Бібліятэ́ка (з грэчаскай мовы: βιβλιοθηκη, biblion — кніга, theke — сховішча) — падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя электронныя, друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачом. Галіна ведаў пра формы і метады арганізацыі бібліятэчнай справы называецца бібліятэказнаўствам.
Бібліятэка з’яўляецца інтэгратыўным сацыяльным інстытутам, які ажыццяўляе збор, захаванне і распаўсюджванне сацыяльна значных дакументаў з мэтай задавальнення інфармацыйных патрабаванняў карыстальнікаў.
У апошнія гады бібліятэкі набываюць усё большае значэнне не толькі як месца захавання папяровых кніг, але як цэнтр доступу да інфармацыі з шматлікіх крыніц і носьбітаў: карты, мікрафільмы, аўдыякасеты, відэакасеты, DVD-дыскі, базы даных і іншая інфармацыя на CD-ROM, выхад да інтэрнэту.
Тыпалогія Паводле сацыяльнага прызначэння бібліятэкі падзяляюцца на: агульныя (нацыянальныя, рэгіянальныя (абласныя), публічныя) спецыяльныя (вытворчыя, навуковыя, вучэбныя і бібліятэкі органаў кіравання) асабістыя
У залежнасці ад заснавальнікаў: грамадскія (дзяржаўныя і недзяржаўныя) прыватныя (персанальныя, сямейныя і родавыя)
У адпаведнасці з юрыдычным статусам: самастойныя несамастойныя (структурныя падраздзяленні іншых устаноў)
У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам: рэспубліканскія абласныя раённыя гарадскія гарадска-пасялковыя сельскія
Па складу фондаў адрозніваюць універсальныя і галіновыя бібліятэкі.
Гісторыя
Бібліятэкі ўзніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Спачатку ў іх збіралі гліняныя і каменныя табліцы (Асірыя, Вавілон), потым — папірусныя скруткі (Егіпет), пергаментныя, а пазней папяровы рукапісныя кнігі. Першыя звесткі пра бібліятэкі адносяцца да 3 тысячагоддзя да н.э. Бібліятэкі ўжо існавалі ва ўсіх цывілізацыях старажытнасці. У сярэдзіне 7 ст. да н.э. пры палацы асірыйскага цара Ашурбаніпала ў Ніневіі меўся вялікі збор гліняных табліц. Бібліятэкі існавалі ў Старажытным Егіпце і Кітаі. У Старажытнай Грэцыі першая буйная бібліятэка з’явілася пры Арыстоцелі (4 ст. да н.э.). Найбольш вядомыя бібліятэкі Антычнасці былі Александрыйская (заснавана Пталамеем, налічвала ў 1 ст. н.э. да 700 тыс. кніг-скруткаў) і бібліятэкі ў Пергаме (заснавана ў 3 ст. да н.э., налічвала каля 200 тыс. рукапісных кніг). Вялікія бібліятэкі збіралі візантыйскія імператары ў Канстанцінопалі. Бібліятэкі шырока распаўсюдзіліся ў краінах мусульманскага Усходу. У Сярэднявеччы бібліятэкі існавалі пры буйных храмах і манастырах, а таксама пры дварах знаці.
У 16-18 ст. колькасць бібліятэк павялічылася, чаму спрыяла распаўсюджванне кнігадрукавання, актывізацыя навуковай дзейнасці. У 19 ст. узніклі спецыялізаваныя бібліятэкі — ваенныя, тэхнічныя, медыцынскія і іншыя. Масавая арганізацыя бібліятэк, асабліва публічных, пачалася з 2-й паловы 19 ст., што вылілася ў з’яўленне развітых сетак публічных бібліятэк. Сёння найбуйнейшымі бібліятэкі свету з’яўляюцца бібліятэкі Кангрэса ЗША, Брытанская бібліятэка, Нацыянальная бібліятэка Кітая, Расійская дзяржаўная бібліятэка, Французская нацыянальная бібліятэка, Каралеўская бібліятэка Швецыі і іншыя.
Бібліяграфія
Матульскі Р. С. Сацыяльныя функцыі бібліятэк. Мн., 1993. Мотульский Р. С. Библиотека как социальный институт. Мн., 2002. Матульскі Р. С. Бібліятэка // Культура Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 2010. Т.1. С.681―684. Суша А.А, Языкович К. В. Библиотеки // Республика Беларусь: энциклопедия. Мн., 2005. Т.1. С.889―894. Всемирная история библиотек. СПб, 2002. Libraries as agencies of culture. Madison, 2001. Encyclopedia of Library and Information Science: 2-nd ed. / ed. by M.A.Kent. T.1-4. New York, Basel, 2003
Спасылкі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі Кнігоўня Электронная бібліятэка «Беларуская палічка» Электронная калекцыя слоўнікаў і энцыклапедый Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат»