Го́ркі — горад у Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Горацкага раёна.

Паходжанне назвы Згодна з адной з версій, у пачатку XVI стагоддзя частка жыхароў старажытнага паселішча Горы перасялілася на тэрыторыю сучасных Горак — месца, дзе перасякаліся важныя гандлёвыя шляхі: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава (на Смаленск). Спачатку гэтае новае паселішча звалася Горы Малыя, а першапачатковае — Горы Вялікія. Паступова Горы Малыя ператварыліся ў Горкі, а Горы Вялікія — у Горы.

Старажытны перыяд Паводле археалагічных даследаванняў, першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна яшчэ ў мезаліце (X–VII стст. да н.э.). Стаянкі таго часу знойдзены каля вёсак Вялікія Шарыпы і Пнеўшчына. У пачатку нашай эры тут жылі балцкія плямёны. Найбольш вядомыя гарадзішчы размешчаны ля вёсак Горы і Нікадзімава.

У другой палове I тысячагоддзя тут з’явіліся крывічы. Іх прысутнасць пацвярджаецца курганнымі могільнікамі каля вёсак Лугіны, Маслакі, Нежкава, Паршына, Светлая, Студзянец, а таксама (паводле звестак 1873 г.) — каля Анікавіч, Асіповічаў, Нівішчаў.

У X–XI стст. землі сучаснага Горацкага раёна ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. У 1136 годзе ўпершыню пісьмова згадваецца Басейская воласць, якая лакалізуецца ў вярхоўях ракі Басі. У тым жа дакуменце (грамата смаленскага князя Расціслава Мсціславіча) згадваецца воласць Мярэцічы — у межах басейна ракі Мярэі.

Вялікае княства Літоўскае

На мяжы XIII–XIV стст. тэрыторыя Горак увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1522 годзе была ўстаноўлена мяжа паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай — яна праходзіла прыкладна так, як цяпер праходзіць мяжа паміж Беларуссю і Расіяй. Замкі ў Гарах і Раманаве сталі памежнымі і мелі важнае абарончае значэнне.

У 1544 годзе ўпершыню ўпамінаюцца Горкі як сяло князя Друцкага-Горскага. У 1565 годзе княгіня Масальская з Друі згадвае Горкі ў ліставанні, што сведчыць пра важнасць мястэчка як гандлёвага цэнтра. У 1584 годзе Горкі перайшлі ва ўласнасць роду Сапегаў.

У 1590-х гадах Леў Сапега канчаткова выкупіў Горскую воласць, якая атрымала назву Горы-Горацкае графства. У 1619 годзе Ільвом Сапегам Горакам было нададзена "малое магдэбургскае права", што прадугледжвала шырокія гандлёвыя і самакіравальныя вольнасці.

У 1643 годзе ў мястэчку ўзнікла яўрэйская абшчына. У 1666 годзе інвентар Горы-Горацкага маёнтка паказвае яго падзел на два войтаўствы: Горацкае з цэнтрам у Горках (470 пляцаў, 35 валок ворыўнай зямлі) і Горскае з цэнтрам у Гарах (210 пляцаў, 33 валокі).

У 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай Горкі былі заняты маскоўскім войскам. Спачатку жыхары віталі іх як ратавальнікаў праваслаўных, аднак хутка зразумелі, што маюць справу з захопнікамі. Жыхары масава вывозіліся на ўсход, прадаваліся ў рабства, траплялі ў прыгон. У 1659 годзе адбыўся ўзброены супраціў у Вялікіх Гарах. У 1665 годзе пасля завяршэння вайны была адноўлена мяжа па стане 1522 года.

Паводле інвентара 1683 года ў Гораках налічвалася 510 дамоў, дзейнічалі прадмесці Зарэчча і Казіміраўская Слабада.

У 1676 годзе ў Горках было заснавана праваслаўнае брацтва, а пры ім адкрыта школа. У 1695 годзе князь Ежы Сапега надаў яўрэйскай абшчыне горада прывілеі на будаўніцтва сінагог і занятак гандлем.

Да гэтага часу адносяцца зафіксаваныя сведчанні літвінскай ідэнтычнасці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ».

Пасля 1704 года Горы-Горацкае графства перайшло ад Сапегаў да Людвіка Пацея, а затым да расійскага князя Аляксандра Меншыкава. У 1709 годзе падчас Паўночнай вайны ў Горках спыняўся расійскі імператар Пётр І. Існуе карта-схема "Лагер расійскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра І з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на рацэ Проні", а таксама карціна А. Ціткова "Агляд рускіх войск у Горках".

У 1709 годзе ў Горках быў заснаваны драўляны касцёл Небаўзяцця Божай Маці (знаходзіўся на тэрыяторыі цяперашняга так званага парка Кідалінскага на вуліцы Савецкай). У ім лічылася 613 парафіян.

