«Маладая Беларусь» — беларуская грамадска-палітычная арганізацыя ў 1917—1919 гг.

Створана ў маі 1917 года ў Яраслаўлі пры Мінскім настаўніцкім інстытуце на базе вучнёўскай арганізацыі эсэраўскага кірунку «Наш край». Кіраўнік — У. М. Ігнатоўскі.

У яе ўваходзілі А. Анташэўскі, С. Булат, В. С. Гарбацэвіч, В. Камлюк, Я. Каранеўскі, М. Мароз, І. Поляк, А. Сташэўскі, В. Сташэўскі, М. Чарот, П. Шчарбінскі і іншыя.

У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады. У чэрвені 1917 года Ігнатоўскі завочна абраны ў склад яе ЦК.

У 1917—1918 гадах падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культурна-асветніцкую працу сярод беларускіх бежанцаў: арганізоўвала беларускія вечарыны, тэматычныя лекцыі, распаўсюджвала беларускую перыёдыку.

Пасля вяртання інстытута ў Мінск у лістападзе 1918 года, як аўтаномная адзінка, увайшла ў склад партыі беларускіх эсэраў (БПС-Р), а яе кіраўнік Ігнатоўскі — у склад яе ЦК.

Восенню 1919 года выступіла за ўзброеную барацьбу супраць польскіх акупантаў, за стварэнне антыпольскага фронту ў саюзе з бальшавікамі.

У снежні 1919 года большасць радыкальна настроеных членаў «Маладой Беларусі» выйшла з БПС-Р і ў студзені 1920 года стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:1917 год у Яраслаўлі Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Палітычныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Яраслаўля Катэгорыя:Гісторыя Мінска