Хаім Градэ (ідыш חײם גראַדע; ) — адзін з самых значных яўрэйскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Перакладчык, журналіст. Пісаў на ідышы.

Біяграфія Градэ вёў свой радавод ад напалеонаўскага афіцэра, які быў паранены падчас вайны 1812 года і ўратаваны віленскай яўрэйскай сям’ёй. Ён ажаніўся з адной з выратавальніц і застаўся ў Вільні, прыняўшы юдаізм.

Бацька Хаіма, Шлоймэ-Мордхе Градэ, быў рабінам і настаўнікам іўрыта, маці Вэла — дачкой рабіна Рафаэла Блюменталя. Бацька памёр, калі будучы пісьменнік быў яшчэ малы. Сям’я жыла бедна, нейкі час Хаім гадаваўся ў дзіцячым прытулку і інтэрнаце для дзяцей рабочых, мусіў працаваць памочнікам каваля. Маці займалася вулічным гандлем, змагалася за кожны грош, каб сын атрымаў адукацыю. Градэ вучыўся ў некалькіх ешывах (у Вільні, Бельску, Алькеніках і Беластоку), разам з паслядоўнікамі навагрудскай плыні артадаксальнага містычнага руху Мусар. У 22-гадовым веку ён пакідае рэлігійнае навучанне, каб стаць пісьменнікам.Я выказаў стаўленне да мусарызму ў маіх кнігах, але, сказаўшы каротка, проста і сцісла: прыхільнікі мусарызму вераць, што чалавек нараджаецца злым, але няспыннае самаўдасканаленне можа зрабіць яго добрым. Але я ўсвядоміў яшчэ ў маладосці, што чалавек, ці ён народзіцца добрым, ці злым, не можа змяніць сябе. Гэтае ўсведамленне не толькі змусіла мяне перастаць быць мусарнікам, але і цалкам пазбавіла рэлігійнага светабачання, што чалавек мае вольны выбар паміж дабром і злом. Хоць, з іншага боку, этычны імпульс ува мне заўжды быў такі ж моцны, як і эратычны імпульс, і як мой жыццёвы інстынкт у цэлым. У 1932 годзе Градэ апублікаваў першыя вершы ў віленскай газеце «Вільнер тог», скора ён робіцца адным з лідараў яўрэйскай авангардысцкай літаратурна мастацкай суполкі Юнг Вільне.