Каля 1740 года маёнтак набыў віцебскі ваявода Ян Міхал Салагуб. Пасля ягонай смерці ў 1748 годзе ўладанне было падзелена паміж двума сынамі на дзве часткі — Горкі і Горы.

Расійская імперыя

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Горкі адышла да Расійскай імперыі. Насельніцтва замест павалочнага падатку стала плаціць падушны, а таксама земскі збор. З вёсак пачалі набіраць рэкрутаў на службу ў царскую армію.

У 1799 годзе ў Горках і наваколлі знаходзіўся расійскі паэт Гаўрыла Дзяржавін, які напісаў тут вершы "Горки", "Мельник", "Виша" і іншыя.

У канцы XVIII стагоддзя, паводле "Эканамічных заўвагаў" да планаў Магілёўскай губерні, жыхары Горак у асноўным займаліся шавецкім, кравецкім, сталярным, слясарным і гарбарным рамёствамі.

У першай палове XIX стагоддзя ў Горках дзейнічалі прадпрыемствы суконнай, парусінавай, палатнянай, гарбарнай, чыгуна-ліцейнай прамысловасці, а таксама гарэлачны і піваварны заводы, крупадзёрня, тры маслабойні і вадзяны млын. У 1809 годзе ў маёнтку заснавалі суконную мануфактуру з фарбавальняй, дзе 34 рабочыя абслугоўвалі чатыры станкі.

14 ліпеня 1812 года французскія войскі Напалеона Банапарта захапілі Горкі. У горадзе з ліпеня па лістапад размяшчаўся французскі вайсковы магазін для збору харчавання і фуражу.

У 1828 годзе за невыкананне абавязальніцтваў па забеспячэнні арміі Кутузава харчаваннем у 1812 годзе расійскі ўрад канфіскаваў Горы-Горацкі маёнтак у графа Леона Салагуба. Уладанне ўключала 15 фальваркаў, 2770 прыгонных і 1760 дзесяцін зямлі. У 1829 годзе прыгонныя музыкі з аркестра Салагуба былі пераселены ў Санкт-Пецярбург. Дзесяць скрыпачоў, віяланчэлістаў, альтыстаў і кантрабасістаў прызначылі ў Імператарскую тэатральную дырэкцыю, астатнія 19 духавікоў – у палкі лейб-гвардыі.

У 1837–1848 гадах пры праваслаўных цэрквах у Горках і ў Расне былі адкрыты вучылішчы.

Горацкі земляробчы інстытут і развіццё мястэчка ў XIX стагоддзі

15 жніўня 1840 года у Горках адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа, якая ў 1848 годзе была пераўтворана ў земляробчы інстытут. Гэта была першая ўстанова вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыі на тэрыторыі Беларусі. Інстытут дзейнічаў у 1848–1864 і 1919–1925 гг. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў студэнтаў і выкладчыкаў інстытут быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, але ў 1919 годзе яго аднавілі ў Горках.

Установа мела два разрады: ніжэйшы і вышэйшы, з трохгадовым тэрмінам навучання. У 1848 годзе ніжэйшы разрад пераўтварылі ў земляробчае вучылішча з чатырохгадовым навучаннем, а вышэйшы – у інстытут. У 1859 годзе пры ім былі адкрыты каморніцка-таксатарскія курсы.

Сярод вядомых асоб, звязаных з інстытутам, – вучоныя А.В. Саветаў, І.А. Сцебут, А.М. Бажанаў, А.П. Людагоўскі, І.М. Чарнапятаў. Ёсць меркаванне, што аўтар беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" – студэнт інстытута Канстанцін Вераніцын. У мясцовым музеі захоўваюцца фотакопіі лістоў Тараса Шаўчэнкі, дасланых у Горкі прафесару Ф.М. Каралёву.

У 1840 годзе ў Горках з’явіўся першы ў Беларусі яблыневы гадавальнік, куды саджанцы паступалі з розных рэгіёнаў Расійскай імперыі. У 1852 годзе быў выдадзены першы том "Записок Горы-горецкого земледельческого института" – першага сельскагаспадарчага навуковага перыядычнага выдання ў Расійскай імперыі.

У канцы XIX ст. дзякуючы працы прафесара батанікі Эдуарда Рэго і па праекце італьянскага архітэктара Анджэла Кампіёні ў Горках на тэрыторыі інстытута быў закладзены дэндрарый.

У 1840 годзе ў Горках адчыніліся паштовая станцыя і аптэка, у 1841 – метэастанцыя, у 1846 і 1847 гг. – народныя школы.

У 1848 годзе ў Горках нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч Азарэвіч – вядомы вучоны-юрыст.

У 1853 годзе тут прайшла сельскагаспадарчая выстава, дзе дэманстравалі гарбузы вагою да двух пудоў, кавуны, тытунь розных відаў і кітайскі рэвень.

У 1856 годзе ў горадзе жыло 3 830 чалавек, было 496 драўляных дамоў, адна мураваная хата, некалькі храмаў і яўрэйскіх малітоўных дамоў.

