Міхаіл Галянкевіч (1852?, Бельскі павет, Гродзенская губерня — , Вільня) — беларускі праваслаўны святар, протаіерэй Літоўскай епархіі, педагог, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, адзін з актыўных удзельнікаў беларускага хрысціянскага руху пачатку ХХ стагоддзя.
Біяграфія Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўных беларусаў. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. У другой палове XIX ст. быў ключарам Віленскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора.
У 1884–1906 гадах працаваў у складзе Літоўскага епархіяльнага «попечительства о бедных духовного звания».
З 1910 года — протаіерэй Літоўскай епархіі, сябра духоўнай кансісторыі. У гады Першай сусветнай вайны, пасля адступлення расійскіх войск з Вільні, свядома застаўся пры сваім прыходзе.
З 1914 года — актыўны ўдзельнік беларускага грамадска-культурнага і рэлігійнага жыцця. Разам з архімандрытам Саваціем прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Аказваў дапамогу ў стварэнні першых беларускамоўных школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дзе выкладаў Закон Божы.
У часы нямецкай акупацыі Вільні звярнуўся да вайсковых уладаў з просьбай перадаць частку маёмасці Віленскай праваслаўнай епархіі для патрэбаў беларускага школьніцтва.
Адзін з заснавальнікаў і сябра Беларускага навуковага таварыства ў Вільні (1917–1924). Удзельнічаў у арганізацыі Беларускай канферэнцыі ў Вільні ў 1918 годзе, дзе быў абраны ў склад Віленскай беларускай рады разам з каталіцкім святаром Уладзіславам Талочкам.
У лютым 1918 года звярнуўся да ўдзельнікаў з'езда святароў былой Віленскай епархіі ў Дзісне з заклікам праваслаўнаму духавенству «адмовіцца ад русіфікацыйных функцыяў і стаць актыўнымі ўдзельнікамі беларускай культурна-нацыянальнай працы».
Памёр 10 лістапада 1924 года ў Вільні. Пахаваны на Ліпаўскіх (Спаса-Ефрасінеўскіх) могілках.
Узнагароды За заслугі «па духоўным ведамстве» адзначаны ўказам імператара Мікалая II ордэнам св. Уладзіміра VI ступені (06.05.1908).
Літаратура БДАЛіМ, ф. 3, воп. 1, спр. 134, 140 Архівы БНР Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1883. № 11 Сялянская праўда (Вільня). 1924. № 17
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1852 годзе Катэгорыя:Праваслаўныя святары Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Праваслаўе ў Літве Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны Катэгорыя:Праваслаўе ў Беларусі Катэгорыя:Пахаваныя на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках Катэгорыя:Памерлі ў 1924 годзе