ЛЕФ («Левы фронт мастацтваў»; ) — літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў Маскве ў 1922—1929 гадах.
Удзельнікі У ЛЕФ уваходзілі паэты У. Маякоўскі (кіраўнік), М. Асееў, В. Каменскі, С. Кірсанаў, П. Нязнамаў, Б. Пастарнак (да 1927 года) і інш.; мастакі А. Родчанка, В. Сцяпанава і інш.; крытыкі і тэарэтыкі мастацтва Б. Арватаў, В. Брык, В. Шклоўскі і інш. Блізкімі да ЛЕФа былі дзеячы кіно С. Эйзенштэйн, Д. Вертаў, Э. Шуб і інш.
Праграма ЛЕФ арыентаваўся на сацыяльна-дзейснае, «жыццебудаўнічае» мастацтва, максімальна набліжанае да рацыянальна арганізаванай духоўнай «вытворчасці» і ўрбаністычнай культуры; працягваў асобныя авангардысцкія тэндэнцыі футурызму; абсалютызаваў вытворча-пераўтваральныя (утылітарныя) і арганізацыйна-ідэалагічныя функцыі мастацтва, недаацэньваў або зусім ігнараваў яго пазнаваўчыя і духоўна-эстэтычныя аспекты; арыентаваўся на аднабакова зразумелы «сацыяльны заказ», абсалютызаваў дакументалізм (т. зв. літаратура факта), вытворчы і прапагандысцкі ўтылітарызм, не прымаў мастацкую выдумку, недаацэньваў або цалкам адмаўляў традыцыйныя віды і жанры.
Выданні ЛЕФ выдаваў аднайменны часопіс «ЛЕФ» (1923—1925, рэдактар У. Маякоўскі) і «Новый ЛЕФ» (1927—1928, рэдактар У. Маякоўскі, са жніўня 1928 — С. Траццякоў).
Уплыў на беларускую літаратуру На Беларусі ў пачатку 1920-х гадоў ідэі, блізкія да лефаўскіх, абгрунтоўвалі «Сцвярджальнікі новага мастацтва», асобныя публіцысты Пралеткульта. Пазней некаторыя ідэі ЛЕФа ў прынцыпова іншым пераасэнсаванні ўвайшлі ў праграму «Маладняка» (штучная апазіцыя «маладнякізму» творчасці старэйшых пісьменнікаў, канцэпцыя «вітаізму» — літаратуры, накіраванай на «ажыўленне» рабоча-сялянскай Беларусі і максімальнае набліжэнне літаратуры да жыцця) і «Узвышша», асабліва ў поглядзе на літаратуру як на «жыццебудаўніцтва» і «аквітызм» (ад лац. aqua vita 'вада жыцця'), што сімвалізавала пранікненне творча-мастацкага пачатку ў народнае быццё. У літаратурнай практыцы большасць маладнякоўцаў і «Узвышша» выступалі супраць футурызму і ЛЕФа, арыентаваліся на фальклор і традыцыйную музычна-песенную паэзію, а не на ўрбаністычныя матывы і дакументалізм.
Разнавіднасцю ЛЕФа на беларускай літаратурнай ніве стала «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць маладых паэтаў гэтага аб’яднання (П. Броўка, Я. Скрыган, Я. Сукала, А. Вясёлы, Ю. Лявонны, У. Прыбыткоўскі, І. Чырвань і інш.) абмежаваліся вонкавым спалучэннем паэтыкі У. Маякоўскага з традыцыйнымі матывамі беларускай паэзіі. Яго кіраўнікі (П. Шукайла, М. Бухаркін) з вульгарна-сацыялагічных пазіцый ацэньвалі творчасць С. Ясеніна, У. Маякоўскага, У. Жылкі, А. Вольнага, У. Дубоўкі, Я. Пушчы.
Літаратура
Катэгорыя:Сярэбраны век Катэгорыя:Футурызм Катэгорыя:З’явіліся ў 1922 годзе