Клёцкі з душамі або камы́ з душа́мі— традыцыйная страва беларускай кухні, клёцкі з начынкай Распаўсюджаны на захадзе Віцебскай вобласці. Страву гатуюць у Лепельскім, Докшыцкім, Ушацкім, Глыбоцкім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім, Мёрскім раёнах. Клёцкі з душамі ў 2017 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Назва стравы паходзіць ад начынкі, якую змяшчаюць усярэдзіну клёцкі і называюць «душой». Раней клёцкі былі рытуальнай стравай памінальнага стала, але з часам іх сталі гатаваць і на выходныя дні, калі за сталом збіраецца ўся сям’я.

Спачатку пад такой назвай разумелі клёцкі з кавалачкамі сала ўнутры. Мікалай Нікіфароўскі адзначаў, што клёцкі ўсіх гатункаў былі велічынёй з грэцкі арэх, каб пры закідванні ў кіпень не разварваліся. Нікіфароўскі не згадвае пра клёцкі з бульбы, значыць, напэўна, да канца ХІХ ст. на Віцебшчыне і простыя клёцкі, і клёцкі з душамі былі мучнымі. Тэарэтык кулінарыі Вільям Пахлёбкін сцвярджае, што бульбяныя, крупяныя клёцкі спачатку з’явіліся ў гарадской кухні жыхароў Заходняй Беларусі. З часам адбылася пэўная трансфармацыя стравы з узбуйненнем, пераходам на бульбу і змяненнем начынкі.

Клёцкі з душамі бытуюць як у вёсцы, так і ў горадзе. Сяляне, якія захоўваюць традыцыйны сельскагаспадарчы ўклад жыцця — важны фактар захавання мясцовых страў традыцыйнай кухні. Клёцкі гатуюць з бульбы — базавага прадукту беларускай вёскі XX — пачатку XXI ст. Для гатавання клёцак з душамі на вёсцы ўсё яшчэ могуць карыстацца традыцыйнымі прыладамі — самаробнай таркай, набітай цвіком, якой робяць масу для цеста, і чыгуном, у якім вараць клёцкі ў печы. Вядома, часцей карыстаюцца сучаснымі куханнымі прыладамі — камбайнам, мясасечкай, каструляй, газавай або электрычнай плітой.

Гатаванне Для гатавання ўжываць бульбу, муку, цыбулю, для начынкі — мяса, сала, грыбы і дамашнюю каўбасу, прыправы.

Бульбу абіраюць і таркуюць. Разам з бульбай таркуюць цыбулю. Натаракаваную масу змяшчаюць у друшляк або марлю складзеную ў некалькі разоў і адціскаюць вадкасць. Вадкасць збіраюць у міску, потым вадкасць зліваюць з аселага на дно міскі бульбянога крухмалу. Да адціснутай бульбы дадаюць сабраны крухмал, часам крыху мукі, яйка, соль і замешваюць цеста.

Цеста дзеляць на кавалкі і расплюшчваюць у аладкі, на сярэдзінку аладкі кладуць начынку, затым краі злучаюць. Клёцкі кідаюць у кіпень і вараць на ціхім агню да гатовасці, залежна ад велічыні клёцак. Падаюць гатовыя клёцкі са смятанай або падсмажваюць на патэльні на тлушчы са шкваркамі і цыбуляй.

Крыніцы

Літаратура

Мы — побач // Лепельскі край. — 24 ліпеня 2012. — С. 3. Арэал распаўсюджання клёцак з душамі

Катэгорыя:Беларуская кухня