узаемадзеянне гаворак з балцкімі і славянскімі мовамі.

Аўтарка 59 навуковых прац. Была аўтарам і суаўтарам тэматычных дыялектаграфічных выданняў «Жывёльны свет», «Раслінны свет», «Чалавек», «Сельская гаспадарка», хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі, прысвечанай гаворкам цэнтральнай зоны. Выступала з дакладамі на міжнародных кангрэсах беларусістаў, славістаў і дыялектолагаў.

Выбраныя публікацыі

Крыніцы

Катэгорыя:мовазнаўцы Беларусі