У 1857 годзе створаны легальны прафесарска-студэнцкі клуб, дзе абмяркоўваліся грамадскія пытанні і будучая скасаванне прыгоннага права.

Да 1860 года ў Горках з’явілася металаапрацоўчая фабрыка, а ў 1859 годзе пры інстытуце пачаў працаваць чыгуналіцейны завод.

Падзеі другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя

26 снежня 1861 года мястэчка Горкі атрымала статус павятовага горада, быў утвораны Горацкі павет, які існаваў да 1924 года. У горадзе была заснавана гарадская дума, а ў 1862 годзе сюды з Копысі перанесены павятовы суд з дваранскай апекай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, інвалідная каманда, канцылярыя маршалка дваранства і страпчага, а таксама іншыя адміністрацыйныя ўстановы. У 1862 годзе ў Горках узнікла падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У склад арганізацыі ўваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны заснавалі народную школу для сялянскіх дзяцей, дзе навучанне адбывалася на беларускай мове. 21 красавіка 1862 года каля фальварка Шыманоўка адбылася палітычная акцыя з удзелам паўсотні студэнтаў. 24 красавіка 1863 года паўстанцы пад кіраўніцтвам Людвіга Звяждоўскага на некаторы час вызвалілі горад ад расійскага царызму. Падчас паўстання ў Горках начальнікам горада быў прызначаны Станіслаў Віскоўскі. Падчас бою загінуў адзін з паўстанцаў, студэнт Войцех Дамарацкі і быў пахаваны з ушанаваннямі на тэрыторыі дэндрапарка інстытута. Ягоная магіла з памятнай плітой захоўваецца да нашага часу. Пасля здушэння паўстання горацкія студэнты і выкладчыкі, якія у ім удзельнічалі, былі рэпрэсаваныя, а інстытут улады перанеслі ў Санкт-Пецярбург.

15 лістапада 1865 года выйшла прадпісанне царскіх улад за № 3032 аб закрыцці касцёла ў Горках, а таксама яшчэ 18 касцёлаў Магілёўскай губерні. На месцы зачыненага ў Горках касцёла быў пастаўлены драўляны крыж, які прастаяў да пачатку ХХ ст.

У 1867 годзе ўрадам Расійскай імперыі зацверджаны герб горада: у залатым полі — тры чорныя горкі, з якіх вырастае па адным зялёным коласе.

У 1868 годзе ў горадзе пражывала 4908 чалавек. У горадзе дзейнічалі прадстаўнікі шматлікіх рамёстваў: хлебапёкі, краўцы, кавалі, сталяры, шорнікі, цырульнікі, музыкі і інш.

У 1881 годзе былі пабудаваныя два масты праз рэкі Парасіцу і Проню, адкрыта тэлеграфная станцыя. Да канца 1880-х у горадзе дзейнічала некалькі паўкустарных прадпрыемстваў: у 1888 годзе — 7, у 1900 годзе — 29, у 1904 годзе — 34.

У 1900 годзе ў майстэрні пры аптэцы Падзерскага быў створаны крэм "Метамарфоза", які, паводле сцвярджэнняў, дапамагаў ад вяснушак. На сусветнай выставе ў Парыжы ўладальнік аптэкі атрымаў за яго залаты медаль.

У пачатку XX стагоддзя ў Горках узнік рух працоўных. У 1902 годзе была створана першая сацыял-дэмакратычная група, у 1903–1904 гадах — арганізацыі сацыял-дэмакратаў і Бунда. 22 чэрвеня 1903 года прайшла першая палітычная дэманстрацыя. 16 студзеня 1905 года падчас дэманстрацыі былі забіты навучэнец рамеснага вучылішча Фама Ерафееў і навучэнец земляробчага вучылішча Пётр Бруцэр.

У пачатку XX стагоддзя ў горадзе было 10 гасцініц, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў і харчэўняў, а вуліцы асвятлялі 45 ліхтароў.

У гэты ж перыяд у Горках нарадзіліся некалькі знакавых асоб:

19 лютага 1904 года — Іцхак (Ісаак) Каганаў, яўрэйскі паэт і мысляр, аўтар кнігі "Торат ха-Таміру", арыштаваны ў 1949 годзе, правёў 6 гадоў у лагерах. 1 красавіка 1908 года — Леў Разгон, пісьменнік і праваабаронца, адзін з заснавальнікаў таварыства "Мемарыял". 12 ліпеня 1916 года — Лаўрэнцій Абецэбарскі, гісторык, доктар навук, прафесар.

XX стагоддзе

У 1917 годзе ў Горках узнікла Секцыя вучняў сельскагаспадарчых школ, якая займалася папулярызацыяй беларускай мовы і культуры.

У лістападзе 1917 года ў Горках пачала выходзіць газета "Горацкі веснік", якая выдавалася да 1918 года.