Дэкараты́ўнае мастацтва — адна з асноўных галін пластычных мастацтваў (нароўні з архітэктурай і выяўленчым мастацтвам). У той жа час дэкаратыўнае мастацтва з’яўляецца асаблівым родам мастацкай творчасці, які адрозніваецца па сваіх мэтах ад станковага і манументальнага мастацтва.

Дэкаратыўнае мастацтва разам з архітэктурай фарміруе навакольнае матэрыяльнае асяроддзе чалавека, надаючы яму эстэтычнае і вобразнае вымярэнне. Яно ахоплівае шырокае кола мастацкіх прадметаў, выяў і сімвалаў, што ўносяць мастацкую арганізацыю ў розныя сферы жыцця.

У структуры дэкаратыўнага мастацтва вылучаюцца: Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, якое цесна звязанае з архітэктурай — архітэктурны дэкор, роспіс сцен, дэкаратыўны рэльеф, статуі, вітражы і мазаікі на фасадах і ў інтэр’ерах, паркавая скульптура, фантаны і інш.; Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — бытавыя мастацкія вырабы; Афармленчае мастацтва — мастацкае афармленне свят, экспазіцый на выставах, у музеях, вітрынах і інш.

Мастацкія якасці твораў дэкаратыўнага мастацтва найбольш поўна раскрываюцца пры іх успрыманні ў ансамблі, для якога яны першапачаткова прызначаныя.

Дэкаратыўнае мастацтва ў значнай ступені звязана з мастацкай прамысловасцю і мае шмат агульнага з дызайнам, аднак адрозніваецца ад яго сваёй методыкай, якая грунтуецца на традыцыйных устаноўках, індывідуальнасці майстра і ўнікальнасці яго твораў.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Дэкаратыўнае мастацтва