Яго першы паэтычны зборнік меў назву «Yo» («Так», 1936): у ім былі вершы пра духоўную барацьбу і разбурэнне яўрэйскага жыцця, а таксама прадчуванне Халакосту. Многія з тых вершаў пазней цытавалі вязні Віленскага гета і Аўшвіца."Група «Юнг Вільне» была не падобная да ўсіх іншых літаратурных груповак у літаратуры на ідышы да таго часу, — пісаў Мейлех Равіч. — Яна была натуральным нашчадкам ідышызму ў цэлым і віленскага ідышызму ў прыватнасці. Яна была свецкай, але глыбока ўкаранёнай у яўрэйскую традыцыю і фундаментальныя яўрэйскія веды. У гэтым сэнсе Хаім Градэ быў найважнейшым членам гэтай групы. Яго мова — багатая і гнуткая — была цалкам кніжная і занураная ва ўсе крыніцы класічнай яўрэйскай літаратуры. Нават яго самыя раннія вершы ўражвалі сталасцю формы і зместу. Ён пісаў цалкам класічным, рыфмаваным памерам — гэтак жа натуральна ўключаным у логіку твора, як і памеры новыя. Яго першая кніга, «Так», з аптымістычнай назвай і цалкам песімістычным зместам, паказала, што мы маем справу з паэтам значных здольнасцей. А баладна-апавядальны стыль янр першых вершаў сведчыў, што Градэ мае задаткі празаіка. У яго першых вершах таксама былі прыкметы новых, часта сацыяльных, а таксама ўніверсальных матываў".Свае духоўныя шуканні паміж рэлігійным містыцызмам і свецкім жыццём Градэ адлюстраваў у паэме «Мусернікес» (1939).Выхаванцы Навагрудскай ешывы (навардэкеры, як яны называліся), былі самыя артадаксальныя сярод мусарнікаў. Іх аскетычнае самаадмаўленне ад усіх прыемнасцяў свету, іх занядбаная вопратка, іх дзікія паводзіны, што выклікалі здзіўленне і правакавалі пагарду да іх з боку нерэлігійнай супольнасці і прыгожых жанчын, каб свецкія яўрэі не хацелі быць у кампаніі мусарнікаў; іх уцёкі ад любой спакусы; іх усяночнае вывучэнне мусарніцкіх кніг і іх пастаянныя праверкі ўласнай псіхікі — накшталт: “Калі я вывучаю Тору, ці няма ў гэтым нейкай маёй асабістай зацікаўленасці? Ці не хачу я добра ажаніцца, стаць рабінам? Ці не дапамагаю я сябру толькі дзеля таго, каб людзі хвалілі мяне?” Яны шукалі дрэнныя матывы і ў сваіх, і ў чужых учынках, у адрозненне ад хасідызму, які шукаў святую іскру нават у грэшніках, падонках. Іх манатонная маркотная мусарная мелодыя, перарываная перыядамі самакорпання; (…) іх звычка бачыць усё ў змрочных фарбах; іх схільнасць да пакут у імя Бога — насуперак хасідызму, з яго прынцыпам служыць Богу з радасцю; іх пастаяннае самадаточванне і самапаляпшэнне; іх увесьчасная крытыка сябе і адчувальнасць да крытыкі іншых мусарнікаў — усё гэта псіхалагічна скалечыла многіх навардэкераў .Пасля нацысцкага ўварвання ў 1941 годзе паэт выехаў на ўсход, у Расію. Пасля вайны, вярнуўшыся ў Вільню, ён высветліў, што яго жонка Фрумэ-Лібэ, дачка рабіна з Глыбокага. і маці загінулі, а культура, часткай якой ён быў, разбураная.Ваенныя гады ў Расіі былі сярод самых прадуктыўных у маім жыцці. Я пакінуў Вільню ў чэрвені 1941 года, калі германскія войскі ўвайшлі ў горад. Перапоўнены гэтым досведам і сцэнамі вайны на ўсім шляху, згубіўшы сям’ю, якая засталася пад немцамі ў небяспецы, я пачаў пісаць, як толькі асеў у калгасе пад Саратавам, дзе працаваў пару месяцаў. І я працягваў падчас маіх пакутлівых падарожжаў па Цэнтральнай Азіі ў 1941—1943 гадах. Я быў у Ташкенце, Ашхабадзе і Сталінабадзе. Гэта тры сталіцы трох савецкіх рэспублік на мяжы Ірана і Аўганістана, каля ўзножжа Паміру і непадалёк ад пустыні Каракумы. Абадраны, галодны і босы, тым не менш, у стане духоўнай напружанасці, я, не спыняючыся, пісаў кароткія лірычныя вершы і даўжэйшыя апавядальныя паэмы. Я працягваў гэта рабіць і ў Маскве, дзе я быў у істотна лепшых абставінах. Я спыніў пісанне, толькі вярнуўшыся на руіны маёй роднай Вільні ў канцы 1945 года. Мяе нібыта паралізавала. Аднак падчас маіх далейшых вандровак, у Польшчы, у Францыі, я зноў пачаў пісаць.У 1946 годзе Градэ пераехаў у Польшчу, працаваў у літаратурным часопісе"Jidisze Szriftn". У 1947 годзе выехаў у Парыж, дзе ачоліў Парыжскую яўрэйскую літаратурную асацыяцыю, якая многа зрабіла для пасляваеннага ажыўлення яўрэйскага жыцця ў Францыі. У 1948 годзе Градэ пераехаў у ЗША са сваёй другой жонкай і да смерці ў 1982 годзе жыў у паўночным Бронксе (Нью-Ёрк).

Пахаваны на могілках Рыверсайд, Садл-брук, Нью-Джэрсі.

Творчасць Большасць пасляваенных твораў Градэ связаныя з асэнсаваннем культуры і традыцый юдаізму.Пісьменнікі, якія пісалі на ідышы пасля 1945 года, глыбока ведалі сваё «грамадства знутры» і «лёгка разумелі яго манеры і каштоўнасці», што яны з вялікім поспехам выкарыстоўвалі ў рэалістычных раманах пра гарадскія і местачковыя асяроддзі (штэтлы) у яўрэйскай Усходняй Еўропе.

(...) У рамане Градэ «Der brunem» (1958) апісаны канфлікт паміж Мураўёвым і Мендэ-брамнікам. Мураўёў, названы ў гонар расійскага губернатара Віленскай губерні Мураўёва які падчас паўстання 1863 года «павесіў і пахаваў... [польскіх] дзядоў», — самы страшны і заможны жабрак на двары сінагогі. (...) Апрануты як расійскі салдат, сляпы ад трахомы, «ён злосна хапаў ахвяраванні, лаяўся, з пенай каля рота, і нават калі не прасіў міласціну, роў і крычаў, быццам адганяў сабак кійком». (...)

Мастацкі погляд Градэ пранікае ў светапогляд дробных крамнікаў і рэзнікаў, якія, нягледзячы на ​​нежаданне даваць міласціну жабракам, тым не менш адчуваюць абавязак наталіць голад бясконцай колькасці бедных у Вільні. Апісанне таго, як гэтая рэлігійная каштоўнасць фарміруе паводзіны і светапогляд яўрэяў у двары сінагогі, робіць раман важным культурна-гістарычным дакументам.«Mayn krig mit Hersh Rasseyner» («Мая спрэчка з Гершам Расейнерам», 1950) — гэта філасофскі дыялог паміж свецкім яўрэем, які глыбока ўзрушаны Халакостам, і яго набожным сябрам з Польшчы.

Раман Градэ «Di agune» («Бязмужняя») апавядае пра яўрэйку, муж якой прапаў без вестак падчас ваеннага тэрору, і якой, згодна з артадаксальнымі яўрэйскімі законамі, нельга выходзіць замуж, бо гэта будзе лічыцца пазашлюбнай сувяззю.

У двухтомніку «Tsemakh Atlas» («Атлас Цэмаха», 1967-68) Градэ апісвае яўрэйскае жыццё, рэгламентаванае Торай. Ва ўспамінах «Der mame’s Shabosim» («Шабаты маёй маці»), дае ўнікальную карціну жыцця перадваеннай Вільні, апісвае бежанскі побыт у СССР і вяртанне ў Вільню пасля вайны.Я заўжды меў адчуванне, што выжыў, каб апісаць наш зруйнаваны яўрэйскі свет Усходняй Еўропы. Мае чытачы адчуваюць гэта. Яны часта кажуць што мае апавяданні і раманы ўвекавечваюць — я хацеў бы, каб было так — наш знішчаны свет, асабліва Літву і віленскае яўрэйства. (…) Я намагаюся апісваць цямнейшыя і паўсядзённыя аспекты, не толькі яскравыя і святыя бакі жыцця яўрэяў у нашых гарадах і мястэчках. Выдаў кнігі:

1936: יאָ Jo («Так»); 1939: מוסרניקעס («Мусернікес»); 1945: דורות Dojres («Пакаленні»); 1947: אויף די חורבֿות Ojf di churwes («На руінах»); 1947: פֿאַרוואַקסענע וועגן Farwaksene wegn («Зарослыя дарогі»); 1949: דער מאַמעס צוואה Der mames cawoe («Мамін запавет»); 1950: שײַן פֿון פֿאַרלאָשענע שטערן Szajn fun farloszene sztern («Святло згаслых зорак»); 1950: מײַן קריג מיט הערש ראַסיינער Majn krig mit Hersz Rasejner («Мая спрэчка з Гершам Расейнерам»); 1955: דער מאַמעס שבתים Der mames szabosim («Шабаты маёй маці»); 1958: דער שולהויף Der szulhojf («Двор сінагогі»); 1958 Der brunem ("Студня"); 1961: די עגונה Di agune («Бязмужняя»), раман; 1967—1968: צמח אַטלאַס Cemach Atlas («Атлас Цэмаха»), раман у 2 тамах; 1974: די קלויז און די גאַס Di klojz un di gas ("Малельня і вуліца). 1976: Der sztumer minjen («Маўклівы міньян»).

Зноскі

Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Яўрэйскія пісьменнікі