Юрый Аляксандравіч Нагорны (, Мондзіна, Навагрудскі раён, БССР — , Селішча, Аршанскі раён, Беларусь) — настаўнік, грамадскі дзеяч, абаронца беларускай мовы і культуры.
Біяграфія Юрый Аляксандравіч Нагорны нарадзіўся ў 1949 годзе на хутары Мондзіна Навагрудскага раёна. У школьныя гады цікавіўся літаратурай — свой першы верш па-беларуску напісаў у пятым класе. Скончыў школу са срэбным медалём.
Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ на курсе разам з Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц, Анатолем Бутэвічам, Віктарам Ярцам, Таццянай Шамякінай, Яўгенам Хвалеем.
БДУ скончыў у 1971. Працаваў настаўнікам, потым дырэктарам гімназіі і школы ў Барані.
З 1985 па 1995 займаў пасаду старшыні Баранскага гарадскога выканаўчага камітэта, на пасяджэннях выступаў па-беларуску.
Паспрыяў дэсаветызацыі мясцовых тапонімаў. Напрыклад, у Барані з’явілася вуліца Радзівілаўская, а прадпрыемства «Чырвоны кастрычнік» было пераназвана ў «Лёс».
Грамадская дзейнасць У 1968 Нагорны быў адным з падпісантаў калектыўнага ліста студэнтаў філфака БДУ ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Подпісы пад лістом паставіла большасць студэнтаў факультэта. У лісце патрабавалася перавесці выкладанне на беларускім аддзяленні філфака на беларускую мову. Ініцыятарамі ліста былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Лявон Барташ. Ліст выклікаў вялікую незадаволенасць партыйнага начальства, ягоных ініцыятараў бэсцілі на партыйных і камсамольскіх сходах. Падпісанты, у тым ліку Юрый Нагорны, сутыкнуліся з абвінавачаннямі ў нацыяналізме і пагрозамі адлічэння, але не адмовіліся ад сваіх поглядаў.
У часы незалежнай Беларусі Юрый Нагорны некалькі разоў узначальваў Аршанскую кааліцыю дэмакратычных арганізацый, а таксама мясцовае аддзяленне Таварыства беларускай мовы. Дапамог у вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна аднавіць мемарыяльны крыж і камень на месцы бою аршанскіх паўстанцаў на чале з Ігнатам Будзіловічам падчас паўстання 1863—1864.
Нагорны быў адным з арганізатараў Вандроўнага фэсту, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча, а таксама ініцыятарам літаратурнага конкурсу, прысвечанага ўраджэнцу Барані байкапісцу Уладзіміру Корбану, быў заснавальнікам літаратурна-этнаграфічнага музея ў школе № 15 горада Барані.
Асабістае жыццё Юрый Нагорны пражыў у Барані амаль 50 гадоў разам з жонкай Тамарай Іванаўнай. Яны выгадавалі двух сыноў. Тамара Іванаўна займалася музейнай справай, стварыла два музеі і марыла пра трэці, прысвечаны свайму роду. Пасля ейнай смерці ў 2017 Нагорны ўвасобіў ейную задуму — заснаваў у вёсцы Селішча Аршанскага раёна музей «Тамарына сядзіба», які быў адкрыты ў 2018.
Апошнія гады жыцця Юрый Нагорны жыў у Селішчы, дзе і памёр 17 ліпеня 2020. Быў пахаваны побач з жонкай на мясцовых могілках.
Крыніцы
Катэгорыя:Педагогі Катэгорыя:Члены Таварыства беларускай мовы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне